КАРПЕ́НКА-КА́РЫ (сапр. Табілевіч Іван Карпавіч; 29.9.1845, с. Вясёлаўка Кіраваградскай вобл., Украіна — 15.9.1907),

украінскі драматург, тэатр. дзеяч; адзін з заснавальнікаў рэаліст. нац. тэатра. Брат П.К.Саксаганскага. З 1865 акцёр-аматар, з 1883 у трупах М.​Старыцкага, М.​Крапіўніцкага, М.​Садоўскага. Друкаваўся з 1876. Аўтар п’ес (каля 20), у якіх з рэв.-дэмакр. пазіцый паказаў класавае расслаенне на вёсцы, цяжкае жыццё сялян, у т. л. драм «Бурлака» (1883), «Наймічка» (1885), «Абяздоленая» (1886), сатыр. камедый «Разумны і дурань», «Мартын Баруля» (абедзве 1886), «Сто тысяч» (1890), «Гаспадар» (1900), гіст. трагедыі «Сава Чалы» (1899) і інш. Выступаў як тэатр. крытык, перакладчык і публіцыст. Яго п’есы папулярныя на Беларусі з пач. 20 ст. У 1909 сяляне в. Кленікі Гродзенскай губ. ставілі яго камедыю «Разумны і дурань». Творы К.-К. найб. папулярызаваў У.​М.​Крыловіч.

Тв.:

Твори. Т. 1—3. Київ, 1985;

Рус. пер. — Пьесы. М., 1958.

Літ.:

Цибаньова О.С. Літопис життя і творчості І.​Карпенка-Карого. Київ, 1967;

Ахрыменка П. Летапіс братэрства. Мн., 1973. С. 98—119, 278—299.

В.​А.​Чабаненка.

т. 8, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)