ПОЛІЭМБРЫЯНІ́Я (ад полі... + эмбрыён),

у раслін — утварэнне некалькіх зародкаў у адным семені; у жывёл — развіццё некалькіх зародкаў (блізнят) з адной зіготы. Аднаяйцавыя блізняты заўсёды аднаго полу. Адрозніваюць П. спецыфічную (уласцівую пэўнаму віду) і спарадычную (выпадковую). Спецыфічная П. ўласціва некат. імшанкам, паразітычным перапончатакрылым насякомым, з млекакормячых — браняносцам. Напр., у некат. наезнікаў з адной зіготы ўтвараецца да 3 тыс. лічынак; у браняносца з адной яйцаклеткі развіваецца да 9 зародкаў, кожны ў асобным амніёне, якія размешчаны ў агульным харыёне. Спарадычная П. трапляецца ва ўсіх жывёл, асабліва ў гідроідных паліпаў, дажджавых чарвей. У эксперыменце П. атрымана ў многіх відаў жывёл. У чалавека ў выніку спарадычнай П. нараджаецца некалькі генетычна аднародных блізнят аднаго полу.

т. 12, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАВЫХАВА́ННЕ,

свядомая, мэтанакіраваная дзейнасць чалавека на ўдасканальванне сваіх станоўчых якасцей і пераадоленне адмоўных. Элементы С. прысутнічаюць у дзяцей дашкольнага ўзросту. Патрэбнасць у самапазнанні, самааналізе і самаацэнцы пачынае праяўляцца ў падлеткавым узросце. Аднак, не маючы дастатковага сац. вопыту і псіхал. падрыхтоўкі, падлеткі не заўсёды здольныя зразумець матывы ўласных учынкаў і здзейсніць С. без дапамогі дарослых. Таму ім патрэбна тактоўнае пед. кіраўніцтва. У юнацкім узросце, калі асобныя якасці чалавека ў значнай ступені сфарміраваліся, С. становіцца больш мэтанакіраваным і ўсвядомленым. У працэсе выпрацоўкі светапогляду, прафес. самавызначэння больш яскрава выяўляецца і патрэба ў С. інтэлектуальных, маральных і фіз. якасцей асобы ў адпаведнасці з ідэаламі і каштоўнасцямі, якія ўласцівы пэўнаму грамадству, навакольнаму асяроддзю, групе. Узровень С. — вынік выхавання асобы.

т. 14, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАІ́СТА-КУЧАВЫ́Я ВО́БЛАКІ [міжнар. назва Stratocumulus (Sc)],

воблакі ў выглядзе шэрых або белых (ці адначасова абодвух адценняў) слаёў і град, амаль заўсёды з больш цёмнымі часцінкамі, якія складаюцца з буйных акруглых або валападобных элементаў. Вертык. магутнасць невялікая, размешчаны на выш. да 2 км. Складзены з дробных кропель (пры адмоўных т-рах пераахалоджаных), зрэдку трапляюцца буйныя кроплі дажджу і ядры крупы, сняжынкі і снежныя камякі. Узнікаюць пры хвалевых рухах паветра, асабліва ў слаях інверсій і над падветранымі схіламі ўзвышшаў, пры турбулентным абмене, пры трансфармацыі воблакаў інш. тыпаў, асабліва кучавых і кучава-дажджавых. Часта трапляюцца адначасова з кучавымі воблакамі. Ападкі з большасці гэтых воблакаў не выпадаюць Гл. таксама Воблакі, Воблачнасць.

Слаіста-кучавыя воблакі.

т. 14, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЭ́ЛЦІ (Welty) Юдора (13.4.1909, г. Джэксан, штат Місісіпі, ЗША — 23.7.2001),

амерыканская пісьменніца. Скончыла Жаночы ун-т штата Місісіпі, у 1929 атрымала ступень бакалаўра. Друкавалася з 1936. Вядомасць прынёс зб. навел «Зялёная заслона» (1941), у якім жыццё жыхароў поўдня апісана з іроніяй, падчас з насмешкай, але заўсёды з выразнай сімпатыяй. У рамане «Заручыны ў Дэльце» (1946) праз успрыманне 9-гадовай дзяўчынкі паказаны калект. партрэт сямейнага клана жыхароў поўдня, у рамане «Нерашучае сэрца» (1954) будні правінцыяльнага гарадка. Аўтар раманаў «Прайграныя бітвы» (1970), «Дачка аптыміста» (1972), аповесці «Жаніх-разбойнік» (1942), зб-каў навел «Залатыя яблыкі» (1949), «Нявеста з Інісфалена» (1955), аўтабіяграфіі «Вытокі аднаго пісьменніцкага жыцця» (1984) і інш.

А.​В.​Спрынчан.

т. 16, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭФЕНДЫ́ЕЎ Ільяс Магамед аглы (25.6.1914, г. Фізулі, Азербайджан — 3.10.1996),

азербайджанскі пісьменнік. Засл. дз. маст. Азербайджана (1960). Нар. пісьменнік Азербайджана (1979). Скончыў Бакінскі пед. ін-т (1938). Аўтар зб-каў аповесцей і апавяд. «Лісты з вёскі» (1939), «Ясныя ночы» (1945), раманаў «Вербы над арыкам» (1958), «Кізілавы мост» (1960), «Тры сябры за гарамі» (1964), п’ес «Светлыя шляхі» (1947), «Песня засталася ў гарах» (1971), псіхал. драм пра праблемы тагачаснай рэчаіснасці «Ты заўсёды са мной» (1965), «Мая віна» (1969), «Вынішчаныя дзённікі» (1970), нарысаў, літ.-крытычных артыкулаў. Дзярж. прэмія Азербайджана 1972. На бел. мову яго асобныя творы пераклалі У.​Анісковіч, М.​Ракітны, Т.​Шамякіна.

Тв.:

Рус. пер. — Ивы над арыком. М., 1967;

Любовь за семью горами. М., 1973.

т. 18, кн. 1, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ю́РЫСАН (Jürisson; сапр. Соанс; Soans) Хельві Мікалаеўна

(н. 5.10.1928, Талін),

эстонская паэтэса, перакладчыца. Скончыла Тартускі ун-т (1953). Друкуецца з 1956. Аўтар кніг вершаў «У гарах нараджаюцца воблакі» (1961), «Дрэва на гарызонце» (1966), «Чалавечаму голасу» (1976), «У цені міравога дрэва» (1983), твораў для дзяцей. На эст. мову пераклала паэмы П.​Броўкі «Заўсёды з Леніным» і «Голас сэрца» (у кн. «А дні ідуць...», 1964), выбр. вершы Я.​Купалы (зб. «А зязюлька кукавала», 1966, з М.​Веетам), Я.​Коласа (зб. «Звон шыбаў», 1968, з Веетам), М.​Танка («Летні дождж», 1974), кн. для дзяцей Р.​Барадуліна «Ці пазяхае бегемот?» (1976). На бел. мову яе паасобныя вершы пераклаў М.​Маляўка.

Г.​Я.​Адамовіч.

т. 18, кн. 1, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ЦІСК, акцэнт,

выдзяленне ў маўленні асобных элементаў мовы — складоў або слоў. Паводле асн. сродкаў выдзялення Н. бывае дынамічны (экспіраторны), колькасны і музычны. Пры дынамічным Н. элемент выдзяляецца памацненнем і павелічэннем напружанасці вымаўлення, пры колькасным — падаўжэннем выдзеленага элемента, пры музычным — павышэннем або паніжэннем тону голасу на выдзеленым элеменце. Націскны элемент часта выдзяляецца адначасова рознымі спосабамі. Бел. мове ўласцівы дынамічна-колькасны Н. Паводле элемента, які выдзяляецца, Н. бывае слоўны (выдзяляецца адзін склад у слове), сінтагматычны, або тактавы (аб’ядноўвае словы сказа ў сінтагмы), фразавы, або лагічны (узмацняе сэнсавую нагрузку таго ці інш. слова ў сказе). Слоўны Н. бывае фіксаваны (заўсёды на адным складзе ад пачатку або ад канца слова, напр., у польск. мове на перадапошнім складзе) і свабодны (прыпадае на розныя склады ў словах, у бел. мове «ка́са» і «каса́»), Фіксаваны і свабодны Н. бывае рухомы (у розных формах аднаго слова або ў розных словах, утвораных ад аднаго кораня, пераходзіць з аднаго склада на другі) і нерухомы (заўсёды на адным складзе). Бел. лексіцы ўласцівыя рухомы («капа́ць — вы́капаць») і нерухомы («тво́р — тво́раў») Н. Апрача асноўнага, у некат. мовах бывае пабочны Н. (у бел. мове толькі ў складаных словах: «ле́санарыхто́ўка»). Службовыя словы самастойнага Н. не маюць і ў якасці ненаціскных складоў прымыкаюць да наступнага ці папярэдняга слова. У першым выпадку яны называюцца праклітыкамі («за⌒морам», «без⌒грошай»), а ў другім — энклітыкамі («знайшоў​⌒жа», «прачытаць​⌒бы»). Слоўны Н. адыгрывае значную ролю ў рытмічнай структуры вершаванай мовы. Н. вывучае фанетыка і акцэнталогія.

Літ.:

Івашуціч Я.М. Націск у дзеяслоўных формах сучаснай беларускай мовы. Мн., 1981;

Бірыла М.В. Націск назоўнікаў у сучаснай беларускай мове. Мн., 1986;

Дыбо В.А. Славянская акцентология. М., 1981;

Касевич В.Б. Фонологические проблемы общего и восточного языкознания. М., 1983;

Выгонная Л.Ц. Інтанацыя. Націск. Арфаэпія. Мн., 1991.

А.​І.​Падлужны.

т. 11, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АША́НІН Леў Іванавіч (н. 30.5.1912, г. Рыбінск Яраслаўскай вобл.),

рускі паэт. Вучыўся ў Літ. ін-це імя М.​Горкага (1936—39). Аўтар зб-каў вершаў «Дзеці розных народаў» (1950), «Вершы пра каханне» (1957), «Проста я працую чараўніком» (1966), «Ішоў я праз завіруху...» (1970), «Здалёк — доўга» (1977), «Самалёты і салаўі» (1982), «Пакуль я дыхаць умею...» (1985), «Таму што мне васемнаццаць» (1987) і інш., рамана ў вершах «Мой сябра Барыс» (1944), рамана ў баладах «Вада бяссмерця» (1975), аповесці ў вершах «Гаспадар агню» (1977). Асн. тэматыка твораў — рамантыка стваральнай працы, маладосць, каханне. Многія яго вершы, пакладзеныя на музыку («Песня пра трывожную маладосць», «Цячэ Волга», «Хай заўсёды будзе сонца»), сталі вядомымі песнямі.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1980—81.

т. 2, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВАРЫЯ́НТНАСЦЬ,

нязменнасць, незалежнасць ад якіх-н. умоў. Ідэя І. рэчаў, уласцівасцей і адносін прыроды, якая выражаецца ў захавання прынцыпе, мае фундаментальнае значэнне для навук. пазнання. У псіхалогіі І. выражае агульнасць найб. важных аспектаў успрымання аднаго і таго ж аб’екта рознымі суб’ектамі і выступае асновай адэкватнага адлюстравання яго сутнасці. Суадносіны, уласцівыя ніжэйшым формам руху матэрыі, як правіла, выступаюць як інварыянтныя для вышэйшых. Аднак І. законаў ніжэйшага ўзроўню не заўсёды захоўваецца пры пераходзе на больш высокі ўзровень; напр., у працэсе сац. эвалюцыі многія біял. заканамернасці (выжыванне найб. прыстасаванага і інш.) трацяць свой універсальны характар, гэта значыць І. Універсальныя формы пазнання інварыянтныя для спецыялізаваных форм (напр., законы логікі — інварыянт для пазнання матэм., фіз. і хім. рэальнасці). Вылучэнне інварыянтных адносін — неабходная ўмова пабудовы тэарэт. ведаў.

т. 7, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУНТУ́Ш,

верхняе мужчынскае адзенне, што апраналі на жупан. К. прыйшоў з Венгрыі ў Польшчу, у 16 ст. — на Беларусь і разам з жупаном стаў традыц. адзеннем заможнай шляхты. Шылі доўгі, ніжэй каленяў, з разрэзанымі рукавамі, якія свабодна звісалі або закідваліся на плечы. Верхняя частка заўсёды расшпілена, каб быў відаць жупан. У 16 ст. К. шылі з сукна, пазней з шоўку, зімою падшывалі лёгкім футрам. Колер К. звычайна яркі, але цямнейшы за жупан; падкладка інш. колеру; дадаткам быў тканы каляровы пояс, у т. л. слуцкія паясы. З 1778 К. і жупан у паасобных ваяводствах мелі пэўны вызначаны колер, што надавала ім характар ваяводскага мундзіра. У 2-й пал. 19 ст. стаў урачыстым адзеннем арыстакратыі.

М.​С.​Лобач.

т. 9, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)