ІНВАРЫЯ́НТНАСЦЬ,
нязменнасць, незалежнасць ад якіх-н. умоў. Ідэя І. рэчаў, уласцівасцей і адносін прыроды, якая выражаецца ў захавання прынцыпе, мае фундаментальнае значэнне для навук. пазнання. У псіхалогіі І. выражае агульнасць найб. важных аспектаў успрымання аднаго і таго ж аб’екта рознымі суб’ектамі і выступае асновай адэкватнага адлюстравання яго сутнасці. Суадносіны, уласцівыя ніжэйшым формам руху матэрыі, як правіла, выступаюць як інварыянтныя для вышэйшых. Аднак І. законаў ніжэйшага ўзроўню не заўсёды захоўваецца пры пераходзе на больш высокі ўзровень; напр., у працэсе сац. эвалюцыі многія біял. заканамернасці (выжыванне найб. прыстасаванага і інш.) трацяць свой універсальны характар, гэта значыць І. Універсальныя формы пазнання інварыянтныя для спецыялізаваных форм (напр., законы логікі — інварыянт для пазнання матэм., фіз. і хім. рэальнасці). Вылучэнне інварыянтных адносін — неабходная ўмова пабудовы тэарэт. ведаў.
т. 7, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)