ПОЛІЭМБРЫЯНІ́Я (ад полі... + эмбрыён),
у раслін — утварэнне некалькіх зародкаў у адным семені; у жывёл — развіццё некалькіх зародкаў (блізнят) з адной зіготы. Аднаяйцавыя блізняты заўсёды аднаго полу. Адрозніваюць П. спецыфічную (уласцівую пэўнаму віду) і спарадычную (выпадковую). Спецыфічная П. ўласціва некат. імшанкам, паразітычным перапончатакрылым насякомым, з млекакормячых — браняносцам. Напр., у некат. наезнікаў з адной зіготы ўтвараецца да 3 тыс. лічынак; у браняносца з адной яйцаклеткі развіваецца да 9 зародкаў, кожны ў асобным амніёне, якія размешчаны ў агульным харыёне. Спарадычная П. трапляецца ва ўсіх жывёл, асабліва ў гідроідных паліпаў, дажджавых чарвей. У эксперыменце П. атрымана ў многіх відаў жывёл. У чалавека ў выніку спарадычнай П. нараджаецца некалькі генетычна аднародных блізнят аднаго полу.
т. 12, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)