САМАВЫХАВА́ННЕ,

свядомая, мэтанакіраваная дзейнасць чалавека на ўдасканальванне сваіх станоўчых якасцей і пераадоленне адмоўных. Элементы С. прысутнічаюць у дзяцей дашкольнага ўзросту. Патрэбнасць у самапазнанні, самааналізе і самаацэнцы пачынае праяўляцца ў падлеткавым узросце. Аднак, не маючы дастатковага сац. вопыту і псіхал. падрыхтоўкі, падлеткі не заўсёды здольныя зразумець матывы ўласных учынкаў і здзейсніць С. без дапамогі дарослых. Таму ім патрэбна тактоўнае пед. кіраўніцтва. У юнацкім узросце, калі асобныя якасці чалавека ў значнай ступені сфарміраваліся, С. становіцца больш мэтанакіраваным і ўсвядомленым. У працэсе выпрацоўкі светапогляду, прафес. самавызначэння больш яскрава выяўляецца і патрэба ў С. інтэлектуальных, маральных і фіз. якасцей асобы ў адпаведнасці з ідэаламі і каштоўнасцямі, якія ўласцівы пэўнаму грамадству, навакольнаму асяроддзю, групе. Узровень С. — вынік выхавання асобы.

т. 14, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)