КРАСО́ЎСКІ (Мікалай Піліпавіч) (11.7.1933, г. Рэчыца Гомельскай вобл. —22.11.1989),

бел. артыст балета, педагог. Засл. арт. Беларусі (1972). Скончыў Бел. (1951; у 1953—56 і з 1960 выкладаў у ім) і Ленінградскае (1953) харэаграфічныя вучылішчы, Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1960). Працаваў у т-рах оперы і балета Чэлябінска і Баку. З 1960 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1975 арганізатар і кіраўнік эстр.-харэаграфічнага ансамбля «Чараўніцы». Выкананне К. вызначалася высокай тэхнічнасцю, экспрэсіяй, тэмпераментам. Сярод партый на бел. сцэне: Мікалай, Князь («Мара», «Выбранніца» Я.​Глебава), Прынц, Тыбальд («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Спартак («Спартак» А.​Хачатурана), Прынц, Блакітная птушка («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Абдэрахман («Раймонда» А.​Глазунова), Салор, Базіль («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса). Балетмайстар спектакляў «Фіялка Манмартра» І.​Кальмана, «Пяе «Жаваранак» Ю.​Семянякі (з Э.​Піно, 1971) і інш. у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі; ставіў танцы і пантаміму да драм. спектакляў. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу артыстаў балета ў Маскве (1967). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1984.

Літ.:

Грищенко М.М. Белорусский балет и современная тема. Мн., 1989.

т. 8, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬВОЎ-АНО́ХІН (Барыс Аляксандравіч) (н. 9.10.1926, Масква),

расійскі рэжысёр, тэатразнавец, крытык. Засл. арт. Расіі (1962). Нар. арт. Расіі (1987). Скончыў Ленінградскі тэатр. ін-т (1950). З 1950 у Т-ры Сав. Арміі, у 1963—69 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра імя К.​Станіслаўскага, з 1979 у Малым т-ры, з 1989 гал. рэжысёр Новага драм. т-ра ў Маскве. Сярод пастановак: «Дабракі» (1958) і «Энцыклапедысты» (1965) Л.​Зорына, «Каса Марэ» І.​Друцэ (1961), «Лявоніха на арбіце» А.​Макаёнка (1962), «Антыгона» Ж.​Ануя (1966), «Мамурэ» Ж.​Сармана (1978), «Халопы» П.​Гнедзіча (1987), «Арляня» Э.​Растана (1991), «Гераічная камедыя» Ф.​Брукнера (1995). Яго спектаклям характэрны вастрыня сцэн. формы, графічная яснасць мізансцэны, тонкае адчуванне стылю. Аўтар кніг і артыкулаў па праблемах харэаграфіі, рэж. мастацтва, творчых партрэтаў акцёраў і рэжысёраў, майстроў балета. Напісаў сцэнарыі балета (1972) і фільма-балета (1975) «Ганна Карэніна», дакумент. фільма «Галіна Уланава» (1963).

Тв.:

Балетные спектакли последних лет. М., 1972;

Мастера Большого балета. М., 1976;

Г.​Уланова. 2 изд. М., 1984;

Сергей Корень. М. 1988.

т. 9, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЛАВА (Надзея Васілеўна) (н. 15.5.1956, г. Чэбаксары, Чувашыя),

расійская артыстка балета. Нар. арт. Чувашыі (1980). Нар. арт. СССР (1984). Скончыла Пермскае харэаграфічнае вучылішча (1974, педагог Л.​Сахарава), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1983). З 1972 салістка Пермскага т-ра оперы і балета, у 1975—95 у Вял. т-ры ў Маскве. Балерына лірыка-драм. плана. Яе мастацтва вызначаюць адухоўленасць і грацыёзнасць пластыкі, бездакорная танц. тэхніка. Сярод партый: Сванільда («Капелія» Л.​Дэліба), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Кітры, Нікія («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.​Мінкуса), Аўрора, Адэта—Адылія, Маша («Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Сільфіда («Шапэніяна» на муз. Ф.​Шапэна), Прынцэса («Драўляны прынц» Б.​Бартака), Джульета, Кацярына («Рамэо і Джульета», «Каменная кветка» С.​Пракоф’ева), Шырын («Легенда пра каханне» А.​Мелікава), Фрыгія («Спартак» А.​Хачатурана), Валянціна («Ангара» А.​Эшпая). 1-я прэмія Усесаюзнага конкурсу маладых балетмайстраў і артыстаў балета (1972), Гран-пры Міжнар. конкурсу артыстаў балета (1973; абодва Масква). Здымалася ў кіно і на тэлебачанні.

Літ.:

Данилова Г. Н.​Павлова // Сов. балет. 1989. №5;

Железкова А.Н. Павлова. 2 изд. Чебоксары, 1988.

т. 12, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАНІЯШВІ́ЛІ (Ніна) (Ніно) Гедэванаўна (н. 28.3.1963, Тбілісі),

расійская артыстка балета. Нар. арт. Расіі (1995). Пасля сканчэння Маскоўскага харэагр. вучылішча (1981) салістка Вял. т-ра Расіі. Сярод партый: Маша, Аўрора («Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Кітры («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Джульета («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Жызэль, Мірта («Жызэль» А.​Адана). Лаўрэат Міжнар. конкурсаў артыстаў балета ў Варне (Балгарыя, 1981), Маскве (1985, 1986), у г. Джэксан (ЗША, 1986).

т. 1, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХІ́ДАВА (Лютфі) (н. 6.11.1925, г. Канібадам, Узбекістан),

таджыкская артыстка балета. Нар. арт. СССР (1957). Вучаніца В.Вайнонена і інш. З 1941 салістка Тадж. т-ра оперы і балета імя Айні. Першая балерына-таджычка, якая авалодала тэхнікай класічнага танца. З роляў: Дыльбар («Дыльбар» А.​Ленскага), Лейлі («Лейлі і Меджнун» С.​Баласаняна), Папялушка («Папялушка» С.​Пракоф’ева), Адэта («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.​Пуні).

т. 7, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРГІЕ́НКА (Раіса Міхайлаўна) (13.7.1925 г. Новаўкраінка Кіраваградскай вобл., Украіна — 20.3.1987),

украінская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. Украіны (1960). Нар. арт. СССР (1973). Скончыла кансерваторыю ў г. Адэса (1951). Працавала ў Адэскім т-ры оперы і балета. Сярод партый: Наталка («Наталка Палтаўка» М.​Лысенкі), Мар’яна («Арсенал» Г.​Майбарады), Наташа («Русалка» А.​Даргамыжскага) і інш. Выступала ў канцэртах. 2-я прэмія на Усесаюзным конкурсе вакалістаў і артыстаў балета (1956).

т. 14, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎТУ́Н (Валерый Пятровіч) (н. 22.10.1944, г Ясінаватая Данецкай вобл., Украіна),

украінскі артыст балета, балетмайстар. Нар. арт. СССР (1978). Скончыў Кіеўскае харэаграфічнае вучылішча (1965). З 1965 у Т-ры імя Лысенкі (Харкаў), з 1968 саліст, з 1985 гал. балетмайстар Т-ра оперы і балета імя Т.​Шаўчэнкі (Кіеў). Сярод партый: Зігфрыд, Дэзірэ («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Базіль («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Альберт («Жызэль» А.​Адана), Дафніс, Юнак («Дафніс і Хлоя», «Балеро» М.​Равеля), Рамэо («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Лукаш («Лясная песня» М.​Скарульскага), Дон Жуан («Каменны валадар» В.​Губарэнкі). Сярод пастановак балет «Шчаўкунок» Чайкоўскага (1986). Прэміі міжнар. конкурсаў артыстаў балета ў Варне (1970, Балгарыя) і Маскве (1973), прэмія імя В.​Ніжынскага (1977, Парыж). Дзярж. прэмія Украіны 1986.

т. 8, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́НДЭР, Ланер (Lander) Гаральд

[сапр. Стэўнсборг (Stevnsborg) Альфрэд Бернхарт; 25.2.1905, Капенгаген — 14.9.1971],

дацкі артыст балета, балетмайстар, педагог. З 1913 вучыўся ў школе Каралеўскага дацкага балета (у 1932—51 яе кіраўнік), у 1927—29 у ЗША у М.Фокіка. Вывучаў рус. і мексіканскія нар. танцы. З 1923 характарны танцоўшчык, з 1929 саліст, у 1931—51 кіраўнік Каралеўскага дацкага балета. Паставіў больш за 30 балетаў на муз. Ф.​Пуленка, К.​Рысагера, Ж.​Ф.​Рамо і інш. З 1953 выкладчык, у 1956—63 кіраўнік школы Парыжскай оперы. Адначасова працаваў у інш. краінах. У 1964 стварыў студыю ў Парыжы. Яго спектаклі на нац. сюжэты былі насычаны нар. танцамі. У лепшым з пастаўленых ім балетаў — «Эцюды» на муз. К.​Чэрні (1948) па-новаму выкарыстаў выразныя сродкі класічнага танца.

т. 9, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЛАДЗІ́НСКАЯ (Ніна Фёдараўна) (10.8.1905, С.-Пецярбург — 3.6.1995),

расійская і бел. артыстка балета, педагог. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыла Петраградскае харэаграфічнае вучылішча (1923, клас А.Ваганавай). З 1923 салістка Ленінградскага імя Кірава, з 1941 Свярдлоўскага т-раў оперы і балета, у 1947—57 — Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. У 1949—91 выкладала ў Бел. харэаграфічным вучылішчы. Танцоўшчыца лірычнага плана, валодала высокай культурай акад. танца, элегантнасцю, тонкім густам. Сярод партый: Ванда («Салавей» М.​Крошнера), Марыя («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Адэта («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Флёр дэ Ліс і Цар-дзяўчына («Эсмеральда» і «Канёк-Гарбунок» Ц.​Пуні). Сярод яе вучаніц І.Душкевіч, Н.Філіпава, С.​Масанёва.

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балетный театр. Мн., 1983. С. 49, 51.

Ю.​М.​Чурко.

т. 10, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЦІ, Пёці (Petit) Ралан (н. 13.1.1924, Парыж), французскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Вучань С.Ліфара. У 1940—44 танцаваў у кардэбалеце т-ра «Гранд-Апера». З 1945 маст. кіраўнік створанай ім трупы «Балет Елісейскіх палёў», у 1948—55 і 1958—61 «Парыжскага балета». У 1965—72 балетмайстар Парыжскай оперы. З 1972 маст. кіраўнік арганізаванага ім Марсельскага балета. Сярод пастановак балеты: «Кармэн» Ж.​Бізэ (1949), «Сабор Парыжскай Маці Божай» М.​Канстана (1967), «Турангаліла» на музыку А.​Месіяна (1968), «Пелеас і Мелізанда» А.​Шонберга (1969), «Запаліце зоркі!» на музыку М.​Мусаргскага, С.​Пракоф’ева, Дз.​Шастаковіча і груз. нар. песень (1972), «Пікавая дама» на музыку П.​Чайкоўскага (1978), «Чарлі, танцуй з намі» Ф.​Капры (1992, прысвечаны фільмам Ч.​Чапліна). Супрацоўнічае з драм. т-рамі, кінематографам.

т. 13, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)