ХІРА́СКА Юлія Уладзіміраўна (14.5.1906, в. Омельна Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 26.10.1985),

бел. артыстка балета. Вучылася ў прыватнай харэагр. студыі Х.Алексютовіча (1921—25). З 1921 артыстка балета БДТ-1, з 1930 салістка Дзярж. эстрады, у 1933—59 — Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Танцоўшчыца характарнага плана. У складзе творчых брыгад удзельнічала ў пастаноўцы балетаў «Салавей» М.​Крошнера, «Палымяныя сэрцы» В.​Залатарова. Сярод партый: Хмара («Князь-возера» Залатарова), Тао Хоа («Чырвоны мак» Р.​Гліэра), Чага («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Сяброўка («Капелія» Л.​Дэліба), а таксама характарныя танцы ў балетах «Раймонда» А.​Глазунова, «Канёк-Гарбунок» Ц.​Пуні, «Арлекінада» Р.​Дрыга.

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 17, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)