сукупнасць сістэматычных і масавых метадаў і прыёмаў апрацоўкі інфармацыі ва ўсіх відах дзейнасці чалавека з выкарыстаннем сродкаў сувязі, паліграфіі, выліч. тэхнікі і праграмнага забеспячэння; раздзел прыкладной інфарматыкі. У канкрэтна-прыкладным аспекце сучасная І.т. — высокаарганізаваны канвеер апрацоўкі інфармацыі.
І.т. — неад’емная і істотная частка цывілізацыі, яе развіццё ўзаемаабумоўлівала паралельнае развіццё вытв-сці, навукі, мастацтва і адукацыі. У аснову І.т. пакладзены розныя тэхн. вынаходствы (друкарскі станок, тэлеграф, фотаапарат, тэлефон, гука- і відэазапіс і інш.). З’яўленне ЭВМ, асабліва мікрапрацэсара, прывяло да істотных змен І.т.: ЭВМ стала гал. сродкам аўтаматызацыі фіз. і разумовай працы, з дапамогай беспапяровага спосабу справаводства, электроннай пошты, машыннай графікі, безнаборнага спосабу друку і інш. аб’яднала ўсе сродкі І.т., надала ім гібкасць і ўзаемадапаўняльнасць.
На Беларусі даследаванні па праблемах І.т. вядуцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі, БДУ, Бел.дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. БПА і інш. Каардынацыю работ праводзіць Фонд інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Поппель Г.Л., Голдстайн Б. Информационная технология — миллионные прибыли: Пер. с англ.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПАЗІЦЫ́ЙНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
кампазіты, матэрыялы, якія мэтанакіравана ўтвораны з некалькіх кампанентаў і маюць уласцівасці, што перасягаюць уласцівасці кампанентаў, узятых паасобку. У агульным выпадку складаюцца з матрыцы (з металаў, палімераў, вугляродных і керамічных матэрыялаў) і арміруючай фазы (больш трывалай, чым матрыца).
У К.м. выкарыстоўваюцца толькі лепшыя якасці кампанентаў. таму пры стварэнні кампазіцыі падбіраюць кампаненты з рэзка адметнымі і дапаўняльнымі ўласцівасцямі. У палімерных К.м. арміруючай фазай з’яўляюцца вугляродныя, баваўняныя, поліэфірныя валокны, вугле- і шклотканіна. У метал. кампазіцыях спалучаецца пластычная матрыца з высокамодульнымі стальнымі, борнымі, графітавымі валокнамі, гарачаўстойлівая матрыца з гарачатрывалымі валокнамі. К.м. з метал. матрыцай падзяляюцца на біметалы, дысперснаўмацаваныя, валакністыя і эўтэктычныя матэрыялы. Атрымліваюць К.м. метадамі парашковай металургіі, вакуумнай пракаткай ці насычэннем порыстых каркасаў расплаўленымі металамі, выбухам, ліццём пад ціскам, электралітычным асаджэннем, накіраванай крышталізацыяй сплаваў і інш. На Беларусі работы па стварэнні і даследаванні К.м. вядуцца ў Фіз.-тэхн. ін-це і Ін-це механікі металапалімерных сістэм Нац.АН, НДІ парашковай металургіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАТА́Ж (франц. carottage ад carotte буравы керн, літар. морква),
комплекс геафіз. і геахім. метадаў, якія выкарыстоўваюцца ў свідравінах для вывучэння геал. разрэзу, кантролю за тэхн. станам свідравіны і распрацоўкай нафтавых і газавых радовішчаў. Метады заснаваны на даследаванні прыродных і штучна ўтвораных фіз. палёў, фіз. уласцівасцях горных парод, пластавых флюідаў (вада, расол, нафта), колькасці і саставу розных газаў у буравым растворы. Праводзіцца з дапамогай каратажных станцый з прыёмнымі і рэгістравальнымі прыстасаваннямі. Вынікі вымярэнняў падаюцца ў выглядзе каратажных дыяграм.
Для вывучэння геал. разрэзу выкарыстоўваюцца віды К.: электрычны (метады супраціўлення, бакавога каратажнага зандзіравання, самаадвольнай палярызацыі); магнітны (вымярэнне магн. успрымальнасці горных парод або зямнога магн. поля); тэрмічны (па цеплавым супраціўленні, тэмператураправоднасці; эфекце ахаладжэння); сейсмічны (запісваецца час прабегу пругкіх ваганняў ад датчыка ў свідравіне да рэгістравальніка); радыеактыўны (гама-К., нейтронны гама-К., нейтронны К., гама-гама-К.); газавы (вывучае залежнасць наяўнасці сумы гаручых газаў і іх цяжкай фракцыі ад глыбіні) і інш.геафіз. і геахім. метады і іх мадыфікацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́РА ЭФЕ́КТ (ад прозвішча шатл. фізіка Дж.Кера; 1824—1907). 1) Электрааптычны К.э. — узнікненне падвойнага праменепраламлення ў аптычна ізатропных рэчывах (газах, вадкасцях, крышталях з цэнтрам сіметрыі, шкле) пад уздзеяннем знешняга эл. поля. Абумоўлены арыентацыяй дыпольных момантаў малекул рэчыва ўздоўж эл. поля. У выніку аптычна ізатропнае рэчыва (асяроддзе) у эл. полі становіцца анізатропным, набывае ўласцівасці аднавосевага крышталя (гл.Крышталяоптыка). Эфект выкарыстоўваецца для высокачастотнай мадуляцыі святла і ў хуткадзейных фатаграфічных затворах. Адкрыты Керам у 1875.
2) Магніта-аптычны К.э. — змена інтэнсіўнасці і палярызацыі святла пры яго адбіцці ад намагнічанага асяроддзя (у асноўным магн. ферамагнетыкаў). Па фіз. прыродзе падобны да Фарадэя эфекту. У выніку магнітааптычнага К.э. лінейна палярызаванае святло робіцца эліптычна палярызаваным. Выкарыстоўваецца пры даследаваннімагн. матэрыялаў. Адкрыты Керам у 1876.
3) Аптычны К.э. — узнікненне пастаяннай складальнай падвойнага праменепраламлення ў ізатропным асяроддзі пад дзеяннем магутнага (звычайна лазернага) выпрамянення. Выклікае самафакусіроўку святла (гл.Нелінейная оптыка). Адкрыты пасля паяўлення лазераў.
Схема назірання электрааптычнага Кера эфекту: П — палярызатар святла; ЯК — ячэйка Кера; А — аналізатар святла; ФП — фотапрыёмнік; У — узор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВІ́ЦКІ (Аляксандр Антонавіч) (н. 15.8.1927, в. Залессе Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. мовазнавец. Канд.філал.н. (1959). Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1951). З 1952 у Ін-це мовазнаўства імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі. Навуковыя даследаванні ў галіне дыялекталогіі, лінгвагеаграфіі, лексікаграфіі. Аўтар працы «Наша родная мова» (3-е выд., 1973). Сааўтар «Хрэстаматыі па беларускай дыялекталогіі» (1962), «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» (ч. 1—2, 1963), «Лінгвістычнай геаграфіі і групоўкі беларускіх гаворак» (1968, кн. карт 1969), «Нарысаў па беларускай дыялекталогіі» (1964), «Тураўскага слоўніка» (т. 1—5, 1982—87), «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» (т. 1—5, 1993—98), «Лексічных ландшафтаў Беларусі» (1995), вучэбных дапаможнікаў, у т. л. «Фанетыка беларускай мовы» (1984), «Беларуская мова для тых, хто гаворыць па-руску» (3-е выд., 1990), «Падручнік беларускай мовы: Для самаадукацыі» (1994). Дзярж. прэмія СССР 1971 за ўдзел ў комплексе работ па бел. лінгвагеаграфіі.
Тв.:
Беларускае мовазнаўства ў Акадэміі навук БССР. Мн., 1979 (з А.І.Жураўскім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫМІНАЛІ́СТЫКА (ад лац. criminalis злачынны),
прыкладная юрыд. навука, якая распрацоўвае сістэму спец. прыёмаў, метадаў і сродкаў збірання, фіксацыі, даследавання і выкарыстання доказаў судовых. Гэтыя прыёмы і метады прымяняюцца ў крымінальным судаводстве для папярэджання, раскрыцця і расследавання злачынстваў, а таксама выкарыстоўваюцца пры суд. разглядзе крымінальных і ў шэрагу выпадкаў цывільных спраў. Найб. важныя раздзелы сучаснай К.: агульная тэорыя К., крыміналістычная тэхніка, крыміналістычная тактыка і методыка расследавання. Крыміналістычная тактыка ўключае сістэму тэарэт. палажэнняў і практычных рэкамендацый па арг-цыі і планаванні расследавання злачынстваў, якія дазваляюць найб. эфектыўна выкарыстоўваць магчымасці следчага і суд. дзеяння і аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў з улікам канкрэтнай сітуацыі па справе. Яна ахоплівае планамернасць і хуткасць дзеянняў, агляд месца злачынства, фіксацыю і ацэнку слядоў, атрыманне доказаў, правамернасць (законнасць) дзеянняў. Крыміналістычная тэхніка ўключае сістэму спец. прыёмаў і навук.-тэхн. сродкаў па збіранні, фіксацыі і даследаванні доказаў. Да яе адносяцца суд.балістыка, трасалогія, дактыласкапія, судовая фатаграфія, тэхніка правядзення крыміналістычных экспертыз і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЯЭЛЕКТРО́НІКА (ад крыя... + электроніка),
крыягенная электроніка, адзін з кірункаў цвердацелай электронікі. Прылады К. характарызуюцца высокай адчувальнасцю, хуткадзеяннем, нізкім узроўнем цеплавых шумоў. Выкарыстоўваюцца для вымярэння магн. палёў, эл. напружанняў, інтэнсіўнасці інфрачырвонага выпрамянення ў вымяральнай і выліч. тэхніцы, ЗВЧ-апаратуры і інш.
Прынцып дзеяння прылад К. заснаваны на фіз. з’явах у цвёрдых целах пры крыягенных т-рах, напр., фазавы пераход нармальны метал — звышправаднік, квантаванне магн. патоку, Джозефсана эфект. Развіццё К. пачалося ў СССР, ЗША і інш. са стварэння ў 1953 крыятрона (мініяцюрнай пераключальнай прылады) і на яго аснове трыгера і квантрона, дзе інфармацыя запісваецца адзінкавымі квантамі магн. патоку. Ячэйка Кроу (асн. элемент крыягенных запамінальных прылад), прынцып дзеяння якой заснаваны на незатухальных эл. токах у звышправадніках, дазваляе захоўваць інфармацыю з надзвычай высокай шчыльнасцю ўпакоўкі.
На Беларусі даследаванні па праблемах К. праводзяцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац.АН і Бел.дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕМЦЮГО́ВА (Валянціна Пятроўна) (н. 19.12.1935, в. Новая Алакюль Ленінградскай вобл.),
бел. мовазнавец. Д-рфілал.н. (1988), праф. (1993). Скончыла БДУ (1958). З 1961 у Ін-це мовазнаўства Нац.АН Беларусі (з 1987 заг. аддзела). Асноўныя навук.даследаванні ў галіне анамастыкі (у прыватнасці тапанімікі), лексікалогіі і лексікаграфіі. Пытанні станаўлення і функцыянавання ўсх.слав. айканіміі ў працах «Беларуская айканімія» (1970), «Усходнеславянская айканімія апелятыўнага паходжання» і «Фарміраванне ўсходнеславянскай айканіміі ў сувязі з развіццём тыпаў паселішчаў» (абедзве 1983). Складальнік «Украінска-беларускага слоўніка» (1980); «Слоўніка цяжкасцей беларускай мовы» (1987), слоўніка-даведніка «Кіраванне ў беларускай і рускай мовах» (1991), «Кароткага слоўніка беларускай мовы» (1994, усе з Г.У.Арашонкавай) і інш. Адзін з аўтараў «Беларускай граматыкі» (ч. 1, 1985), «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» (т. 1, 1993), «Руска-беларускага слоўніка сельскагаспадарчай тэрміналогіі», манаграфій «Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы» і «Беларускае слова ў тэксце і ў сістэме мовы» (усе 1994). Чл. анамастычнай камісіі пры Міжнар. к-це славістаў, старшыня Рэсп. тапанімічнай камісіі пры Нац.АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́РЭНЦ ((Lorentz) Хендрык Антон) (18.7.1853, г. Арнем, Нідэрланды — 4.2.1928),
нідэрландскі фізік-тэарэтык, стваральнік электроннай тэорыі і электрадынамікі рухомых асяроддзяў. Замежны чл.-кар.Пецярб.АН (1910), ганаровы чл.АНСССР (1925). Вучыўся ў Лейдэнскім ун-це (1870—72), з 1878 праф. гэтага ун-та. З 1923 дырэктар ін-та Тэйлара ў Харлеме. Арганізатар і старшыня Сальвееўскіх кангрэсаў фізікаў (1914—27). Навук. працы па электрадынаміцы, тэрмадынаміцы і статыстычнай механіцы, оптыцы і тэорыі выпрамянення. Зыходзячы з эл.-магн. тэорыі Дж.Максвела стварыў класічную электронную тэорыю (1880—1909), на падставе якой растлумачыў шэраг эл.-магн. з’яў, а таксама эл.-магн. і аптычныя ўласцівасці рэчыва, атрымаў формулу для вызначэння сілы, што дзейнічае на рухомы зарад у магн. полі (гл.Лорэнца сіла), растлумачыў Зеемана з’яву. Незалежна ад Дж.Лармара атрымаў рэлятывісцкія пераўтварэнні каардынат і часу (гл.Лорэнца пераўтварэнні). Даследаванні Л. спрыялі стварэнню адноснасці тэорыі. Нобелеўская прэмія 1902 (разам з П.Зееманам).
Літ.:
Кляус Е.М., Франкфурт У.И., Френк А.М. Г.А.Лоренц, 1853—1928. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКА́РАЎ (Сцяпан Восіпавіч) (8.1.1849, г. Мікалаеў, Украіна — 13.4.1904),
расійскі флатаводзец, акіянограф, палярны даследчык, вынаходнік. Віцэ-адмірал (1896). Скончыў марское вучылішча ў Нікалаеўску-на-Амуры (1865). З 1869 на Ціхаакіянскім, з 1871 на Балтыйскім, з 1876 на Чарнаморскім флоце. З 1881 даследаваў марскія цячэнні ў праліве Басфор. У 1886—89 на карвеце «Віцязь» і 1894—96 ажыццявіў 2 кругасветныя падарожжы. У 1898—99 і 1901 на першым у свеце ледаколе «Ярмак», пабудаваным паводле яго праекта, вёў даследаванні ў Арктыцы. На пач.рус.-яп. вайны 1904—05 камандаваў Ціхаакіянскай эскадрай у Порт-Артуры, загінуў на браняносцы «Петрапаўлаўск», які падарваўся на міне. Аўтар прац па ваен.-марской тактыцы, караблебудаванні, артылерыі, міннай справе, гідраграфіі. За працу «Віцязь» і Ціхі акіян» (т. 1—2, 1894) прэмія Пецярбургскай АН і залаты медаль Рус.геагр.т-ва.
Літ.:
Деятельность вице-адмирала С.О.Макарова в судостроении: [Очерки]. Л., 1977;