ПЕРСЕ́ПАЛЬ (грэч. Persepolis),

горад у Стараж. Іране, за 50 км на ПнУ ад Шыраза; адна са сталіц Ахеменідаў. Засн. ў канцы 6 ст. да н.э. У 330 да н.э. захоплены і спалены Аляксандрам Македонскім. У 1930-я г. праводзіліся археал. раскопкі П. і яго наваколля. Выяўлены надпісы ахеменідскіх цароў і тысячы гліняных таблічак з тэкстамі на эламскай мове, у якіх змешчаны звесткі пра буд-ва горада і гаспадарку акругі. У П. і яго наваколлі захаваліся шматлікія помнікі розных эпох: рэшткі палаца канца 6—4 ст. да н.э., абнесенага сцяной, уласна горада, скальныя грабніцы, фундаменты храма 3 ст. да н.э., сасанідскія скальныя рэльефы і алтары, рэшткі круглага горада Дарабгерд і г. Істахр, некропаль Накшы-Рустэм, рэшткі паселішча Талі-Бакун (5-е тыс. да н.э.).

т. 12, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАТАСФЕ́РА (ад лац. stratum слой + сфера),

слой атмасферы паміж трапасферай і мезасферай на выш. ад 8—10 км (у высокіх шыротах) да 45—55 км (каля экватара). Характарызуецца малой турбулентнасцю, невял. колькасцю вадзяной пары, павышаным у параўнанні з ніжэй- і вышэйляжачымі слаямі ўтрыманнем азону (гл. Азанасфера). Ва ўмераных і палярных шыротах т-ра мала зменьваецца з вышынёй (прыкладна да 25 км), але далей пачынае расці. Над экватарам і тропікамі т-ра ўзрастае па ўсёй С. У залежнасці ад геагр. шыраты і пары года сярэдняя т-ра зменьваецца ад -40 °C (-80 °C) на ніжняй мяжы да блізкай да 0 °C на верхняй. У С. назіраюцца перламутравыя воблакі, тыповыя вял. скорасці ветру (да 80—100 м/с) і струменныя плыні.

т. 15, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАСКА́ (Gadus) род рыб сям. трасковых. Пашыраны ў морах паўн. ч. Атлантычнага і Ціхага акіянаў. 1 від — Т. атл. (G. morhua) з падвідамі: балт., або дорш; беламорская; грэнландская; кільдзінская; ціхаакіянская. Паводле інш. класіфікацый да асобных відаў адносяць Т. грэнландскую (G. ogac) і Т. ціхаак. (G. macrocephalus). Мае фіёрдавыя і азёрныя формы. Жыве ў прыдонных слаях вады на глыб. да 300 м. У Атлантыцы робіць кармавыя і нераставыя міграцыі да 2 тыс. км.

Даўж. да 180 см, маса да 40 кг. Спіна зеленавата-аліўкавая з дробнымі жаўтаватымі плямамі, бруха і бакі светлыя. 3 спінныя, 2 анальныя плаўнікі. На ніжняй сківіцы вусік. Корміцца рыбай і ракападобнымі. З печані Т. атрымліваюць рыбін тлушч. Аб’ект промыслу.

А.​М.​Петрыкаў.

Траска.

т. 15, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРУБКАЗУ́БЫЯ (Tubulidentata),

атрад плацэнтарных млекакормячых. Вядомы з пліяцэну Еўразіі і міяцэну Афрыкі (каля 20—5 млн. г. назад). Адзіны сучасны від — трубказуб афрыканскі (Orycteropus afer). Пашыраны ў Афрыцы на Пд ад Сахары. Жыве ў разнастайных ландшафтах.

Даўж. цела да 158 см, хваста да 61 см, маса да 82 кг. Скура тоўстая, ружавата-шэрая, з рэдкім валасяным покрывам. Вушы доўгія (да 21 см), трубкаватыя. Канец морды выцягнуты ў трубку. Зубы складаюцца са зрослых дэнтынавых трубачак (адсюль назва), растуць усё жыццё. Пярэднія канечнасці 4-, заднія 5-пальцыя, з моцнымі капытападобнымі кіпцюрамі. з дапамогай якіх Т. разбураюць тэрмітнікі, рыюць грунт. Кормяцца тэрмітамі. мурашкамі. інш. насякомымі. Нараджаюць 1, зрэдку 2 дзіцяняці ў год. Аб’ект палявання.

Э.​Р.​Самусенка.

Да арт. Трубказубыя. Трубказуб афрыканскі.

т. 15, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТХАРЫ́ (Putorius),

падрод млекакормячых роду ласак і тхароў (Mustela) сям. куніцавых атр. драпежных. 3 віды. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць у лясах, каля вадаёмаў, у стэпах, паўпустынях, на высечках, у хмызняках, норах; часам трапляюцца ў населеных месцах. Існуе прыручаная альбіносная форма Т. чорнага (M. putorius) — фуро́. 1 від (Т. амерыканскі — M. nigripes) занесены ў Чырв. кнігу МСАП. На Беларусі жыве Т. чорны, або лясны.

Даўж. цела да 56 см, хваста да 19 см, маса да 2 кг. Тулава гнуткае, выцягнутае, ногі кароткія. Футра пушыстае, мяккае, афарбоўка ад чорна-бурай да палева-пясочнай. Кормяцца пераважна грызунамі. Анальныя залозы выдзяляюць пахучы сакрэт. Нараджаюць да 19 (звычайна 4—8) дзіцянят за год. Аб’ект промыслу.

Э.​Р.​Самусенка.

Тхор чорны.

т. 16, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫГР (Panthera tigris),

млекакормячая жывёла роду вял. катоў сям. кашэчых атр. драпежных звяроў. 7 падвідаў. Пашыраны ў Пярэдняй і Паўд.-Усх. Азіі, на п-ве Індастан. Жыве ў разнастайных ландшафтах — лясах, хмызняках, трысняговых зарасніках. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. цела да 3,2 м (зрэдку больш), хваста да 1,1 м; выш. ў карку да 1,2 м; маса да 390 кг. Валасяное покрыва шчыльнае і нізкае ў паўд. падвідаў, пушыстае — у паўночных. Афарбоўка рыжая, з чорнымі папярочнымі палосамі на спіне і баках. Тулава падоўжанае, галава акругленая. Вушы невял., закругленыя. Ногі адносна невысокія, тоўстыя, кіпцюры ўцяжныя. Корміцца пераважна буйнымі капытнымі. Нараджае 2—4 (зрэдку да 6) дзіцянят 1 раз за 2—3 гады.

Э.​Р.​Самусенка.

Тыгр амурскі.

т. 16, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УДО́Д (Upupa epops),

птушка атр. ракшападобных, адзіны від сям. ўдодавых (Upupidae). Пашыраны ў Еўразіі (на Пн да 55—60 °C паўн. ш.), Афрыцы, на а-вах Мадагаскар, Канарскіх, Зялёнага Мыса. Жыве пераважна ў лесастэпавай і стэпавай зонах, рэдкалессі, гаях; часам у парках, садах, уздоўж дарог; трапляецца каля населеных пунктаў. Гняздуецца ў дуплах, пнях, сярод камення. Зімуе ў Экватарыяльнай Афрыцы, Паўд. Азіі. На Беларусі звычайны пералётны і пралётны від.

Даўж. да 32 см, маса да 80 г. Афарбоўка стракатая: вохрыста-рыжая з чорным і белым. На галаве веерападобны вохрыста-рыжаваты чубок. Дзюба доўгая, загнутая ўніз. Крылы шырокія, акруглыя, хвост прамы. Ногі кароткія з доўгімі пальцамі. Корміцца насякомымі і беспазваночнымі. Манагам. Адкладвае да 6 (зрэдку да 12) яец.

А.​К.​Фядосаў.

Удод.

т. 16, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСА́,

рака ў Чэрвеньскім і Бярэзінскім р-нах Мінскай вобл., правы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Дняпро). Даўж. 55 км, пл. вадазбору 549 км². Выцякае з воз. Дзікае, цячэ ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны, упадае ў р. Бярэзіна за 1,5 км на У ад в. Якшыцы Бярэзінскага р-на. Асн. прытокі: Карпілаўка, Бусль (злева), Ганутка, Дабрыца (справа). Даліна ў вярхоўі невыразная, у сярэдняй і ніжняй ч. трапецападобная, шыр. да 1,5—2 км. Пойма двухбаковая, шыр. да 200 м, на асобных участках да 1 км. Рэчышча каналізаванае ў верхнім і ніжнім цячэнні, шыр. да 8 м. Берагі сярэдне стромкія і стромкія, выш. ад 0,3 да 1,2 м. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,3 м³/с, на перыяд веснавога разводдзя прыпадае 52% гадавога сцёку.

т. 16, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСВЕ́ЧЧА,

возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нішча, за 17 км на ПнУ ад г.п. Расоны. Пл. 4,2 км², даўж. каля 3 км, найб. шыр. 2,1 км, найб. глыб. 3,8 м, даўж. берагавой лініі 8,2 км, пл. вадазбору 22,8 км². Катлавіна падпруднага тыпу. Схілы выш. да 10 м (на ПдУ да 20 м), пясчаныя, параслі лесам, участкамі на У і З разараныя. На Пд да возера прымыкае забалочаная нізіна. Пойма шыр. 20—100 м, забалочаная. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, участкамі забалочаныя. Востраў пл. 2 га. Дно да глыб. 1 м пясчанае, ніжэй выслана апясчаненым ілам і сапрапелем. Зарастае ўздоўж берагоў да глыб. 1,5 м, шыр. паласы расліннасці 10—200 м. Упадаюць 3 ручаі, выцякае ручай Іспол.

т. 16, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛАПЕМЕ́Н (Philopoimen; 253—183 да н.э.),

старажытнагрэчаскі паліт. дзеяч і палкаводзец. У 222—221 да н.э. ўдзельнічаў у вайне Ахейскага саюза са спартанскім царом Клеаменам III, вызначыўся ў бітве каля Селасіі. З 209 да н.э. гіпарх (начальнік конніцы), з 207 да н.э. стратэг (выбіраўся 8 разоў). Правёў ваен. рэформы, атрымаў шэраг перамог над Спартай. У 193 падпарадкаваў саюзу амаль увесь Пелапанес і ўключыў у яго склад Спарту (192). Змагаўся за незалежнасць Грэцыі ад Македоніі і Рыма, за што празваны «апошнім элінам». У 183 трапіў у палон да месенцаў і атручаны.

Літ.:

Плутарх. Избранные жизнеописания: Пер. с греч. Т. 1. М., 1990;

Герои Греции в войне и мире: История Греции в биогр. Г.​В.​Штолля: Пер. с нем. М., 1992.

А.​Г.​Зельскі.

т. 16, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)