ПЕРСЕ́ПАЛЬ (грэч. Persepolis),

горад у Стараж. Іране, за 50 км на ПнУ ад Шыраза; адна са сталіц Ахеменідаў. Засн. ў канцы 6 ст. да н.э. У 330 да н.э. захоплены і спалены Аляксандрам Македонскім. У 1930-я г. праводзіліся археал. раскопкі П. і яго наваколля. Выяўлены надпісы ахеменідскіх цароў і тысячы гліняных таблічак з тэкстамі на эламскай мове, у якіх змешчаны звесткі пра буд-ва горада і гаспадарку акругі. У П. і яго наваколлі захаваліся шматлікія помнікі розных эпох: рэшткі палаца канца 6—4 ст. да н.э., абнесенага сцяной, уласна горада, скальныя грабніцы, фундаменты храма 3 ст. да н.э., сасанідскія скальныя рэльефы і алтары, рэшткі круглага горада Дарабгерд і г. Істахр, некропаль Накшы-Рустэм, рэшткі паселішча Талі-Бакун (5-е тыс. да н.э.).

т. 12, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)