ТРУБКАЗУ́БЫЯ (Tubulidentata),

атрад плацэнтарных млекакормячых. Вядомы з пліяцэну Еўразіі і міяцэну Афрыкі (каля 20—5 млн. г. назад). Адзіны сучасны від — трубказуб афрыканскі (Orycteropus afer). Пашыраны ў Афрыцы на Пд ад Сахары. Жыве ў разнастайных ландшафтах.

Даўж. цела да 158 см, хваста да 61 см, маса да 82 кг. Скура тоўстая, ружавата-шэрая, з рэдкім валасяным покрывам. Вушы доўгія (да 21 см), трубкаватыя. Канец морды выцягнуты ў трубку. Зубы складаюцца са зрослых дэнтынавых трубачак (адсюль назва), растуць усё жыццё. Пярэднія канечнасці 4-, заднія 5-пальцыя, з моцнымі капытападобнымі кіпцюрамі. з дапамогай якіх Т. разбураюць тэрмітнікі, рыюць грунт. Кормяцца тэрмітамі. мурашкамі. інш. насякомымі. Нараджаюць 1, зрэдку 2 дзіцяняці ў год. Аб’ект палявання.

Э.​Р.​Самусенка.

Да арт. Трубказубыя. Трубказуб афрыканскі.

т. 15, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)