НЯМІ́ГА,

адна са стараж. вуліц Мінска. Знаходзіцца ў гіст. цэнтры горада, паміж р. Свіслач і вул. К.​Цэткін; працягласць 1840 м. Назва ад р. Няміга (прыток Свіслачы, заключана ў падземны калектар), уздоўж якой вуліца пралягала. Узнікла ў 12 ст. як адна з цэнтр. гандл. магістралей, што злучала гандл. плошчу перад Мінскім замкам (Нізкі рынак) з б. Койданаўскім трактам. У дакументах 16—18 ст. наз. Нямізскай. У 19 ст. ўключала Нізкі і Рыбны рынкі, звязвала гандл. плошчу на Траецкай гары з рынкам у б. Раманаўскім прадмесці (раён сучасных вуліц Раманаўская слабада і Мяснікова). Да канца 18 ст. забудова была пераважна драўляная (у 1793 існавалі толькі 2 мураваныя дамы), шмат разоў гарэла (асабліва моцны пажар у 1835). У пач. 17 ст. на скрыжаванні вуліц Н. і Ракаўскай пабудаваны комплекс правасл. манастыра з Мінскай Петрапаўлаўскай царквой, на правым баку Н. да 1965 стаяў будынак сінагогі 18 ст. У 19 ст. забудавана 2—3-павярховымі жылымі будынкамі з крамамі, якія стваралі суцэльны вулічны фронт, мелі рысы класіцызму. Напачатку праезная ч. вуліцы была вымашчана драўляным насцілам, у 17—18 ст. забрукавана, у пач. 20 ст. заасфальтавана. У Вял. Айч. вайну ў раёне вуліц Н. і Ракаўскай было гета. У пач. 1970-х г. забудова Н. знесена ў сувязі з рэканструкцыяй трансп. магістралі — вуліца М.​Горкага (цяпер М.​Багдановіча) — Няміга. У 1990-я г. на Н. пабудаваны рэстаран «МакДональдс» (арх. А.​Чадовіч), комплекс 12-павярховых жылых дамоў, гандл. цэнтр «На Нямізе» (кіраўнік аўтарскага калектыву арх. С.​Мусінскі).

Э.​М.​Загарульскі.

Вуліца Няміга. Фота 1948.
Вуліца Няміга. 2000.

т. 11, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́БАНЬ,

горад, цэнтр Любанскага р-на Мінскай вобл., на р. Арэса. За 152 км ад Мінска, 25 км ад чыг. ст. Урэчча на лініі Баранавічы—Асіповічы. Аўтадарогамі злучаны з Глускам, Жыткавічамі, Чырв. Слабадой, Салігорскам, Слуцкам. 12,2 тыс. ж. (1998).

У 16 ст. мястэчка кн. Алелькавічаў у Слуцкім княстве. З 1589 уласнасць Тышкевічаў, з 1617 — кн. Радзівілаў. У 1560-я г. ў Л. каля 230 ж., 35 двароў. З 1791 у Случарэцкім пав. Навагрудскага ваяв. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка Забалоцкай вол. Бабруйскага пав. Мінскай губ. У час паўстання 1794 пад Л. адбыўся Любанскі бой 1794. У пач. 1880-х г. у мястэчку 500 ж., 136 двароў, Праабражэнская царква, 3 яўр. малітоўныя дамы, 2 млыны, крама, прыстань. У 1897 у Л. 766 ж. У пач. 20 ст. — цэнтр Забалоцкай вол. З 26.5.1922 у Слуцкім пав. БССР. У 1923—1680 ж. 232 двары. З 17.7.1924 цэнтр Любанскага раёна. У 1931 утвораны калгас, працавалі крухмальны і льняны з-ды, Дом культуры, хата-чытальня, бальніца, хлебапякарня. З 27.9.1938 гар. пасёлак. З 28.7.1941 да 30.6.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў створаным тут лагеры ваеннапалонных загубілі 1610 чал., у ліст. 1941 загубілі 785 яўрэяў. У Л. дзейнічала камсам маладзёжная група, у ліст. 1941 партызаны разграмілі ў пасёлку фаш. гарнізон (гл. Любанскі бой 1941). З 7.3.1968 горад. У 1970—6,7 тыс. ж.

Прадпрыемствы харч. (сыраробны камбінат, доследны рыбгас «Любань»), швейнай, буд. матэрыялаў (Любанскі камбінат будаўнічых матэрыялаў) прам-сці. Ільнозавод. Любанскі музей народнай славы. Мемар. комплекс сав. актывістам, воінам, партызанам і падпольшчыкам; магіла ахвяр фашызму.

В.​М.​Удальцоў.

Любань. Будынак райвыканкома.

т. 9, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́МУС (ад ням. Lehmhaus),

старадаўні тып гасп. пабудовы для захоўвання харч. прадуктаў, збожжа, адзення, каштоўнай маёмасці, прылад працы, а таксама для жылля ўлетку. Быў пашыраны ў Літве, Польшчы, некаторых раёнах Украіны. На Беларусі вядомы ў 2-й пал. 16 — 1-й пал. 20 ст. Будавалі з дрэва, цэглы, каменю або ў тэхніцы «прускага муру». Пад Л. рабілі паграбы. Л. былі 1—3-павярховыя (у ніжнім паверсе гасп. памяшканні, у верхніх — жылыя), прамавугольныя або квадратныя ў плане, завершаныя 2-схільнымі вальмавымі, шатровымі ці ламанымі дахамі. Сцены часам звонку атынкоўвалі.

Паводле кампазіцыі Л. падзяляліся на цэнтрычныя і франтальныя. Цэнтрычныя мелі квадратны ці шматвугольны (звычайна 8-гранны) план. 2-і і 3-і паверхі з балюстраднымі галерэямі па перыметры, якія кансольна навісалі над ніжнім паверхам або апіраліся на мураваныя ці драўляныя слупы (в. Вял. Мажэйкава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл., Нова-Ясневічы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.). Л. франтальнай кампазіцыі былі звычайна 2-павярховыя, мелі ў плане форму выцягнутага прамавугольніка (радзей квадрата), з галерэямі на гал. фасадзе (Гродзенскі лямус) або па перыметры ўсяго будынка. У некаторых замках 18 ст. (г. Камянец Брэсцкай вобл.) Л. размяшчалі над брамамі. У канцы 18—19 ст. пад уплывам стыляў класіцызму і ампір Л. набылі манум. выгляд: цэнтр гал. фасада вылучаўся прамавугольным парталам з калонамі дарычнага ці тасканскага ордэра, ашаляваныя звонку сцены былі ўпрыгожаны фрызамі з трыгліфамі і метопамі, над будынкам узвышаўся бельведэр (в. Дунілавічы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.).

Ю.​А.​Якімовіч.

Лямус у вёсцы Вялікае Мажэйкава Шчучынскага раёна Гродзенскай вобл. 1970-я г.

т. 9, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІНЕ́ЗІЯ (ад палі... + грэч. nesos востраў),

адна з асноўных астраўных груп у Акіяніі, у цэнтр. ч. Ціхага ак. Цягнецца ад Гавайскіх а-воў на Пн да Новай Зеландыі (паміж 23°30 паўн. ш. і 28° паўд. ш. і 176° усх. — 109°20 зах. д.). Пл. каля 26 тыс. км². Асн. а-вы: Гавайскія, Туамоту, Тонга, Самоа, Уоліс, Хорн, Тувалу, Такелау, Кука, Тубуаі, Лайн, Таварыства, Маркізскія, Вялікадня і інш. У межах П. дзяржавы: Зах. Самоа, Кірыбаці, Тонга, Тувалу; Гаваі — штат ЗША; уладанні Вялікабрытаніі, ЗША, Францыі, Нов. Зеландыі. Нас. 1870 тыс. чал. (1999), пераважна палінезійцы. Астравы вулканічнага або каралавага паходжання. Вулканічныя астравы гарыстыя (выш. да 4205 м на Гавайскіх а-вах, 2241 м на Таіці), каралавыя — нізінныя. На а-вах Гавайскіх, Самоа, Тонга — дзеючыя вулканы. Клімат экватарыяльны і трапічны пасатны. Сярэднія гадавыя т-ры 22—26 °C. Колькасць ападкаў павялічваецца з У на З ад 1500 да 3500 мм. Большасць астравоў церпяць ад моцных ураганаў. На наветраных схілах гарыстых астравоў густыя вечназялёныя лясы, на падветраных — саванны; на ўзбярэжжах — пальмы, хлебнае дрэва, панданусы, баньяны. Жывёльны свет бедны млекакормячымі, шматлікія птушкі. Трапічнае земляробства. Вырошчваюць для мясц. патрэб тара, ямс, хлебнае дрэва, рыс, кукурузу, цукр. трыснёг; на экспарт какаву, какосы, ананасы, бананы, цытрусавыя. Лесараспрацоўкі. Рыбалоўства. Лоўля жэмчугу, марскіх чарапах. Прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, каштоўнай драўніны (на экспарт). Міжнар. турызм. Астравы П. знаходзяцца на шляхах, якія звязваюць Амерыку з Паўд.-Усх. Азіяй і Аўстраліяй. Буйнейшыя гарады і порты П.: Ганалулу (Гавайскія а-вы), Папеэтэ (Таіці), Апія (Зах. Самоа), Пага-Пага (Усх. Самоа).

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 12, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМО́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА, культура тваравых урнаў, усходнепаморская культура, культура падклёшавых пахаванняў,

вейхераўска-краташынская культура, археалагічная культура плямён, якія ў 7—2 ст. да н.э. насялялі тэр. Польшчы, ПдЗ Беларусі і ПнЗ Украіны. Падзяляецца на 3 этапы: 7 — сярэдзіна 6 ст., сярэдзіна 6 ст. — 5 ст., 4—2 ст. да н.э. На тэр. Беларусі яе помнікі маюць перыферыйны характар і датуюцца 4—2 ст. да н.э. Прадстаўлены неўмацаванымі паселішчамі і бескурганнымі могільнікамі з абрадам трупаспалення. На Бел. Палессі зафіксавана каля 20 пунктаў з матэрыяламі П.к. Селішчы размяшчаліся паблізу рэк і азёр, забудоўваліся невял. паўзямлянкамі і наземнымі жытламі слупавой канструкцыі. На Беларусі, на тэр. ад Зах. Буга да р. Льва, адкрыта 8 могільнікаў П.к., на якіх выяўлена ад 1 да 5 пахаванняў. Яны прадстаўлены 3 тыпамі — падклёшавыя, урнавыя і ямныя. Нябожчыкаў спальвалі па-за межамі могільніка, рэшткі спалення ссыпалі на дно ямкі або змяшчалі ў гліняныя урны; у шэрагу выпадкаў урну накрывалі зверху вял. гаршком — клёшам. У магілы ставілі разнастайны посуд, клалі быт. рэчы і ўпрыгожанні: жал. і бронзавыя фібулы, спіральныя бранзалеты, кольцы, каменныя і шкляныя пацеркі. Асн. маса знаходак — ляпны посуд (таўстасценныя гаршкі з бугрыстай і шурпатай паверхняй, глянцаваныя міскі, збаны, вазы, накрыўкі, кубкі, падстаўкі). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, чорнай і каляровай металургіяй, ганчарствам і інш. П.к. мела поліэтнічны характар. Ёсць меркаванні пра ўваходжанне яе ў склад праславян. Найб. вядомыя на Беларусі помнікі П.к. Камень Пінскага, Аздамічы Столінскага, Трасцяніца і Кусічы (Агароднікі) Камянецкага р-наў Брэсцкай вобл. і інш.

В.​С.​Вяргей.

Кераміка паморскай культуры.

т. 12, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕХАНІ́ЧНЫЯ ЎЛАСЦІ́ВАСЦІ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ,

сукупнасць паказчыкаў, якія характарызуюць супраціўленне матэрыялаў прыкладзеным нагрузкам, асаблівасці іх дэфармавання і разбурэння. Вызначаюцца пры механічных выпрабаваннях: статычных (на расцяжэнне, сцісканне, выгін, кручэнне, цвёрдасць), дынамічных, або ударных (на ударную вязкасць), стомленасных (пры шматразовым прыкладанні нагрузкі), а таксама працяглых высокатэмпературных (на паўзучасць, працяглую трываласць, рэлаксацыю).

Дэфармацыя цела пад уздзеяннем нагрузкі вызначаецца дыяграмай дэфармацыі, якая запісваецца на выпрабавальнай машыне пры расцяжэнні (сцісканні) узору. Напружанне, пры якім парушаецца прапарцыянальны нагрузцы рост дэфармацыі, наз. мяжой прапарцыянальнасці; найб. напружанне, якое вытрымлівае матэрыял без праяўлення астаткавай пластычнай дэфармацыі, наз. мяжой пругкасці; напружанне, пры якім астаткавая адносная дэфармацыя дасягае 0,2% (паводле Дзяржстандарту), наз. ўмоўнай мяжой цякучасці; адносіны максімальнай нагрузкі, якую вытрымлівае матэрыял, да плошчы папярочнага сячэння наз. мяжой трываласці матэрыялу (характарызуе яго часовае супраціўленне пластычнай дэфармацыі); тангенс вугла нахілу прамой, што апісвае суадносіны паміж напружаннем і дэфармацыяй, лікава роўны модулю пругкасці матэрыялу. Для ацэнкі супраціўлення пластычнай дэфармацыі праводзяць таксама выпрабаванні на цвёрдасць уцісканнем шарыка, конуса або піраміды (гл. Брынеля метад, Роквела метад, Вікерса метад). Пластычнасць канструкцыйных матэрыялаў пры расцяжэнні ацэньваюць падаўжэннем або звужэннем, пры сцісканні — укарачэннем, пры кручэнні — найбольшым вуглом закручвання рабочай ч. ўзору.

Літ.:

Фридман Я.Б. Механические свойства металлов. 3 изд. М., 1974.

В.​К.​Грыбоўскі.

Да арт. Механічныя ўласцівасці матэрыялаў. Тыповая дыяграма дэфармацыі пры расцяжэнні канструкцыйных матэрыялаў: σ — напружанне; δ — адносная дэфармацыя; σn — мяжа прапарцыянальнасці; σe — мяжа пругкасці; σm — умоўная мяжа цякучасці; σв — мяжа трываласці; P — нагрузка; Fo — пачатковая плошча папярочнага сячэння ўзору; в — пункт максімуму крывой расцяжэння пры раўнамерным дэфармаванні; в′ — пункт абрыву; к — крывая дэфармавання пасля ўтварэння «шыйкі».

т. 10, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАСКО́П (ад мікра... + ...скоп),

аптычная прылада для атрымання павялічанай выявы дробных аб’ектаў або дэталей іх структуры, не бачных простым вокам. Павелічэнне М. дасягае 1500—2000 (яно абмежавана дыфракцыйнымі з’явамі); раздзяляльная здольнасць 0,25 мкм (чалавечае вока не адрознівае дэталей аб’екта, размешчаных бліжэй за 0,08 мм). Большага павелічэння дасягаюць у М., дзе выкарыстоўваецца святло з меншай (<390 нм) даўжынёй хвалі ці імерсійная сістэма (мяжа раздзялення электронных мікраскопаў 0,01—0,1 нм).

М. з’яўляецца камбінацыяй 2 аптычных сістэм — аб’ектыва і акуляра, кожная з якіх складаецца з адной ці некалькіх лінзаў. М. бываюць: палярызацыйныя (для назірання аб’ектаў у палярызаваным святле), люмінесцэнтныя (для аб’ектаў, якія выпраменьваюць люмінесцэнтнае святло), інтэрферэнцыйныя і фазава-кантрастныя (выкарыстоўваюць метады, заснаваныя на інтэрферэнцыі святла), акустычныя (выяву аб’екта даюць у працэсе сканіравання яго пучком акустычных хваль сінхронна з растравай разгорткай праменя электронна-прамянёвай прылады), галаграфічныя (прызначаны для запісу інфармацыі пра дынамічныя аб’екты з выкарыстаннем лазера з паўтаральным імпульсным выпрамяненнем), тэрмахвалевыя (дзеянне заснавана на розных тэрмааптычных эфектах), інфрачырвоныя, металаграфічныя, стэрэаскапічныя, праекцыйныя, рэнтгенаўскія, тэлевізійныя і інш. Першы двухлінзавы М. пабудаваў З.​Янсен (Нідэрланды, каля 1590), больш дасканалы, падобны на сучасны, сканструяваў Р.​Гук (Вялікабрытанія, 1665). У 1673—77 А.​Левенгук (Нідэрланды) з дапамогай М. адкрыў свет мікраарганізмаў. Тэарэт. разлік складаных М. даў ням. фізік Э.​Абе ў 1872. У пач. 1930-х г. пабудаваны першы электронны М.

Літ.:

Микроскопы. Л., 1969.

У.​М.​Сацута.

Схема аптычнага мікраскопа: 1, 2 — акуляры; 3 — прызма; 4 — аб’ектыў; 5 — прадметны столік; 6 — кандэнсар; 7, 9 — дыяфрагмы; 8 — люстэрка; 10 — лінза; 11 — крыніца святла (лямпа).

т. 10, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНІСТЭ́РСТВА (ад лац. ministro служу, кірую),

родавая назва найб. важных цэнтр. органаў дзярж. кіравання, якія ўваходзяць у структуру ўрада. Упершыню створаны ў Зах. Еўропе ў 16—17 ст. У Расіі ўведзены ў 1802, у СССР — у 1946 (адпаведна і ў Беларусі), да гэтага — наркаматы. Кіраўнік М. (міністр) — звычайна дзеяч, што ўваходзіць у склад урада. У некат. краінах М. ствараюцца на аснове актаў вышэйшых заканад. органаў (напр., ЗША) ці кіраўніка дзяржавы (напр., у Францыі) або на аснове законаў (актаў) урада. Колькасць М., іх структура і размеркаванне кампетэнцыі паміж імі вызначаюцца кіраўніком урада або выканаўчай улады (прэм’ер-міністрам, у Рэспубліцы Беларусь — прэзідэнтам). Для выканання ўскладзеных на іх задач М. надзяляюцца паўнамоцтвамі дзярж.-ўладнага характару і маюць права выдаваць юрыд. акты, абавязковыя для выканання падведамнымі арг-цыямі. Унутраная структура М. разнастайная (нават у межах адной краіны) і залежыць ад памераў М., аб’ёму і характару яго дзейнасці. М. маюць цэнтр. апарат, часам таксама рэгіянальныя і мясц. органы. Пры М. існуюць розныя дапаможныя органы. У М. Рэспублікі Беларусь утвараецца калегія ў складзе міністра (старшыні, які назначаецца Прэзідэнтам), яго намеснікаў, інш. кіраўнікоў. Члены калегіі зацвярджаюцца ўрадам. У 1999 у Рэспубліцы Беларусь існавалі М.: архітэктуры і будаўніцтва; унутраных спраў; жыллёва-камунальнай гаспадаркі; аховы здароўя; замежных спраў; культуры; лясной гаспадаркі; абароны; адукацыі; па кіраванні дзярж. маёмасцю і прыватызацыі; па надзвычайных сітуацыях; прадпрымальніцтва і інвестыцый; прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя; прамысловасці; сувязі; сельскай гаспадаркі і харчавання; сац. абароны, спорту і турызму; статыстыкі і аналізу; паліва і энергетыкі; гандлю; транспарту і камунікацый; працы; фінансаў; эканомікі; юстыцыі. Гл. таксама Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.

т. 10, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІНКЯ́ВІЧУС ((Marcinkevičius) Юсцінас) (н. 10.3.1930, Важаткеміс Каўнаскага пав., Літва),

літоўскі пісьменнік. Засл. дз. маст. Літвы (1975). Нар. пісьменнік Літвы (1978). Скончыў Вільнюскі ун-т (1954). Першы зб. вершаў «Прашу слова» (1955). У паэме «Дваццатая вясна» (1956, Дзярж. прэмія Літвы 1957) жыццё літ. моладзі ў пасляваен. перыяд; паэма «Кроў і попел» (1960) пра трагічны лёс спаленай гітлераўцамі вёскі. Маральныя праблемы, жыццё і лёсы сучаснікаў у цэнтры аповесці «Сасна, якая смяялася» і «Публіцыстычнай паэмы» (абедзве 1961), зб-каў вершаў «Рукі, якія дзеляць хлеб» (1963), «Драўляныя масты» (1966), «Палымнеючы куст» (1968), «Ласкавае дакрананне жыцця» (1978), «Будзь і блаславі» (1980), «Адзіная зямля» (1984), «Вершы з дзённіка» (1993), «Крок» (1998) і інш. Драм. трылогія «Міндаўгас» (1968, Дзярж. прэмія Літвы 1969), «Сабор» (1971), «Мажвідас» (1977), зб. «Шэсць паэм» (1973) пра гіст. мінулае літ. народа. Аўтар драм. паэм «Паэма Праметэя» (1973), «Ікар» (паст. 1981), аповесці «Даўкантас» (1984), кн. эсэ «Дзённік, што не мае датаў» (1981), «Еднасць ракі, якая цячэ» (1995), паэзіі для дзяцей. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Г.​Бураўкін, В.​Вітка, А.​Вольскі, С.​Грахоўскі, Х.​Жычка, А.​Звонак, В.​Лукша, Л.​Луцкевіч, П.​Марціновіч, У.​Паўлаў, А.​Разанаў, Я.​Семяжон, Я.​Сіпакоў, М.​Танк, Н.​Тулупава, У.​Шахавец і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Трава і камень. Мн., 1981;

Дзённік, што не мае датаў // Братэрства, 83. Мн., 1983;

у кн.: Поціск рукі. Мн., 1991;

у кн.: На зорных шляхах. Мн., 1991;

Рус. пер.Избр. произв. Т. 1—2. М., 1985;

Книга поэм. М., 1978;

Жизнь, сладкий июль. М., 1982.

Літ.:

Ланкутис Й. Поэтический мир Юстинаса Марцинкявичюса. М., 1980.

А.​П.​Лапінскене.

т. 10, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́САВАЯ ЛІТАРАТУ́РА, паралітаратура, сублітаратура, канфармісцкая літаратура, трывіяльная літаратура,

шматтыражная літ. прадукцыя, разлічаная на сярэдняга спажыўца і камерцыйны поспех; сурагат маст. л-ры, падробка пад яе; састаўная частка масавай культуры. Атрымала распаўсюджанне ў 19 ст. (гл. Бульварная літаратура). Развіццё яе ажыццяўлялася праз рыначны кан’юнктурны адбор найб. «ходкага» літ. тавару — бестселераў. Сярод бестселераў вылучаюць коміксы, бульварны, жаночы, салдацкі, паліт., кіна- і фотараманы, раманы крымінальных, «чорных» серый, трылеры, вестэрны, дайджэсты (скарочаныя адаптаваныя выданні класікі), якія ствараюцца канвеерным спосабам па спец. схемах. У эстэт. плане М.л. пасрэдная, спрошчаная і даступная кожнаму; яна звычайна прыстасавальніцкая, экскэйпісцкая (пазбягае вострых сац. праблем). Выкарыстоўваецца як сродак маніпуляцыі свядомасцю мас, фарміруе пэўныя эстэт. густы і спажывецкую псіхалогію. М.л. паспяхова выкарыстоўвае дэтэктыўную фабулу, навук. фантастыку; для яе характэрна спрошчанае апісальніцтва, псеўдарэалістычнасць, сенсацыйнасць, захапляючая інтрыга, востры сюжэт, наяўнасць супергерояў. У тэхнакратычнай постіндустрыяльнай цывілізацыі М.л. як кампенсацыя адчужэння выконвае псіхааналітычную функцыю. Характэрныя тэмы М.л. — кар’ера, грошы, секс, каханне, жыццё «зорак», фантастыка (вампіры, прышэльцы з космасу), эзатэрызм — таямнічае, забойствы, прыгоды суперменаў і інш. У 20 ст. з’явіліся прыгодніцкія серыі пра Тарзана Э.​Бераўза (ЗША), пра Фантамаса М.​Алена і П.​Сувестра (Францыя), паліт. дэтэктывы пра Дж.​Бонда І.​Флемінга (Англія), псеўдагіст. раманы пра Анжэліку А. і С.​Галон (Францыя), працяг рамана М.​Мітчэл «Знесеныя ветрам» («Скарлет», «Рэт Батлер»), раманы Т.​Шарпа, Ж.​Сьюзен, М.​Спілейна, С.​Шэлдан і інш.

Літ.:

«Массовая культура» — иллюзии и действительность. М., 1975;

Николюкин А.Н. Антикультура: массовая литература США М., 1973;

Шабловская И.В. Реализм и «массовая культура» // Шабловская И.В. История зарубежной литературы (XX в., первая половина). Мн., 1998.

І.​В.​Шаблоўская.

т. 10, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)