ШЧУП (ваен.),

прылада для выяўлення мін, бомбаў і інш. боепрыпасаў у грунце (да 15 см) і пад снегам (на ўсю таўшчыню покрыва, да зямлі). Ш. заводскай вытв-сці складаецца з завостранага стальнога стрыжня і рукаяткі (з 3 драўляных звёнаў). Бываюць даўж. 0,8 м (для дзеянняў сапёра ў ляжачым становішчы) і 1,5—2 м (для дзеянняў у стаячым становішчы). Ш. праколваюць грунт пад вуглом 25—45° на адпаведную глыбіню праз кожныя 20 см; месца, дзе стрыжань натыкаецца на цвёрды прадмет, уважліва аглядваюць. Выкарыстоўваюцца таксама глыбінныя Ш. даўж. да 6 м, якія ўводзяць у грунт пры дапамозе калаўроціка.

І.​А.​Шор.

Зборны шчуп: а — прамая ўстаноўка наканечніка; б — нахіленая ўстаноўка наканечніка.

т. 17, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)