ЭЛЕКТРО́Д (ад электра... + грэч. hodos шлях),
канструктыўны элемент электроннай ці электратэхн. прылады, які ўяўляе сабой праваднік пэўнай формы для злучэння ўчастка эл. ланцуга, што прыпадае на рабочае асяроддзе (тэхн. вакуум, газ, паўправаднік, вадкасць), са знешняй часткай ланцуга.
Э. электроннай прылады (электроннай лямпы, электронна-прамянёвай трубкі і інш.) вырабляюць у выглядзе пласцінкі, сеткі, цыліндра і інш. Функцыі гэтых Э. разнастайныя. Напр., такія Э., як катод, фотакатод, служаць крыніцамі электронаў; сеткі і Э. электронных пушак выкарыстоўваюцца для стварэння ўнутры прылады эл. палёў, якія вызначаюць рух электронаў і іонаў у рабочым асяроддзі; анод з’яўляецца калектарам электронаў. Выкарыстоўваюцца пры электролізе і ў хімічных крыніцах току. Зварачны Э. служыць для электразваркі (гл. Зварка).
т. 18, кн. 1, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)