ШУР (Schur) Ісаі (10.1.1875, г. Магілёў — 10.1.1941),

нямецкі матэматык, адзін са стваральнікаў тэорыі выяўленняў груп; заснавальнік навук. школы. Чл. Прускай АН (1922—38). Чл.-кар. АН СССР (1929). Скончыў Берлінскі ун-т (1901), дзе і працаваў у 1903—11 і 1916—35 (з 1916 праф., з 1919 заг. кафедры); у 1911—16 праф. Бонскага ун-та. З 1939 у Палесціне. Навук. працы па тэорыі груп, рыманавых разнастайнасцях, тэорый лікаў і функцый. Сфармуляваў лему аб сплятаючым аператары для канечнамерных непрыводных выяўленняў груп і алгебраў (лема Ш., 1906). Даказаў тэарэмы аб унітарнай трыянгулярызацыі матрыц (1910), прасторах пастаяннай крывізны, існаванні камутатыўнай падалгебры поўнай матрычнай алгебры і інш., якія названы яго імем.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 17, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)