ЭКЗЭ́МА (ад грэч. ekzema высыпка на скуры),

хранічнае захворванне скуры нейраалергічнага паходжання, схільнае да рэцыдываў. Характарызуецца развіццём серознага запалення слоя дэрмы. Узнікае пры парушэннях абмену рэчываў, функцый нерв. сістэмы і залоз унутр. сакрэцыі. У фарміраванні Э. ўдзельнічаюць алергічныя механізмы.

Адрозніваюць Э. сапраўдную, себарэйную, мікробную, прафес. і дзіцячую. Бывае пераважна на скуры твару, рук і ног (разгінальныя паверхні). Прыкметы: пачырваненне, высыпка на скуры (плямы, вузлы, пухіркі, якія лопаюцца), сверб, скура мокне і лушчыцца. У хранічнай стадыі ў ачагах Э. скура ўшчыльняецца, з’яўляюцца трэшчыны, расчухванні. Лячэнне: ліквідацыя асн. прычыны хваробы, тэрапеўт., курорты з сернымі і радонавымі водамі (напр., Мацэста). У жывёл на Э. хварэюць сабакі, коні, каты.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 18, кн. 1, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)