ЭЛЕКТРАЭНЕРГЕ́ТЫКА,
вядучая галіна энергетыкі, якая ахоплівае праблемы атрымання вял. колькасці электраэнергіі, перадачу яе на значныя адлегласці і размеркаванне паміж спажыўцамі. Забяспечвае электрыфікацыю і мае важнае значэнне ў гаспадарцы любой прамыслова развітай краіны.
Развіццё Э. абумоўлена значнымі перавагамі эл. энергіі над інш. відамі энергіі — лёгкасцю перадачы на вял. адлегласці, яе размеркавання, пераўтварэння ў інш. віды энергіі (мех., цеплавую, хім. і інш.). Адметная рыса электраэнергіі — адначасовасць яе генерыравання і спажывання. Асн. яе частка вырабляецца на буйных электрастанцыях (цеплавых, гідраўл., атамных), якія аб’ядноўваюцца лініямі электраперадачы высокага напружання ў аўтаматызаваныя і цэнтралізавана кіроўныя электраэнергетычныя сістэмы. З дапамогай трансфарматарных падстанцый і размеркавальных электрычных сетак электраэнергія дастаўляецца да спажыўцоў. Гл. таксама Ветраэнергетыка, Гідраэнергетыка, Цеплаэнергетыка, Ядзерная энергетыка.
т. 18, кн. 1, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)