ЖЭРЫКО́ ((Géricault) Жан Луі Андрэ Тэадор) (26.9.1791, г. Руан, Францыя — 26.1.1824),
французскі жывапісец і графік, заснавальнік рамантызму. Вучыўся ў К.Вернэ і П.Герэна. Зазнаў уплывы Ж.Л.Давіда і А.Гро. Быў у Італіі (1816—17), Англіі (1820—22), Бельгіі (1820). Працаваў у Парыжы. Раннія творы вылучаюцца эмацыянальнасцю вобразаў і дынамічнасцю («Афіцэр конных егераў імператарскай гвардыі ідзе ў атаку», 1812, «Паранены кірасір пакідае поле бою», 1814). Пасля паездкі ў Італію ўзмацняецца абагульненая манументальнасць форм, каларыт амаль манахромны («Бег вольных коней у Рыме», 1817, «Плыт Медузы», 1818—19). У шэрагу партрэтаў выказаў рамант. ўяўленне пра мастака як пра свабодную, незалежную асобу; серыя «Партрэты звар’яцелых» (1819—20) прасякнута гуманізмам. Адзін з першых стаў працаваць у тэхніцы літаграфіі (серыя «Вялікія і малыя англійскія сюіты», 1820—21). Стварыў кампазіцыі са сцэнамі нар. жыцця, некалькі скульпт. работ.
Літ.:
Жерико о себе и современники о нем: Пер. с фр.М., 1962;
Прокофьев В.Н. Теодор Жерико. М., 1963;
Турчин В.С. Теодор Жерико. М., 1982.
Т.Жэрыко. Афіцэр конных егераў імператарскай гвардыі і дае ў атаку. 1812.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУ́БАВЫ,
сям’я рускіх мастакоў. Фёдар Яўціхіевіч (?—1689), жывапісец. Працаваў у Аружэйнай палаце ў Маскве. Сярод твораў, што захаваліся: насценная размалёўка Наваспаскага манастыра ў Маскве, мініяцюры «Тлумачальнага евангелля» (1678), абразы. Іван Фёдаравіч (1667 — пасля 1744), гравёр. Сын Ф.Я.Зубава. Вучыўся іканапісу ў Аружэйнай палаце (1695—96) і гравюры ў А.Шхонебека (1703—05), з 1708 памочнік П.Пікара ў Маск. друкарні. У тэхніках разцовай гравюры і афорта пераважна па ўласных малюнках ствараў віды Пецярбурга, планы, партрэты і інш.: «Від сяла Ізмайлава. Выезд Пятра II на сакалінае паляванне» (1727—30), партрэт Пятра I (1721, з гравюры Я.Хаўбракена). Аляксей Фёдаравіч (1682 — пасля 1750), гравёр. Сын Ф.Я.Зубава. Вучыўся ў Аружэйнай палаце (1695—1700) і ў Шхонебека. Жыў у Пецярбургу, з 1732 у Маскве. Выканаў каля 100 аркушаў, сярод якіх партрэт Пятра 1 (1712), «Панарама Пецярбурга» (1716), «Баталія пры Грэнгаме» (1721). Яго творчасць паўплывала на развіццё жанру вядуты ў рус. мастацтве.
Да арт.Зубавы. І.Зубаў. Від сяла Ізмайлава. Выезд Пятра II на сакалінае паляванне 1727—30.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́РДАНС ((Jordaens) Якаб) (19.5.1593, г. Антверпен, Бельгія — 18.10.1678),
фламандскі жывапісец. Прадстаўнік барока. З 1607 вучыўся ў Антверпене ў А. ван Норта. У творчасці захоўваў сувязі з традыцыямі нідэрл. мастацтва 16 ст., выкарыстоўваў дасягненні М.Караваджа і П.П.Рубенса, з якім супрацоўнічаў у 1620—40. Раннім работам уласцівы выразна простанародны характар вобразаў, шчыльна згрупаваных на пярэднім плане, буйныя выпуклыя формы, асвятленне, якое падкрэслівае яркія колеры («Святая сям’я», каля 1615; «Пакланенне пастухоў», каля 1617; «Алегорыя Плоднасці» («Услаўленне Памоны»), каля 1622]. У 1620—30-х г. адлюстроўваў сялянскія і бюргерскія тыпажы, якія вылучаліся цяжкаважкасцю фігур, сакавітасцю дэталей, рысамі грубаватага жыццярадаснага гумару: «Сатыр у гасцях у селяніна», пач. 1620-х г.; «Псяр і яго зграя», 1635; «Выхаванне Юпітэра», 1635—40; «Бабовы кароль», 1638—40). Познія творы на рэліг. сюжэты — у рамках рэліг. эстэтыкі барока з рысамі бурлівай патэтыкі і маст. перагрувашчанасці («Шэсце на Галгофу» і інш.). Рабіў малюнкі і кардоны для шпалераў («Гісторыя Аляксандра», «Серыя фламандскіх прымавак»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКО́Ў (Барыс Іванавіч) (н. 30.5.1937, г. Балахна Ніжагародскай вобл., Расія),
бел.жывапісец і мастак тэатра. Засл. дз. маст. Беларусі (1991). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1964), у 1969—73 выкладаў у ім. У 1964—69 мастак Бел.рэсп.т-ра юнага гледача, дзе аформіў спектаклі «Яны і мы» Н.Далінінай, «Варшаўскі набат» В.Карастылёва, «Зорка Венера» М.Алтухова і Б.Бур’яна, «Вялікі канспіратар» А.Кузняцова і інш. У Магілёўскім абл.драм. т-ры аформіў «Каварства і каханне» Ф.Шылера і «Мільянерка» Б.Шоу. Працуе ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Сярод твораў: «Яблыня» (1974), «У майстэрні» (1975), «Рака», «Таня» (абодва 1976), «Атака», «Чорны грузд» (абодва 1979), «Лазневы дзень» (1981), «У Сяргеевічах» (1982), «Вяртанне дадому» (1983), «Карміліца» (1985), «Восень у садах вёскі, якая знікла», (1988), «Хлеб» (1991), «У канцы стагоддзя» (1991—98); серыі «Поры года» (1980—84), «Падлетак» (1986—88); трыпціх «Дарогі, па якіх ніхто не ходзіць» (1987—91), партрэты бел. і рус. вучоных для залы пасяджэнняў НДІ глебазнаўства і аграхіміі ў Мінску (1982) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТА́НЬЁ [Castagno; дакладней Андрэа дэль Кастаньё (Andrea del Castagno; 1417 або 1419, Кастаньё, каля г. Фларэнцыя, Італія — 19.8.1457],
італьянскі жывапісец Ранняга Адраджэння; прадстаўнік фларэнційскай школы жывапісу. Зазнаў уплыў Мазачыо, Данатэла, П.Учэла. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі, таксама ў Венецыі (1442), магчыма, Рыме (1454). Творчасці ўласцівы майстэрскае валоданне малюнкам, энергічная пластычная мадэліроўка форм, напружаная выразнасць поз і ракурсаў, якая часта надае яго творам драм. вастрыню, грубавата-выразная прастата і мужнасць вобразаў: фрэскі ў капэле Сан-Таразіо царквы Сан-Дзакарыя ў Венецыі (1442, з Франчэска да Фаэнцам), «Укрыжаванне з перадстаячымі» ў царкве Санта-Марыя дэльі Анджэлі (каля 1443), «Аплакванне Хрыста», «Тайная вячэра», «Укрыжаванне», «Палажэнне ў труну», «Уваскрэсенне», «Партрэты 9 знакамітых людзей» (Дантэ, Дж.Бакачыо, Петраркі і інш.; усе паміж 1445—57, цяпер у манастыры Сант-Апалонія, пераўтвораным у музей К.) у Фларэнцыі, «Вядомыя людзі» (каля 1450—51, з вілы Кардучы ў Леньяйі), партрэт мужчыны (каля 1455) і інш.
Андрэа дэль Кастаньё Сівіла Кумская. Фрэска цыкла «Вядомыя людзі» з вілы Кардучы ў Леньяйі. Фрагмент. Каля 1450—51.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІПРЭ́НСКІ (Арэст Адамавіч) (24.3.1782, мыза Нежынская каля Капор’я, цяпер Ленінградская вобл. — 17.10.1836),
расійскі жывапісец і графік; прадстаўнік рамантызму. Скончыў Пецярбургскую АМ (1803), яе акадэмік з 1812. З 1809 у Маскве, у 1811 у Цверы, з 1812 у Пецярбургу, у 1816—22 і з 1828 у Італіі.
Працаваў пераважна ў жанры партрэта, у якім імкнуўся ўвасобіць рамант. ідэал яркай, унутр. незалежнай асобы. Творчасці ўласцівы прыўзнятасць вобразаў, эмац. насычанасць у раскрыцці псіхал. стану мадэлі, вылучэнне твару святлом на цёмным фоне, кантрасты плям насычанага колеру, вытанчаны каларыт, дакладнасць і выразнасць малюнка. Аўтар жывапісных партрэтаў А.К.Швальбе (1804), Я.В.Давыдава (1809), хлопчыка Чалішчава (каля 1809), Д.М.Хвастовай (1814), А.С.Пушкіна (1827), М.А.Патоцкай і С.А.Шувалавай з эфіопкай (каля 1835), аўтапартрэта з пэндзлямі за вухам (1808—09), серыі графічных партрэтаў удзельнікаў Айч. вайны 1812 і інш.
Літ.:
Турчин В.С. О.Кипренский. М., 1975;
Кислякова И.В. О.Кипренский: Эпоха и герои. М., 1977;
Валицкая А.Т. О.Кипренский в Петербурге. Л., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́МАЎ (Мікалай Пятровіч) (2.5.1884, Масква — 6.5.1958),
расійскі жывапісец-пейзажыст і тэатр. мастак. Нар.маст. Расіі (1956). Чл.-кар.АМСССР (1949). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1904—11). Выкладаў у Маскве ў Прачысценскім практычным ін-це (1919—20), Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях (1920—22), Маст. вучылішчы памяці 1905 г. (1934—39). Чл. аб’яднання «Блакітная ружа» (1907), Саюза рус. мастакоў (з 1910), Т-ва маскоўскіх мастакоў. З канца 1900-х г. ствараў яркія паводле каларыту, дэкар.-абагульненыя кампазіцыі. Творы (напачатку дынамізаваныя, потым гарманічна-спакойныя) стылізаваў у духу прымітыву, пазней — габелена і класіцыстычнага пейзажа: «Навальніца» (1908), «Жоўты хлеў» (1909), серыя «Купальшчыцы» (1910-я г.). З 1920-х г. адлюстроўваў устойлівыя станы прыроды, на аснове іх аналізу распрацаваў сваю сістэму тону (колер выяўляў не матэрыяльную структуру, а толькі ступень асветленасці аб’екта). Імкнуўся да стварэння сінт. пейзажа-карціны праз эмацыянальнае адзінства вобразнага ладу: «Рэчка» (1926), «Каля млына» (1927), «Раніца ў Цэнтральным парку...» (1937), «Летні дзень у Тарусе» (1939—40). Сярод тэатр. работ: афармленне спектакляў МХАТ «Гарачае сэрца» (1926), «Таленты і паклоннікі» (1933) А.Астроўскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУДРЭ́ВІЧ (Уладзімір Мікалаевіч) (25.11.1884, г. Чавусы Магілёўскай вобл. — 4.1.1957),
бел.жывапісец-пейзажыст. Засл. дз. маст. Беларусі (1944). Вучыўся ў маст. вучылішчы ў Ліепаі (Латвія; 1903—06). Творчасці ўласцівы мяккая, стрыманая колеравая гама, тонкае спалучэнне халодных і цёплых тонаў, спакойная кампазіцыйная будова, паэтычнасць раскрыцця прыгажосці бел. прыроды. У ранні перыяд зазнаў уплыў франц. імпрэсіяністаў. Высокім каларыстычным майстэрствам вызначаюцца работы «Стары Мінск» (1921), «Раніца вясны» (1924), «Млын», «Беларуская вёска» (абедзве 1925) і інш. У 1930-я г. пісаў індустр. пейзажы: «Паглыбленне Арэсы» (1934), «Экскаватар на асушцы» (1938—39), «БелДРЭС» (1940) і інш. Паводле ўражанняў ваен. гадоў стварыў карціну «Па дарогах вайны» (1945—46). Пранікнёнай перадачай свету прыроды вызначаюцца творы пасляваен. гадоў: «Вецер» і «На рацэ Сож» (1945), «Бярозкі» (1948), «Беларускі пейзаж» (1949), «Свіслач» (1952), «Жыта», «Раніца», «Лясная рэчка» (1956) і інш.
Літ.:
Лейтман Ф. У.М.Кудрэвіч. Мн., 1958;
Бяспалы А.А. Пясняр беларускага пейзажу // Выяўленчае мастацтва Беларусі. Мн., 1981;
Фатыхава Г.А. З раніцы — настрой і працавітасць // Мастацтва. 1995. № 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАРЫЁНАЎ (Міхаіл Фёдаравіч) (3.6.1881, г. Ціраспаль, Малдова — 10.5.1964),
расійскі жывапісец, графік, тэатр. мастак; адзін з лідэраў рус.авангарду, заснавальнік лучызму. Вучыўся ў маскоўскім Вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1898—1908) у У.А.Сярова і І.І.Левітана. Стваральнік суполак «Блакітная ружа» (1907), «Асліны хвост» (1912), адзін са стваральнікаў аб’яднання «Бубновы валет» (1910), арганізатар выстаўкі «Мішэнь» (1913). З 1914 у Швейцарыі, з 1915 у Парыжы, мастак у антрэпрызе С.П.Дзягілева. У ранніх работах звяртаўся да постімпрэсіянізму, лучызму, фавізму; «Заход сонца пасля дажджу» (1908), «Раніца ў Казармах» і «Лучызм» (абедзве 1910). «Прамяністы пейзаж» (1912). Пасля 1915 адмовіўся ад станковага жывапісу і працаваў у тэатр.-дэкарацыйным мастацтве, дзе найб. выявіліся прынцыпы лучызму. Стваральнік дэкарацый і касцюмаў да пастановак «Паўночнае сонца» М.Рымскага-Корсакава (1915), заслоны, дэкарацый і касцюмаў да «Рускіх казак» А.Лядава (1917), да «Блазна» С.Пракоф’ева (1921), эскізаў касцюмаў да «Класічнай сімфоніі» (1930), дэкарацый і касцюмаў да «Над Барысфенам» (1932) Пракоф’ева. Ілюстраваў футурыстычныя кнігі В.Хлебнікава, А.Кручоных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТВІ́НАВА (Зоя Васілеўна) (н. 27.11. 1938, в. Старое Сяло Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. мастак манум.-дэкар. мастацтва, жывапісец, графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1992). Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1967). Манум. творам характэрна глыбокае разуменне спецыфікі гэтага віду мастацтва і тэхнікі іх выканання. Сярод работ энкаўстыкі «Стары і новы Вільнюс» у кінатэатры «Вільнюс» (1976), «Мая Радзіма» ў Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў (1977, абедзве ў Мінску, у сааўт. з С.Катковай), «Арфей», «Дзень нашага жыцця» ў санаторыі «Беларусь» у г. Місхор (Украіна, 1984), размалёўка капліцы св. Марыі ў г. Хапфагартэна (Аўстрыя, 1997), габелены «Квітней Беларусь» (у сааўт. з С.Сакаловым, 1979), «У дынамічнай прасторы» (1991), «Дабравешчанне» (1997). Жывапісным творам уласцівы вытанчаныя спалучэнні насычаных колераў і дынамічных рытмаў: «Мая Беларусь» (1972), «Мадонна» (1977), «Цвіценне» (1988), «Аўтапартрэт» (1989), «Крык» (1993), «Купальшчыцы» (1997), «Подых веера», «Фауст і Мефістофель» (абедзве 1998). Аўтар шматлікіх акварэляў: «Сустрэча з мінулым» (1972), «Вясенні кліч» (1980), «Блакітная прастора» (1991), «Зімовы стан» (1993), «Знакі руху» (1995), «Афрыканскія кветкі» (1997); малюнкаў. Іл.гл. таксама да арт.Васковы жывапіс.