РУ́НГЕ ((Runge) Філіп Ота) (23.7.1777, г. Вольгаст, Германія —2.12.1810),

нямецкі жывапісец, графік, тэарэтык мастацтва; адзін з заснавальнікаў рамантызму ў ням. жывапісе. Вучыўся ў Капенгагенскай (1799—1801) і Дрэздэнскай (1801—03) АМ. Ствараў алегарычна-сімвалічныя кампазіцыі («Поры дня», 1802—09), у якіх імкнуўся увасобіць думку пра містычную адухоўленасць прыроды, пра з’яднанне мастака-творцы са светам. У партрэтах спалучаў дакладнасць выяўлення натуры з глыбокай эмацыянальнасцю, схаванай пад знешняй сузіральнай адлучанасцю вобразаў: «Мы ўтраіх» (1805), «Партрэт дзяцей Хюльзенбек», «Мае бацькі», «Аўтапартрэт» (усе 1806). Аўтар кампазіцый на рэліг. тэму «Адпачынак на шляху ў Егіпет», «Хрыстос на возеры» (абедзве 1806—07). Аўтар трактата «Кола колераў, або Канструкцыя адносін усіх фарбаў паміж сабой» (1810).

Тв.:

Рус. пер. — Из писем // Эстетика немецких романтиков. М., 1987.

Літ.:

Betthausen P. Ph.O.Runge. Leipzig, 1980.

Ф.Рунге. Партрэт дзяцей Хюльзенбек. 1806.

т. 13, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)