ПАРТЫНА́РЫ ((Portinari) Кандыда) (29.12.1903, г. Брадоскі, Бразілія — 7.2.1962),

бразільскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Нац. маст. школе ў Рыо-дэ-Жанейра (1918—28). У 1936—39 праф. ун-та ў Рыо-дэ-Жанейра. Зазнаў уплывы экспрэсіянізму, сюррэалізму, П.​Пікасо. З сярэдзіны 1930-х г. у рэаліст. манеры адлюстроўваў жыццё простага народа (батракоў, індзейцаў, неграў), часта надаваў персанажам узнёсла-гераічны характар. Творам уласціва абагульненне форм, мяккасць святлоценявой распрацоўкі, дакладнасць малюнка. Аўтар манум. размалёвак у будынках Мін-ва адукацыі Бразіліі ў Рыо-дэ-Жанейра (1936—45), Б-кі кангрэса ЗША у Вашынгтоне (1941), каледжа ў г. Катагуазіс (1948—49), пано «Вайна і мір» у будынку ААН у Нью-Йорку (1955), партрэта Р.​Ралана (1936), карцін «Мёртвае дзіця» (1944), серыі «Бежанцы» (1945) і інш. Міжнар. прэмія Міру 1950.

К.Партынары. Мёртвае дзіця. 1944.

т. 12, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)