МА́НЕС (Mánes),

сям’я чэшскіх жывапісцаў. Нарадзіліся ў Празе.

Антанін (3.11.1784—23.12.1843), пейзажыст, адзін з заснавальнікаў нац. школы жывапісу. У пач. 1800-х г. вучыўся ў Пражскай АМ, з 1836 выкладаў у ёй. Зазнаў уплывы класіцызму і рамантызму. Ствараў абагульненыя інтымна-паэт. краявіды («Пейзаж з Бельведэрам», 1816; «Вялікая ліла», 1829; «Пейзаж з руінамі», «Пейзаж у буру», абодва 1834), віды чэш. гарадоў («Від на Градчаны», 1821; «Від на Бубенеч», каля 1825; «Град Окарж», 1827, і інш.). Іосеф (12.5.1820—9.12.1871), сын Антаніна. Вучыўся ў Пражскай (1835—45) і Мюнхенскай (1843—48) АМ. У ранні перыяд зазнаў уплыў назарэйцаў, пазней рамантызму. У час вандровак па Чэхіі, Славакіі, Германіі і Польшчы рабіў малюнкі нар. тыпаў і касцюмаў. У манум. жывапісных кампазіцыях ствараў абагульнена-гераізаваны вобраз чэш. сялянства (размалёўка цыферблата гадзінніка Старамесцкай ратушы ў Празе, 1864—66, і інш.). Аўтар партрэтаў (К.​Манеса, 1847; Вендулакавай, 1854), пейзажаў («Касцёл у Гмюндэне», 1842; «Лабскі край», 1863; «Ржыпскі край», 1865—66), ілюстрацый (да «краледворскага рукапісу», 1857—59, і інш.). Квіда (17.7.1828—5.8.1880), сын Антаніна. Вучыўся ў Пражскай АМ (1838—51) і ў Дзюсельдорфе ў Б.​Вацье (1870—71). Зазнаў уплыў дзюсельдорфскай школы жывапісу. У шырокай манеры пісаў гіст. кампазіцыі («Гераічная абарона пражскіх студэнтаў супраць шведаў», 1854), жанравыя кампазіцыі («Вясковы дворнік», 1855; «Першы раз у школу», 1873). Аўтар літаграфій («Народнае гулянне ў дзень св. Яна», 1853), ілюстрацый да «Дон-Кіхота» М.​Сервантэса (1865) і інш.

Літ.:

Гривнина А.С. Манес. Л.;

М., 1960;

Й.​Манес и традиция чешского искусства: Кат. выставки. Прага, 1973.

т. 10, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦКАЕ ЧЫТА́ННЕ,

публічнае выкананне твораў л-ры; від эстрады.

Вытокі М.ч. ў мастацтве дэкламацыі Стараж. Грэцыі і Рыма. У жанры М.ч. выступалі вядомыя зах.-еўрап. акцёры [браты Каклен, В.​Дэжазэ (Францыя), І.​Кайнц (Германія), Г.​Ірвінг (Англія) і інш.]. Выразнае вуснае слова — у аснове нар. мастацтва скамарохаў, акынаў, ашугаў. У Расіі як прафес. М.ч. зарадзілася ў 19 ст. на вечарах літ. чытанняў М.​Шчэпкіна. Майстрамі М.ч. былі В.​Качалаў, І.​Масквін, Дз.​Арлоў, І.​Ільінскі і інш.

На Беларусі заснавальнікам М.ч. лічыцца Сімяон Полацкі (у 1656 падрыхтаваў дэкламацыю «Прывітальныя вершы цару Аляксею Міхайлавічу»). У пач. 20 ст. з М.ч. выступалі акцёры т-ра Буйніцкага (А.​Бурбіс, В.​Буйніцкая, П.​Швайка, Я.​Хвеакціст і інш.), у 1920—30-я г. — У.​Галубка (С.​Бірыла, А.​Блажэвіч, В.​Вазнясенскі, Г.​Качынская і інш.). З 1940-х г. М.ч. развіваецца як самастойны від выканальніцтва. Сярод бел. чытальнікаў Р.​Дзідзенка, Г.​Дзягілева, М.​Зорын, М.​Казінін, І.​Лакштанаў, Г.​Рыжкова, А.​Слесарэнка, М.​Шышкін. Па радыё і тэлебачанні з М.ч. выступалі і выступаюць артысты Г.​Глебаў, П.​Малчанаў, Б.​Платонаў, Л.​Рахленка, Л.​Ржэцкая, І.​Шаціла, В.​Анісенка, Ф.​Варанецкі, Л.​Давідовіч, П.​Дубашынскі, М.​Захарэвіч, Р.​Маленчанка, В.​Тарасаў, Б.​Уладамірскі, В.​Шушкевіч і інш.

Літ.:

Аксенов В.Н. Искусство художественного слова. 2 изд. М., 1962;

Смоленский Я.М. Искусство звучащего слова. М., 1967;

Каляда А.А. Выразнае чытанне. 3 выд. Мн., 1989.

А.​А.​Каляда.

т. 10, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЎНА́ННЕ ў філасофіі,

акт мыслення, пры дапамозе якога класіфікуецца, упарадкоўваецца і ацэньваецца змест быцця і пазнання. Заключаецца ў папарным супастаўленні аб’ектаў з мэтай выяўлення іх адносін; пры гэтым істотным з’яўляюцца ўмовы, або асновы П., — адзнакі, якія дэтэрмінуюць магчымыя адносіны паміж прадметамі. Найб. важны і просты тып адносін, якія выяўляюцца праз П. — адносіны тоеснасці і адрознення. Паводле адносін парадку П. звычайна звязвацца з іерархічнымі класіфікацыямі прадметаў, а П. па ўласцівасцях — з т.зв. разбіваннямі на класы абстракцый.

П. ў літаратуры — мастацкі прыём, пабудаваны на супастаўленні прадметаў ці з’яў, у выніку якога сутнасць аднаго з іх вытлумачваецца праз сутнасць другога; найб. пашыраны від тропа. Граматычна афармляецца з дапамогай злучнікаў і злучальных слоў («як», «нібы», «быццам», «няйначай» і інш.), творным склонам назоўніка, апісальным зваротам, інтанацыйнай (бяззлучнікавай) сувяззю. Бываюць разгорнутыя П., дзякуючы якім падрабязна характарызуецца пэўная з’ява. Асобны від П. — адмоўнае П., у якім пры знешнім проціпастаўленні двух паняццяў ці з’яў наглядаецца іх глыбокае ўнутр. супастаўленне: «Не каліна над вадою // Пахіліла голле — // Плача маці сярод поля, // Праклінае долю» (П.​Трус). Ад П. паходзяць паралелізм, метанімія, метафара, сінекдаха, гіпербала, літота і інш. Гутарковай мове ўласцівы ўстойлівыя, або нар. П.: «чысты як сляза», «чорны як сажа» і інш. У л-ры часам увесь твор — адно разгорнутае П., напр., верш М.​Багдановіча «Зразаюць галіны таполі адну за адной...». П. робіць тэкст твора па-мастацку дакладным, наглядным, жывапісным, выяўляе мастакоўскую своеасаблівасць паэта, яго стаўленне да таго, што адлюстроўваецца ў творы.

В.​П.​Рагойша (літаратура).

т. 12, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫСТА́ЙЛ (англ. freestyle вольны стыль). 1) Ф. на лыжах — сумяшчэнне скораснага спуску з гор на лыжах з акрабатыкай, від лыжнага спорту. Уключае 3 дысцыпліны: могул — скорасны спуск па ўзгорыстай трасе даўж. 200—270 м з выкананнем 2 розных скачкоў; акрабатычныя скачкі з 2-метровага трампліна з выкананнем акрабатычных фігур (сальта, піруэты і інш.); лыжны балет — спуск з гор з выкананнем розных фігур (крокі, вярчэнні, павароты і інш. з музычным суправаджэннем).

Звесткі пра танцы на лыжах вядомы з 1920-х г. (Германія). Лыжны балет пашырыўся ў Еўропе з пач. 1930-х г., у ЗША — у 1960-я г. Акрабатычныя скачкі на лыжах развіваюцца з 1950-х г. Камітэт па Ф. пры Міжнар. федэрацыі лыжнага спорту засн. ў 1978 (каля 40 краін; 1999). Спаборніцтвы на Кубкі свету і Еўропы праводзяцца з 1978, чэмпіянаты свету і Еўропы — з 1986. У праграме Алімп. гульняў могул з 1992, акрабатычныя скачкі з 1994. Найб. развіты Ф. у ЗША, Канадзе, Расіі, Францыі і інш.

На Беларусі Ф. развіваецца з 1987. Федэрацыя Ф. засн. ў 1992. Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся бронз. прызёры Алімп. гульняў А.​Грышын (2002), Дз.​Дашчынскі (1998), уладальніца Кубка свету (2002) А.​Цупер, уладальнікі Кубка Еўропы А.​Парфянкоў (1992) і В.​Вераб’ёў (1995), сярэбраны прызёр Кубка Еўропы (2001) А.​Слівец, бронз. прызёры Ю.​Раковіч (1995), А.​Ткачэнка (1996) і інш. 2) Від праграмы ў сноўбордзінгу — тэхн. катанне, насычанае акрабатычнымі скачкамі.

3) Раздзел кікбоксінгу, другая назва — фул-кантакт (поўны кантакт) з лоў-кікам.

А.​С.​Пастухоў.

т. 16, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІ́ТЫКА (грэч. politika дзяржаўныя, грамадскія справы ад polis дзяржава),

арганізацыйная і рэгулятыўна-кантрольная сфера дзейнасці, звязаная з размеркаваннем і ажыццяўленнем улады, рэгуляваннем грамадскіх адносін. Тэрмін стаў пашыраным пад уплывам трактата Арыстоцеля «Палітыка». Як спецыфічны від дзейнасці ўзнікла разам з дзяржавай. Напачатку П. называлі дзейнасць дзяржавы ўнутры краіны і за яе межамі, узаемадзеянні паміж грамадскімі сіламі, імкненні розных сац. груп да заваявання, утрымання і выкарыстання ўлады, да захавання або разбурэння соцыуму. Сучасная П. мае мнагамерны характар і выступае ў 3 асн. аспектах: як сфера грамадскага жыцця; як найважнейшы від сац. актыўнасці грамадскіх суб’ектаў; як від грамадскіх адносін, узаемаадносін паміж асобамі, сац. групамі, класамі, нацыямі, дзяржавамі і інш. Вылучаюць П. ўнутраную (ахоплівае асн. кірункі дзейнасці дзяржавы, партый палітычных) і знешнюю (ахоплівае сферу адносін паміж дзяржавамі). Адпаведна спецыфіцы дзейнасці і праяўлення ў асн. падсістэмах сістэмы сучаснага грамадства адрозніваюць П. эканамічную — рэгуляванне адносін паміж людзьмі, сац. групамі, грамадствам і дзяржавай у эканам. сферы; сацыяльную — рэгуляванне адносін паміж грамадскімі суб’ектамі ў сац. сферы; П. ў сферы духоўнага жыцця, якая адлюстроўвае дзейнасць дзяржавы, сац. ін-таў, працоўных калектываў, канкрэтных асоб адносна функцыянавання і рэалізацыі ідэй, поглядаў, норм, прынцыпаў, ідэалаў, маральных каштоўнасцей. У вузкім сэнсе П. — дзейнасць вял. сац. груп па заваяванні, ахове і выкарыстанні ўлады. У залежнасці ад узроўню і для характарыстыкі вымярэнняў паліт. прасторы вылучаюць: мегапалітыку (звязана з паліт. дзейнасцю на ўзроўні найвышэйшых суб’ектаў — міжнар. аб’яднанняў і арг-цый, адносіны на глабальным узроўні, механізмы дзейнасці міжнар. соцыумаў); макрапалітыку (дзейнасць на ўзроўні базавых суб’ектаў паліт. жыцця — дзяржаў, нацый, класаў, сац. груп і інш., абмежаваных адм.-прававымі межамі публічнай улады); мікрапалітыку (узаемаадносіны асоб малых груп, унутраныя механізмы групавой дынамікі і індывід. паводзін). Суб’екты П. — канкрэтныя гіст. носьбіты прадметна-практычнай дзейнасці, накіраванай на рашэнне паліт. задач, у т. л. на заваяванне, утрыманне і выкарыстанне ўлады з мэтай рэалізацыі сваіх інтарэсаў, на захаванне стабільнасці і цэласнасці соцыумаў, на эфектыўнае выкананне грамадскіх функцый (дзяржава, партыі, масавыя грамадска-паліт. рухі, паліт. лідэры, кіраўнікі партый і рухаў). Суб’екты П. з’яўляюцца носьбітамі канкрэтных паліт. каштоўнасцей, сярод якіх вылучаюць 3 асн. сістэмы: бяспека і незалежнасць дзяржавы; развіццё эканомікі і дабрабыту народа; свабоды і правы чалавека і канстытуцыйны парадак. У функцыі П. ўваходзяць распрацоўка мэт грамадскага развіцця, мабілізацыя рэсурсаў на іх рэалізацыю; спыненне і рэгуляванне грамадскіх канфліктаў; фарміраванне паліт. свядомасці грамадства і кампанентаў, якія яе складаюць; структураванне паліт. арг-цыі грамадства і інш. Навука пра П. — паліталогія.

І.​В.​Катляроў.

т. 12, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРА́НКА,

1) наданне ювелірнаму каменю шліфаваннем ці паліраваннем геаметрычна правільнай ці асіметрычнай формы мнагагранніка для ўзмацнення яго бляску і зіхацення.

2) Спалучэнне розных па форме і памерах граняў, нанесеных на паверхню каменю. Тыпы агранкі: ружай (ад 12 да 72 граняў), паўбрыльянтавая (ад 12 да 32), брыльянтавая (ад 48 да 240 і болей), ступеньчатая, клінамі, мяшаная, кабашонам (гладкае шліфаванне). Класічны від брыльянтавай агранкі — 56 граняў.

3) Сукупнасць граняў прыроднага хрусталю — натуральная агранка мінералу.

Віды і формы брыльянтавай агранкі з колькасцю граняў 56 (1, 6—8), 100 (2), 72 (3, 5) і 240 (4).

т. 1, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАКВЕ́ТКА (Moneses),

род шматгадовых травяністых раслін сям. грушанкавых. Вядомы 1 від — аднакветка буйнакветная (M. uniflora), пашыраны ва ўмераных і халодных зонах Паўн. паўшар’я. Расце ў імшыстых і чарнічных хваёвых лясах, на купінах нізінных і пераходных балот, у гарах уздымаецца да субальпійскага пояса на выш. да 2,4 тыс. м над узр. м. На Беларусі трапляецца пераважна ў паўн. раёнах.

Выш. 3—17 см. Лісце супраціўнае, акруглае, скучанае ў ніжняй ч. сцябла. Карэнішча паўзучае. Кветкі адзіночныя, белыя, вельмі духмяныя. Цвіце ў чэрв. — пач. ліпеня. Плод — шарападобная шматнасенная каробачка. Лек. расліна, выкарыстоўваецца як сродак ад вочных захворванняў.

Аднакветка буйнакветная.

т. 1, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ РЭСУ́РСЫ,

сукупнасць біял. кампанентаў біясферы, якія складаюць асяроддзе пэўнай геагр. зоны, тэрыторыі (рэгіёна, краіны, вобласці), ландшафту або яго часткі (лесу, вадаёма) і інш.; від прыродных рэсурсаў. З’яўляюцца крыніцамі ці ствараюць перадумовы набыцця неабходных людзям біял. прадуктаў, жывёльнай і расліннай сыравіны і рэчываў; прамысл. аб’екты, культ. расліны, свойскія жывёлы, мікраарганізмы і інш. Існуюць у эстэт. і рэкрэацыйным аспектах. Біялагічныя рэсурсы — аб’ект інтэнсіўнага выкарыстання і эксплуатацыі і звязанай з гэтым прыродаахоўнай дзейнасці. Асн. прынцып аховы біялагічных рэсурсаў абумоўлены іх рацыянальным выкарыстаннем, заснаваным на зберажэнні (падтрымцы, стварэнні) аптымальных умоў іх натуральнага ці штучнага ўзнаўлення.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 3, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАКІ́ТНІЦЫ (Parus),

птушкі сям. сініцавых атр. вераб’інападобных. 2 віды: блакітніца блакітная, або звычайная (P. caeruleus), і блакітніца белая, або князёк (P. cyanus). Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Паўн. Афрыцы. На Беларусі блакітніца блакітная — звычайная на ўсёй тэрыторыі, блакітніца белая — рэдкі аселы від (зах. мяжа арэала віду). Жывуць у мяшаных і лісцевых лясах. Блакітніца белая занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. да 13,5 см, маса да 12 г. Апярэнне белае, шаравата-зялёнае з жоўтым, блакітным і чорным. Гняздуюцца невысока ад зямлі ў дуплах дрэў, шчылінах пнёў. Кормяцца пераважна насякомымі, восенню і зімой — насеннем раслін. Карысныя птушкі.

Блакітніцы: блакітная (уверсе), белая.

т. 3, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРНАСТА́Й (Mustela erminea),

млекакормячая жывёла сям. куніцавых атр. драпежных. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жыве каля вадаёмаў, на балотах, у лесе, зарасніках кустоў, лесастэпе. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца ўсюды (падвід гарнастай сярэднярускі).

Даўж. цела да 38 см, хваста да 12 см, маса да 260 г. Футра кароткае, мяккае, густое. Летам спіна і бакі буравата-рыжыя, брушка белае з лімонна-жоўтым адценнем, зімой — снежна-белыя. Кончык хваста чорны. Корміцца пераважна дробнымі мышападобнымі грызунамі. Гнёзды ў норах, дуплах, ламаччы, пад тарпамі саломы. Нараджае да 18 дзіцянят (у сярэднім 4—8). Каштоўнае футра.

Гарнастай: 1 — летам; 2 — зімой.

т. 5, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)