І́ВАЛГА звычайная

(Oriolus oriolus),

птушка сям. івалгавых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўропе, Малой, Сярэдняй і Паўд. Азіі, Паўн.-Зах. Афрыцы. Жыве ў лясах, рэдкалессі, парках і садах. На Беларусі звычайны гнездавальны від; нар. назва жаўна.

Даўж. цела 23—27 см, маса 70—90 г. Апярэнне галавы і тулава ў самцоў залаціста-жоўтае; ад асновы дзюбы да вока ідзе чорная паласа, у самак верх цела жаўтавата-зялёны, ніз шаравата-белы з цёмнымі падоўжанымі стракацінамі Гнёзды ў кронах дрэў (падобныя да павіслага паўшар’я) з размачаленай бярозавай скуркі, траў, лішайнікаў, моху. Нясе 3—5 яец. Корміцца вусенямі, павукамі, хрушчамі, клапамі, мухамі, матылямі і інш. Зімуе ў Афрыцы, Індыі.

Івалга звычайная: 1 — самец, 2 — самка каля гнязда.

т. 7, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)