КІРАВА́ННЕ ў мовазнаўстве,

від залежнай сінтакс. сувязі паміж членамі словазлучэння, пры якой гал. слова патрабуе ад залежнага (назоўніка ці яго эквіваленту) формы пэўнага ўскоснага склону. Кіруючым можа быць любое самаст. слова. Вылучаюць К.: прыдзеяслоўнае (кіруючае слова — дзеяслоў, «спяваць песні»), прысубстантыўнае (назоўнік кіруе назоўнікам, «любоў да радзімы»), ад’ектыўнае (кіруючае слова — прыметнік, «поўны радасці»), адвербіяльнае (кіруючае слова — прыслоўе, «далёка ад дому»).

К. бывае непасрэднае, або беспрыназоўнікавае («люблю дзяцей»), і пасрэднае, або прыназоўнікавае («клапачуся пра дзяцей»). Адрозніваюць моцнае К. — гал. слова патрабуе ад залежнага пэўнай склонавай формы («апяваць гераізм», «адмовіцца ад сваіх слоў»), і слабае — сувязь паміж гал. і залежным словамі неабавязковая для рэалізацыі значэння гал. слова (параўн.: «вербы шумяць над ракой» і «вербы шумяць»).

Г.У.Арашонкава.

т. 8, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)