Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАЛІ́ДЫ, металічныя злучэнні,
хімічныя злучэнні металаў паміж сабой (інтэрметаліды), а таксама металаў (пераважна пераходных) з неметаламі (карбіды, нітрыды, сульфіды і інш.).
Звычайна М. існуюць у пэўнай вобласці канцэнтрацый кампанентаў, т. зв. вобласці гамагеннасці. Іх састаў і структура абумоўлены становішчам элементаў у перыяд. сістэме, іх атамнымі радыусамі і электраадмоўнасцю; састаў звычайна не адпавядае фармальнай валентнасці элементаў. Для большасці М. характэрна пераважна металічная сувязь. Паводле колькасці элементаў адрозніваюць М. падвойныя (напр.. CuAu, AlCu3, TiC), патройныя (напр., CuInSe2, Cu2Mo6S8) і складаныя (напр., высокатэмпературныя аксідныя звышправаднікі BaYCu3O0,65+x пры 0,23 < x < 0,3). Інтэрметаліды ў параўнанні з чыстымі металамі маюць меншую электра- і цеплаправоднасць, больш высокія т-ры плаўлення і цвёрдасць; многія вызначаюцца нізкай пластычнасцю. Для злучэнняў металаў з неметаламі, як правіла, характэрны паўправадніковыя ўласцівасці. Выкарыстоўваюць М. як магнітныя і паўправадніковыя матэрыялы, звышправаднікі, кампаненты высокатрывалых канстр. матэрыялаў і гарачатрывалых сплаваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ГАЛО́ЎНЫ ПАШТА́МТ.
Пабудаваны ў 1949—53 у Мінску (арх. У.Кароль). Складаецца з 2 злучаных паміж сабой аб’ёмаў — асноўнага 4-павярховага П-падобнага ў плане, пастаўленага ўздоўж чырвонай лініі праспекта Скарыны, і прыбудаванага да яго тыльнага фасада (круглы ў плане, у выглядзе ратонды з купалам; дыяметр 30 м), дзе размешчана вял. аперацыйная зала. Гал. фасад будынка, арыентаваны на праспект Скарыны, мае сіметрычную кампазіцыю. Размешчаныя па ўсім фасадзе трохчвэртныя калоны вял. карынфскага ордэра, масіўныя формы цэнтр. аркі ўвахода з апорамі, якія значна выступаюць за межы плана і высокі раскрапаваны атык надаюць будынку манум. характар. У аздабленні фасадаў і інтэр’ераў выкарыстаны прыродны камень, высакаякасная тынкоўка, ляпныя дэталі, вітражы з выявамі помнікаў архітэктуры Беларусі (1980, В.Позняк). Будынак — характэрны прыклад выкарыстання элементаў класічнай спадчыны ў архітэктуры Беларусі 1940—50-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІСКУ́Н Юрый Аляксандравіч (н. 27.8.1955, Мінск),
бел. мастак, мастацтвазнавец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1980). У 1984—94 працаваў у Музеі стараж.-бел. культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 2000 нам. дырэктара Нац.маст. музея Беларусі. З 1994 выкладае ў Бел.АМ. Працуе ў жанрах партрэта, пейзажа, тэматычнай карціны. Аўтар жывапісных твораў; «Час пералётных птушак», «Сланечнікі» (абодва 1983), «Вяселле ў Беражцах» (1985), «Зіма» (1986), «Святочная раніца» (1987), «Раю раіўся» (1994), «Госці», «Старасвецкая мелодыя» (абедзве 1996), «Трава і дрэвы» (1995), «Палескі каравай», «Сакалінае паляванне» (абедзве 1998); трыпціхаў «Яблычны спас» (1999), «Шляхамі Драздовіча» (2000); габеленаў «Полацкія званы» (1990), «Малітва» (1991, з В.Дзёмкінай); сцэн. касцюмаў для бел. ансамбляў, у т. л. «Харошкі», «Песняры» і інш. Творам характэрнырамант. ўзнёсласць, вытанчаная прапрацоўка вобразаў, сюжэтная завершанасць. Іл.гл. да арт.Партрэт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІЭФІ́РНЫЯ ВАЛО́КНЫ,
сінтэтычныя валокны, якія фармуюць са складаных поліэфіраў, у асн. з расплаву поліэтылентэрэфталату. Гандл. назвы: лаўсан, дакрон, тэрылен, тэтэрон, тэргаль, элан і інш. Атрымліваюць таксама П.в. на аснове хімічна мадыфікаванага поліэтылентэрэфталату (т.зв. суполіэфірныя валокны) і ў значна меншай колькасці — з полікарбанатаў, поліэтыленоксібензаату, полібутылентэрэфталату, вадкакрышт. поліэфіраў і інш.
Для П.в. характэрны высокія трываласць, тэрма-, святло-, атмасфера- і зносаўстойлівасць. Устойлівыя да ўздзеяння кіслот (акрамя канцэнтраваных азотнай і сернай) і раствораў шчолачаў, многіх арган. растваральнікаў, у т. л. тых, што выкарыстоўваюць пры хім. чыстцы. Інтэрвал рабочых т-р ад -60 да 170 °C. Суполіэфірныя валокны пазбаўлены асн. недахопаў П.в. (цяжкасць фарбавання, гідрафобнасць, моцная наэлектрызаванасць і калянасць вырабаў). Выкарыстоўваюць у вытв-сці разнастайных тканін, трыкатажу, дываноў, штучнага футра, шыннага корду, тканін для гумава-тэхн. вырабаў, электра- і фільтравальных матэрыялаў і інш.
На Беларусі П.в. выпускае Магілёўскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРА́УС (Struthio camelus),
птушка атр. страусападобных. Адзіны сучасны від атрада. Вывадкавая птушка. Пашыраны ў Афрыцы, раней трапляўся (да 1941) у Сірыі і на Аравійскім п-ве (вынішчаны). Жыве ў пустынях і стэпах, зрэдку з зараснікамі кустоў. Трымаецца групамі да 5—6, радзей да 30—40 птушак.
Найбольшы з сучасных птушак: выш. да 2,7 м, маса да 136 кг. Самец большы за самку. Апярэнне мяккае, у самца чорнае, махавыя і рулявыя пёры белыя, у самкі — шаравата-бурае. Галава і шыя пакрыты кароткім пухам. Не лятае; характэрны малыя памеры грудной косці і адсутнасць кіля. Ногі доўгія, моцныя, з 2 пальцамі. Хутка бегае (да 50 км/гадз). Палігам. 3—6 самак адкладваюць 6—8 яец (самыя вял. з птушыных) у агульнае гняздо Расліннаедныя. Разводзяць на фермах (дзеля пёраў для ўпрыгожанняў і мяса).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯМ’Я́ў жывёл,
устойлівае аб’яднанне асобін, засн. на палавой цязе, сувязях паміж бацькамі і патомкамі, тэр. супольнасці і неабходнасці сумеснага клопату пра патомства. Гэтыя ўмовы выконваюцца ў манагамнай С., напр., у аселых відаў птушак, пары якіх захоўваюцца да смерці аднаго з партнёраў, а ч. маладняку застаецца на тэр. бацькоў. Такія камунальныя ячэйкі характэрны і для некат. млекакормячых (напр., мангусты). У многіх птушак (асабліва ва ўмераных паясах) манагамная С. ўтвараецца толькі на сезон размнажэння, але часта пары аднаўляюцца і на новы перыяд. У гусей і лебедзяў адзінства С. падтрымліваецца таксама ў час сезонных міграцый і на зімоўках. У большасці млекакормячых жывёл утвараецца сямейная група, якая складаецца з самкі, яе патомства аднаго ці двух пакаленняў і без самца. Структура і ўстойлівасць сямейных ячэек у палігамных відаў абумоўлены асаблівасцямі тыпу палавых зносін — праміскуітэт, полігінія ці поліандрыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́ТРЫ (Tatry),
горны масіў у Польшчы і Славакіі, самы высокі ў Карпатах. Даўж. 65 км, выш. да 2655 м (г. Герлахаўскі-Шціт, найвышэйшы пункт Карпат). Далінамі рэк Ваг і Горнад падзелены на Высокія і Нізкія Татры. Высокія Татры складзены з гранітаў, гнейсаў, маюць зубчаты грэбень, альпійскія формы рэльефу (трогі, цыркі, каравыя азёры). У Нізкіх Татрах трапляюцца таксама вапнякі з карставымі формамі рэльефу. Т. моцна ўвільготнены атл. цыклонамі на працягу года (800—1200 мм за год). Снегавое покрыва 6—8 месяцаў. Вясной і восенню характэрны вятры фены. У раслінным покрыве — дубова-букавыя лясы да выш. 700 м, букава-піхтавыя лясы да выш. 1200 м, субальпійскае хваёвае крывалессе з зараснікамі рададэндрану і чарнічніку да 1800 м, вышэй альпійскія лугі і камяністыя россыпы. Татранскі нацыянальны парк. Цэнтры зімовага спорту (Закапанэ і інш.). Курорты. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСХО́ДНЯЯ А́ЗІЯ,
прыродная краіна (часам разглядаецца як група прыродных краін) у Азіі, якая прымыкае да Ціхага ак. ва ўмераным, субтрапічным і трапічным паясах, на Пд ад 60°паўн. шыраты. У межах У.А. размешчаны ўсх.ч.тэр.Рас. Федэрацыі і Кітая, Японія, КНДР, Рэспубліка Карэя; часам да яе адносяць Філіпіны. У рэльефе сярэдневышынныя і высокія горы і нагор’і (Джугджур, Сіхатэ-Алінь, Маньчжура-Карэйскія, Паўд.-Кітайскія і інш.) чаргуюцца з буйнымі акумулятыўнымі раўнінамі (Прыамур’я, Паўн.-Усх. Кітая, Вял. Кітайская). Значная ч. У.А. ў межах Зах.-Ціхаакіянскага геасінклінальнага пояса. Характэрны вулканізм (на Камчатцы і горна-астраўных дугах), моцная сейсмічнасць. Клімат мусонны з вільготным летам і адносна сухой зімой. Летам і восенню бываюць тайфуны, навадненні. Натуральная расліннасць — пераважна лясы, на Пн — мяшаныя і таежныя, на Пд шыракалістыя субтрапічныя і трапічныя. У менш вільготных раёнах — лесастэпавыя і стэпавыя фармацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЯДО́ТАЎ Павел Андрэевіч (4.7.1815, Масква — 26.11.1852),
рускі мастак; пачынальнік крытычнага рэалізму ў рус.выяўл. мастацтве. У 1834—44 на вайск. службе, у час якой наведваў рысавальныя класы Пецярбургскай АМ. З 1849 яе акадэмік. Пачынаў з замалёвак ваен. побыту, потым звярнуўся да сатыр. жанравых сцэн («Вынік сканання Фідэлькі», 1844). Яго творы «Свежы кавалер» (1846), «Пераборлівая нявеста» (1847), «Сватанне маёра» (1848), «Снеданне арыстакрата» (1849—51) — невял., дэталёва распрацаваныя карціны з разгорнутым сюжэтам і з’едлівай сатырай на звычкі тагачаснага грамадства. Познія работы «Удовачка» (1851), «Анкор, яшчэ анкор» (каля 1851) трагічныя і поўныя спачування да адзінокіх, абяздоленых людзей. Паэтычнасцю вызначаюцца партрэты Н.П.Ждановіч (1849), Е.П.Растапчыной (каля 1850) і інш. Яго творчасці характэрны жыццёвая праўда, наватарскія прыёмы сюжэтнага апавядання, майстэрства ў абмалёўцы характараў.