ПАРТЭ́Р (франц. parterre ад раг па + terre зямля),
1)у тэатральным будынку, кінатэатры, канцэртнай зале — частка глядзельнай залы ніжэй узроўню сцэны (звычайна павышаецца ад сцэны да задніх радоў) з месцамі для гледачоў. Звычайна з’яўляецца асн. па аб’ёме часткай глядзельнай залы. Вырашэнне П. залежыць ад агульнай кампазіцыі інтэр’ера будынка. Існуюць прамавугольныя ў плане, у выглядзе сегментаў, паўкруга ці паўавала, больш складанай формы. У некаторых відовішчных збудаваннях П. вырашаюцца амфітэатрам.
2) У садова-паркавым мастацтве — адкрытая частка саду ці парку на роўнай мясцовасці з газонамі, кветнікамі, вадаёмамі, бардзюрамі з кустоў. На П. часта размяшчаюць скульптуру, фантаны, курціны, асобныя дрэвы. П., падзеленыя на ўчасткі правільнай формы з узорамі, створанымі стрыжаным самшытам, каляровым пяском, тоўчанай цэглай і інш., характэрны для рэгулярных паркаў 17—18 ст. (у Версалі, Петрадварцы). Больш свабодныя па абрысах П. ў пейзажных парках, звычайна ў выглядзе лужкоў (паркі Стоу ў Англіі, у Паўлаўску). На Беларусі пашырыліся ў 17—18 ст. у рэгулярных парках, т.зв. італьянскіх садах, уяўлялі сабой прамавугольныя ўчасткі, акаймаваныя алеямі са шпалерамі (Альбінскі палацава-паркавы ансамбль) у 19 — пач. 20 ст. выкарыстоўваліся ў кампазіцыях пейзажных паркаў (паркі ў Гомелі, Нясвіжы). П. шырока выкарыстоўваюцца ў ландшафтнай архітэктуры і азеляненні пры стварэнні буйных горадабудаўнічых ансамбляў (П. на плошчах Незалежнасці і Перамогі ў Мінску і інш.).
В.Р.Анціпаў.
т. 12, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)