МЕТАЛАГЕНІ́Я
(ад металы + грэч. genos нараджэнне),
раздзел вучэння аб карысных выкапнях, які даследуе геал. і геахім. заканамернасці размяшчэння рудных радовішчаў у прасторы і часе. Тэрмін уведзены ў 1892 франц. геолагам Л. дэ Лане. Асн. задача М. — перспектыўная ацэнка руданоснасці геал. структур і эпох. М. падзяляецца на: эндагенную (даследуе радовішчы металічных руд, утварэнне якіх звязана з глыбіннымі працэсамі); экзагенную (радовішчы жалеза, нікелю, марганцу і інш., утвораныя ў паверхневых умовах пры выветрыванні горных парод і асадканамнажэнні ў водных басейнах); агульную (тэарэт. асновы і агульныя заканамернасці пашырэння рудных фармацый); рэгіянальную (руданосныя плошчы і рудныя радовішчы ў межах геал. рэгіёна, таксама адносна тэктанічных структур, тыпаў горных парод і інш.); спецыяльную (заканамернасці пашырэння ў часе і прасторы арудзянення аднаго металу, напр., берылію, жалеза ці комплексу металаў, напр., медна-нікелевых сульфідных руд).
Рудныя комплексы металаў пераважна прымеркаваны да асобных рэгіёнаў зямнога шара, якія наз. металагенічнымі правінцыямі, узнікненне іх абумоўлена геал. будовай і геал. гісторыяй гэтых тэрыторый. У геал. гісторыі Зямлі вылучаны металагенічныя эпохі — пэўныя перыяды часу назапашвання металаў на асобных участках зямной кары ў выглядзе радовішчаў. Рэзка адрозніваюцца ў металагенічных адносінах геасінкліналі, для якіх характэрны эпохі глыбіннага рудаўтварэння, і платформы, што з’яўляюцца абласцямі пашырэння рудных радовішчаў паверхневага генезісу. У выніку правядзення металагенічных даследаванняў складаюцца металагенічныя і прагнозныя карты.
Я.І.Аношка.
т. 10, с. 304
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)