Ф’ЁРАВА́НЦІ, Фіяраванці (Fioravanti) Арыстоцель (каля 1415, г. Балоння, Італія — каля 1486), італьянскі архітэктар, інжынер. Да 1473 працаваў пераважна ў Балонні і Мілане. Вядомасць набыў за інж. работы па ўмацаванні і перасоўцы буйных збудаванняў. У 1475 па запрашэнні вял.кн. Івана III Васілевіча прыехаў у Маскву. Пабудаваў Успенскі сабор (1475—79) Крамля Маскоўскага, у якім гарманічна спалучыў традыцыі Уладзіміра-Суздальскай школы дойлідства з рацыяналістычнымі рысамі архітэктуры італьян. рэнесансу. Як ваен. інжынер і начальнік артылерыі ўдзельнічаў у паходах Івана III на Ноўгарад (1477—78), Казань (1482), Цвер (1485). Зрабіў вял. ўплыў на развіццё рус.буд. тэхнікі.
Літ.:
Земцов С.М., Глазычев В.Л. Аристотель Фьораванти. М., 1985;
Подъяпольский С.С. Итальянские строительные мастера в России в конце XV — начале XVI в. по данным письменных источников (опыт составления словаря) // Реставрация и архитектурная археология: Новые материалы и исслед. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦУГ (Zug) Шыман Багуміл (20.11.1733, г. Мерзебург, Германія — 11.8.1807),
польскі архітэктар; прадстаўнік класіцызму. З 1752 працаваў у Саксонскай буд. управе (г. Дрэздэн), з 1762 у Польшчы. Найб. значныя работы ў Варшаве: палацы Бланка (1762—64), К.Панятоўскага на Сольцы (1772), Браніцкіх, Сангушкаў (абодва з 1777) і інш., бровар на Сольцы (1768), лютэранская царква св. Тройцы (1777—80), ратуша на Лешне і дом Рослера і Гартвіга (абодва каля 1784), паркавы комплекс на Сольцы (1772—80). У Аркадзіі (каля Няборава) спраектаваў парк (з 1778), Дом прымаса (да 1783), храм Дзіяны (1783), акведук (1784). Перабудаваў палац А.Радзівіл у Нябораве (1775—80). На Беларусі паводле праекта Ц. пабудаваны драўляны палац Л.Тышкевіча ў в. Гародна Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. (1779—80, не захаваўся), які ўваходзіў у комплекс Гародзенскай сядзібы.
Ш.Б.Цуг. Лютэранская царква святой Тройцы ў Варшаве. 1777—80.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ю́РЦІН Барыс Алегавіч (н. 29.11.1932, г. Чыта, Расія),
бел.архітэктар. Скончыў Львоўскі палітэхн. ін-т (1958). Працаваў у г. Новакузнецк Кемераўскай вобл., у г. Алма-Ата. З 1971 у Мінску ў Гал.арх.-планіровачным упраўленні, з 1973 у ін-це «Мінскпраект». Асн. работы ў Мінску: добраўпарадкаванне берагавой зоны р. Свіслач (1976—90), тэрыторый, прылеглых да гасцініцы «Беларусь» (1989) і Камароўскага рынку (2001), Міхайлаўскага сквера (1990-я г.), Партызанскага праспекта на ўчастку станцый метро «Аўтазаводская» — «Магілёўская» (2000—03), сквераў на пл. Перамогі (2003); спарт. комплекс «Працоўныя рэзервы» (1980—84), арх.-маст. афармленне станцыі метро «Парк Чэлюскінцаў» (1984), стварэнне арх.-ландшафтных комплексаў усх. раёнаў горада на аснове Сляпянскага водна-паркавага паўкальца (Дзярж. прэмія СССР 1989), рэканструкцыі тэр. стадыёна «Дынама» (1980), участка праспекта Скарыны (ад пл. Незалежнасці да вул. Філімонава, 1984—85; усіх кіраўнік аўтарскага калектыву).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́ЗАЎ Валерый Францавіч (н. 25.2.1947, Мінск),
бел.архітэктар і гісторык архітэктуры. Канд. архітэктуры (1987). Скончыў БПІ (1971). З 1971 працаваў у ін-це «Мінскпраект», з 1974 выкладае ў БПА (з 1988 дацэнт), Бел.АМ, Еўрап.гуманіт. ін-це ў Мінску. Асн. работы: праекты комплексу будынкаў праектных ін-таў па вул. Варвашэні, гандл.-грамадскага цэнтра па вул. Прытыцкага (абодва 1971—74), будынка Дома архітэктараў (1972, усе ў сааўт.) у Мінску. Даследуе архітэктуру Беларусі 18—19 ст.
Тв.:
Атлас памятников архитектуры и мемориальных комплексов Белоруссии. Мн., 1988 (у сааўт.);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ КЛЯ́ШТАР БЕНЕДЫКЦІ́НАК.
Існаваў у 1591—1877 і ў 1920—45 у г. Нясвіж. Засн.кн. М.К.Радзівілам Сіроткам з жонкай, якія далі бенедыкцінкам фальварак Гавязна з 4 вёскамі, тэрыторыю ў 11 моргаў для забудовы і 9 тыс. злотых. Першыя манашкі прыбылі з Хелмна (Польшча). Сярод манашак былі прадстаўніцы вядомых феад. родаў (Войнаў, Нарбутаў, Радзівілаў, Слушкаў, Тышкевічаў, Халецкіх і інш.). У кляштары пастаянна выхоўвалася каля 25 свецкіх паненак, якіх навучалі мовам, музыцы, маст. шыццю і інш. Корпус кляштара змураваны ў 1593—96, касцёл св. Эўфеміі (архітэктар Дж.М.Бернардоні) асвячоны ў 1595. Вежа над касцёлам пабудавана ў 1720-я г., уваходная званіца — у 1760-я г. У 1877 кляштар скасаваны, будынкі аддадзены пад Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. У 1920—45 кляштар зноў дзейнічаў. Цяпер у комплексе Н.к.б. размешчаны Нясвіжскі педагагічны каледж.
А.А.Ярашэвіч.
Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак. З малюнка Н.Орды. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РТА, Арта,
Хорта (Horta) Віктар (6.1.1861, г. Гент, Бельгія — 8.9.1947), бельгійскі архітэктар; адзін са стваральнікаў стылю мадэрн. Вучыўся ў АМ у Генце (з 1876) і Бруселі (з 1880). Праф. Свабоднага ун-та ў Бруселі (1892—1912), АМ у Антверпене (1919—27) і Бруселі (1912—31, у 1927—31 дырэктар). З 1915 працаваў у Вялікабрытаніі, у 1916—19 у ЗША. Для пабудоў О. (пераважна асабнякі) характэрны свабода планіроўкі, падабенства канструкцый да прыродных форм, пластычнасць аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі, шырокае выкарыстанне металу і шкла, выяўленне іх дэкар. магчымасцей, стыліст. адзінства ўсіх элементаў збудавання. У дэкоры інтэр’ераў і фасадаў багата выкарыстоўваў расл. арнамент, увёў у стылістыку мадэрну гнуткую лінію — т. зв. ўдар О., ці ўдар бізуна. Сярод твораў: асабнякі Таселя (1892—93), Сольве (1895—1900), Нар. дом (1896—99) — усе ў Бруселі. У позняй творчасці перайшоў на пазіцыі неакласіцызму (Цэнтр. вакзал у Бруселі, 1953). Іл.гл. ад арт.Мадэрн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ЧКІН Ярамір Аляксандравіч (5.5.1926, С.-Пецярбург — 17.6.1976),
бел. скульптар, архітэктар. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Рэпіна ў Ленінградзе (1952). Творчасці ўласціва арган. спалучэнне скульптуры і архітэктуры. У 1956—59 стварыў (у сааўт.) шэраг помнікаў воінам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну; выканаў медальёны «Вызваленне Мінска», «Абаронцы Брэсцкай крэпасці», «Манумент героям Айчыннай вайны», абеліск з рэльефнымі выявамі воінаў у гонар вызвалення г. Жлобін ад ням.-фаш. захопнікаў; скульптурную групу «Марыя і Антаніна Лузгіны — обальскія камсамолкі-падпольшчыцы» (1964); фрыз і барэльеф «Партызаны» ў кінатэатры «Партызан» у Мінску (1967), рэльеф на помніку воінам і партызанам на воз. Нарач (1967—68), помнік сав. воінам і партызанам (1975, г.п. Астравец Гродзенскай вобл.), скульптурная група «Плыўцы» (1976) у пансіянаце на воз. Нарач. Аўтар партрэтаў архітэктараў М.Бакланава, С.Баткоўскага (абодва 1973) і інш.
Ф.І.Валадзько.
Я.Печкін. Рэльеф на помніку воінам і партызанам на воз. Нарач. 1967—68.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУ́ЛЕР (Fuller) Рычард Бакмінстэр (12.7.1895, г. Мілтан, ЗША — 1.7.1983),
амерыканскі архітэктар, дызайнер, інжынер. Вучыўся ў Гарвардскім ун-це (1913—15). Працаваў у буд. кампаніі ў Чыкага, з 1959 ва ун-це Паўд. Ілінойса. Распрацаваў праект зборнага алюмініевага дома, падвешанага да мачты, т.зв. машыну для жылля (1927); 3-колавы аўтамабіль (1933). Вынайшаў новую картаграфічную праекцыю свету (1942, складаецца з 6 прамавугольнікаў і 8 трохвугольнікаў, мае шэраг пераваг у параўнанні з глобусам). Распрацоўваў прасторавую канструкцыю «геадэзічнага купала» (паўсферы, што збіраліся з тэтраэдраў): «Залаты купал» для Амер. выстаўкі ў Маскве (1959), павільён ЗША на Сусв. выстаўцы ў Манрэалі (1967) і інш., у 1966—67 распрацаваў праект горада, які плавае, для 300 тыс. жыхароў. Аўтар кніг «Тэхнічнае настаўленне для касмічнага карабля «Зямля» (1969), «Сінергетыка: даследаванні геаметрыі мыслення» (1974), аўтабіяграфіі «Ідэі і цэласнасць» (1963). Імем Ф. названа адна з форм вугляроду — фулерэны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАНТУ́РЫЯ Уладзімір Аляксандравіч (28.6.1923, Баку — 28.11.1988),
бел.архітэктар, гісторык архітэктуры, педагог. Д-р архітэктуры (1965), праф. (1968). Скончыў Азербайджанскі індустр.ін-т (1947). У 1947—49 у ін-це «Белдзяржпраект» у Мінску, з 1953 выкладчык БПІ (з 1969 заг. кафедры). Аўтар праектаў дэталёвай планіроўкі гіст. цэнтраў Гродна (1970) і Віцебска (1972, абодва ў сааўт.). Пад яго кіраўніцтвам праведзены абмеры помнікаў бел. дойлідства (1954—70) і абследаванне гіст. забудовы бел. гарадоў (1971—82). Працы па гісторыі бел. архітэктуры: «Архітэктура Беларусі канца XVIII — пачатку XIX ст.» (1962), «Архітэктурныя помнікі Беларусі» (1982), «Помнікі архітэктуры і горадабудаўніцтва Беларусі» (1986). Дзярж. прэмія Беларусі 1980.
Тв.:
Атлас памятников архитектуры и мемориальных комплексов Белоруссии. Мн., 1983;
История архитектуры Белоруссии. Т. 1. 3 изд. Мн., 1985;
Белоруссия, Литва, Латвия, Эстония. Мн., 1986 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУДЗІНЕ́НКА Анатоль Дзмітрыевіч (н. 23.1.1940, с. Ленінскае Хабараўскага краю, Расія),
бел.архітэктар, педагог. Канд. архітэктуры (1972). Скончыў БПІ (1963). З 1963 у ін-це «Гомельграмадзянпраект», з 1967 у ін-це «Брэстграмадзянпраект», з 1974 выкладчык Брэсцкага тэхн. ун-та. Асн. работы: генпланы гарадоў Калінкавічы (1965), Драгічын (1973), планіроўка турбазы «Белае возера» ў Брэсцкім р-не (1970—73), забудова мікрараёнаў №1, 2 і па вул. Набярэжнай у Брэсце (1967—75), праекты жылых дамоў у гарадах Шклоў (1989), Барань Аршанскага р-на (1990) і інш., рэканструкцыя стадыёна на 5 тыс. гледачоў у Шклове (1998—2000) і інш.
Тв.:
Планировка и застройка сельских населенных мест. Мн., 1984;
Районная планировка и региональное расселение. Мн., 1986 (разам з І.Дз.Белагорцавым, В.М.Саламеннікам);
Фермерское хозяйство. Могилев, 1993 (разам з Г.М.Сіваевым, А.Г.Шпаннікавым);
Ваша усадьба. Мн., 1994 (у сааўт.);
Экологические основы архитектурного проектирования: Учеб. пособие. Брест, 2003.