ФУ́ЛЕР (Fuller) Рычард Бакмінстэр (12.7.1895, г. Мілтан, ЗША — 1.7.1983),

амерыканскі архітэктар, дызайнер, інжынер. Вучыўся ў Гарвардскім ун-це (1913—15). Працаваў у буд. кампаніі ў Чыкага, з 1959 ва ун-це Паўд. Ілінойса. Распрацаваў праект зборнага алюмініевага дома, падвешанага да мачты, т.зв. машыну для жылля (1927); 3-колавы аўтамабіль (1933). Вынайшаў новую картаграфічную праекцыю свету (1942, складаецца з 6 прамавугольнікаў і 8 трохвугольнікаў, мае шэраг пераваг у параўнанні з глобусам). Распрацоўваў прасторавую канструкцыю «геадэзічнага купала» (паўсферы, што збіраліся з тэтраэдраў): «Залаты купал» для Амер. выстаўкі ў Маскве (1959), павільён ЗША на Сусв. выстаўцы ў Манрэалі (1967) і інш., у 1966—67 распрацаваў праект горада, які плавае, для 300 тыс. жыхароў. Аўтар кніг «Тэхнічнае настаўленне для касмічнага карабля «Зямля» (1969), «Сінергетыка: даследаванні геаметрыі мыслення» (1974), аўтабіяграфіі «Ідэі і цэласнасць» (1963). Імем Ф. названа адна з форм вугляроду — фулерэны.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 16, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)