Ф’ЁРАВА́НЦІ, Фіяраванці (Fioravanti) Арыстоцель (каля 1415, г. Балоння, Італія — каля 1486), італьянскі архітэктар, інжынер. Да 1473 працаваў пераважна ў Балонні і Мілане. Вядомасць набыў за інж. работы па ўмацаванні і перасоўцы буйных збудаванняў. У 1475 па запрашэнні вял. кн. Івана III Васілевіча прыехаў у Маскву. Пабудаваў Успенскі сабор (1475—79) Крамля Маскоўскага, у якім гарманічна спалучыў традыцыі Уладзіміра-Суздальскай школы дойлідства з рацыяналістычнымі рысамі архітэктуры італьян. рэнесансу. Як ваен. інжынер і начальнік артылерыі ўдзельнічаў у паходах Івана III на Ноўгарад (1477—78), Казань (1482), Цвер (1485). Зрабіў вял. ўплыў на развіццё рус. буд. тэхнікі.

Літ.:

Земцов С.М., Глазычев В.Л. Аристотель Фьораванти. М., 1985;

Подъяпольский С.С. Итальянские строительные мастера в России в конце XV — начале XVI в. по данным письменных источников (опыт составления словаря) // Реставрация и архитектурная археология: Новые материалы и исслед. М., 1991.

т. 16, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)