ЧАНТУ́РЫЯ Уладзімір Аляксандравіч (28.6.1923, Баку — 28.11.1988),
бел. архітэктар, гісторык архітэктуры, педагог. Д-р архітэктуры (1965), праф. (1968). Скончыў Азербайджанскі індустр.ін-т (1947). У 1947—49 у ін-це «Белдзяржпраект» у Мінску, з 1953 выкладчык БПІ (з 1969 заг. кафедры). Аўтар праектаў дэталёвай планіроўкі гіст. цэнтраў Гродна (1970) і Віцебска (1972, абодва ў сааўт.). Пад яго кіраўніцтвам праведзены абмеры помнікаў бел. дойлідства (1954—70) і абследаванне гіст. забудовы бел. гарадоў (1971—82). Працы па гісторыі бел. архітэктуры: «Архітэктура Беларусі канца XVIII — пачатку XIX ст.» (1962), «Архітэктурныя помнікі Беларусі» (1982), «Помнікі архітэктуры і горадабудаўніцтва Беларусі» (1986). Дзярж. прэмія Беларусі 1980.
Тв.:
Атлас памятников архитектуры и мемориальных комплексов Белоруссии. Мн., 1983;
История архитектуры Белоруссии. Т. 1. 3 изд. Мн., 1985;
Белоруссия, Литва, Латвия, Эстония. Мн., 1986 (у сааўт.).