ЦУГ (Zug) Шыман Багуміл (20.11.1733, г. Мерзебург, Германія — 11.8.1807),
польскі архітэктар; прадстаўнік класіцызму. З 1752 працаваў у Саксонскай буд. управе (г. Дрэздэн), з 1762 у Польшчы. Найб. значныя работы ў Варшаве: палацы Бланка (1762—64), К.Панятоўскага на Сольцы (1772), Браніцкіх, Сангушкаў (абодва з 1777) і інш., бровар на Сольцы (1768), лютэранская царква св. Тройцы (1777—80), ратуша на Лешне і дом Рослера і Гартвіга (абодва каля 1784), паркавы комплекс на Сольцы (1772—80). У Аркадзіі (каля Няборава) спраектаваў парк (з 1778), Дом прымаса (да 1783), храм Дзіяны (1783), акведук (1784). Перабудаваў палац А.Радзівіл у Нябораве (1775—80). На Беларусі паводле праекта Ц. пабудаваны драўляны палац Л.Тышкевіча ў в. Гародна Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. (1779—80, не захаваўся), які ўваходзіў у комплекс Гародзенскай сядзібы.
Ш.Б.Цуг. Лютэранская царква святой Тройцы ў Варшаве. 1777—80.