ГРУЗАЗАХО́ПНЫЯ ПРЫСТАСАВА́ННІ,

механізмы і прыстасаванні да грузападымальных машын, прызначаныя захопліваць, перамяшчаць і разгружаць розныя грузы. Грузазахопныя прыстасаванні для штучных грузаў — чалачныя стропы, скобы, грузавыя траверсы, клешчавыя і эксцэнтрыкавыя захопы, крукі, клямары, гакі, сеткі; для насыпных — грэйферы, каўшы, кюбелі; для наліўных — бодні, спец. ёмістасці.

Бываюць аўтаматычныя (кіруюцца прыводам грузападымальнай машыны, напр. аўтастропы, грузавыя электрамагніты), паўаўтаматычныя (выпускаюць зашчэмлены груз пры апусканні яго на апорную паверхню, напр. абцуговыя захопы) і ручныя (замацоўваюцца і знімаюцца з грузаў уручную). Для падымання грузаў з плоскімі паверхнямі (лісты, буд. блокі, каробкі) выкарыстоўваюць вакуумныя грузазахопныя прыстасаванні, аснашчаныя захопамі, галоўкамі і гнуткімі прысосамі. Пашыраны спецыялізаваныя грузазахопныя прыстасаванні для пэўных грузаў — рулонаў і пакетаў ліставых матэрыялаў, кантэйнераў, бярвён і да т.п.

У.​М.​Сацута.

Грузазахопныя прыстасаванні: 1 — петлі з канатаў; 2 — строп; 3 — крук; 4 — гакі вяртлюжны і з карабінам, 5 — клямар; 6 — эксцэнтрыкавы захоп; 7 — бодня; 8 — кюбель (коўш); 9—11 — клешчавыя захопы; 12 — грузавая траверса; 13 — грэйфер, 14 — электрамагніт.

т. 5, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРМО́НІК (ад грэч. harmonikos сугучны, стройны, зладжаны),

ручны, клавішна-пнеўматычны муз. інструмент класа духавых язычковых. Складаецца з гукавытворчай механікі (планкі са стальнымі язычкамі, рэзанатары і клавішны механізм), корпуса (2 драўляныя рамы, злучаныя мехам) і меха (паветр. рэзервуар). Вылучаецца насычанасцю і разнастайнасцю тэмбравых і дынамічных гукавых фарбаў, багаццем выразных і тэхн. магчымасцей. Створаны ў 1822 у Германіі (удасканалены ў 1829 у Вене), хутка пашырыўся ў многіх краінах свету, зазнаўшы ўздзеянне пэўных этнічных традыцый. Існуе ў розных відах і мае розныя сістэмы. Акрамя гармоніка ручнога (у т. л. канцэрціна, баян, акардэон) вядомы таксама нажныя (у т. л. фісгармонія) і губныя гармонікі. На Беларусі з 2-й пал. 19 ст. найб. пашыраны ручныя гармонікі «венка» і «хромка», з пач. 20 ст. — педалёўка (паветра ў мех напампоўваецца з дапамогай нажной педалі). У сістэме нар. муз. інструментарыя гармонік займае вядучае становішча. Выкарыстоўваецца ў самадз. і прафес. практыцы (сольнай, ансамблевай і аркестравай).

І.​Дз.​Назіна.

Гармонікі.

т. 5, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТАГРАФІ́ЧНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

прылады для складання і афармлення карт, вымярэнняў па картах і трансфармавання картаграфічных адлюстраванняў. Пры вычэрчванні матэм. асновы (апорныя пункты, картаграфічныя сеткі) выкарыстоўваюць каардынатографы, штангенцыркулі, лякала, лінейкі Дробышава (для прачэрчвання дуг акружнасцей), нармальныя (жэнеўскія) лінейкі (для вымярэння ліній з дакладнасцю да 0,2 мм); пры пераносе зместу з адной карты на другую — пантографы, прапарцыянальныя цыркулі, праектары-эпіскопы, эпідыяскопы, дыяскопы, кадаскопы; пры пераўтварэнні праекцый — фотамех. трансфарматар. Надпісы набіраюць пры дапамозе фотанаборных машын. Пры складанні карт на пластыках, сінт. плёнках і фотаслаях выкарыстоўваюць ручныя і электронныя гравіравальныя інструменты. Каляровае афармленне карт выконваюць пэндзлем або пульверызатарам-аэрографам. Пры падрыхтоўцы карты да выдання ўжываюць фотакапіравальныя ўстаноўкі і капіравальныя рамы. Пры рабоце з картамі выкарыстоўваюць планіметры, курвіметры, цыркулі-вымяральнікі, палеткі, геадэзічныя транспарціры. Аўтам. картаграфічныя прылады з дапамогай лічбавальнікаў, ЭВМ, алфавітна-лічбавых друкавальных прыстасаванняў дазваляюць атрымліваць картаграфічныя адлюстраванні і праводзіць розныя картаграфічныя вызначэнні на паперы, пластыку, экране, у выглядзе фотакопій.

Р.​А.​Жмойдзяк.

Да арт. Картаграфічныя прылады. Малы планшэт лічбавальніка з каляровым графічным дысплеем.

т. 8, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАБО́РНЫЯ ПРАЦЭСЫ,

працэсы вырабу тэкставых друкарскіх форм. Бываюць ручныя, машынныя (механізаваныя, з выкарыстаннем наборных машын) і аўтаматызаваныя (з дапамогай наборных аўтаматаў, настольных выдавецкіх сістэм і інш.). Да Н.п. адносяць таксама карэктуру і вёрстку набору.

Ручным спосабам набіралі пераважна загалоўкі, табліцы, формулы і інш. складаныя часткі выдання, для гэтага выкарыстоўвалі літары і прагальныя матэрыялы. Пры машынных Н.п. з дапамогай радковаадліўных лінатыпаў і літараадліўных манатыпаў атрымліваюць метал. формы, прыдатныя для непасрэднага друкавання або стэрэатыпавання (гл. Стэрэатыпія). Пры фотанаборы атрымліваюць дыяпазітывы (негатывы) палос, прыдатныя для вырабу друкарскіх форм кантактным капіраваннем; тэкст набіраюць на фотанаборных машынах. На наборна-друкавальных машынах тэкст набіраюць на плёнцы (тэкставыя дыяпазітывы), паперы (выдавецкія арыгінал-макеты) або непасрэдна на формным матэрыяле, пасля апрацоўкі якога атрымліваюць друкарскую форму. Пры ручным і машынным спосабах набору робяць вёрстку ці мантаж дыяпазітываў (негатываў) на плёнку па разметцы выдавецкага арыгінала або па макеце, з наступнай карэктурай і праўкай набору. Выкарыстанне фотаэлектронных аўтаматаў, персанальных ЭВМ, выдавецкіх камп’ютэрных сістэм, счытвальных прыстасаванняў і інш. дазваляе поўнасцю аўтаматызаваць Н.п.

Літ.:

Колосов А.И. Наборные и стереотипные процессы. М., 1977;

Ремизов Ю.Б. Фотонаборные процессы. М., 1981.

У.​М.​Сацута.

т. 11, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСІ́ЛКА,

машына для скошвання сеяных і прыродных траў і інш. раслін. Бываюць: трактарныя (навясныя. паўнавясныя, прычапныя), самаходныя, конныя і ручныя малагабарытныя матарызаваныя; 1-, 2-, 3- і 5-брусавыя (захоп аднаго бруса 2,1 м); з сегментна-пальцавым і ратацыйна-дыскавым рэжучым апаратам. Прыводзяцца ў дзеянне ад вала адбору магутнасці трактара або ад хадавых колаў.

Уласна К. скошваюць траву і ўкладваюць яе ў пракос або збіраюць у валкі. Шырыня захопу да 10 м, прадукцыйнасць да 9,7 га/гадз. К.-здрабняльнікі скошваюць траву, нізкасцябловую кукурузу і інш. сіласныя культуры, адначасова здрабняюць іх і падаюць атрыманую масу ў бункер ці прычэп для транспартавання. Могуць выкарыстоўвацца для скошвання бацвіння бульбы і коранеклубняплодаў. Агрэгатуюцца з трактарамі «Беларусь» і інш. Прадукцыйнасць да 45 т/гадз. К.-плюшчылкі (самаходныя або прычапныя) адначасова скошваюць, расплюшчваюць сцёблы сеяных бабовых траў і ўкладваюць іх у валок ці рассцілаюць на ржышчы. Расплюшчванне сцёблаў паскарае іх сушку і садзейнічае захаванню лістоў — найб. пажыўнай ч. раслін. Плюшчыльны апарат — вальцы з гладкай, фігурнай або рабрыстай паверхняй. Шырыня захопу да 5 м, прадукцыйнасць да 5 га/гадз.

Касілкі: 1 — трохбрусавая прычапная; 2 — касілка-здрабняльнік ротарная прычапная; 3 — касілка-плюшчылка самаходная.

т. 8, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖА́РНЫЯ ДРАБІ́НЫ,

прыстасаванні для падымання людзей і пажарнага абсталявання на верхнія паверхі будынкаў пры тушэнні пажараў і аварыйна-выратавальных работах. Бываюць: ручныя — складныя (драбіны-палкі, прыстаўныя, даўж. да 3,1 м), падвесныя (драбіны-штурмоўкі, з крукам для падвешвання, даўж. каля 4 м) і высоўныя (маюць 3 калены, механізм высоўвання, даўж. каля 10,5 м); стацыянарныя (на вонкавых сценах будынкаў выш. больш за 10 м); аўтамабільныя.

Аўтамабільныя П.д. прызначаны для дастаўкі баявога разліку, падымання пажарнага абсталявання на выш. да 50 м, эвакуацыі людзей, падачы вогнетушыльных сродкаў у ачаг гарэння ручнымі або лафетнымі стваламі ад знешняй помпавай устаноўкі. Могуць выкарыстоўвацца для падымання грузаў да 300 кг, асвятлення месца пажару пражэктарамі. На верхнім калене можа ўстанаўлівацца лафетны ствол ці трубаправод з пенагенератарам, на аўтадрабіне — ліфт (люлька) для хуткага падымання-апускання людзей. Для бяспекі аўтадрабіны абсталяваны блакіруючымі прыстасаваннямі і сістэмамі. Аўтамаб. П.д. выпускаюцца на шасі ЗІЛ-131 і КрАЗ. За мяжой (напр., у ФРГ) выпускаюцца аўтадрабіны з вышынёй падымання да 60 м.

А.​У.​Кузняцоў, С.​А.​Лосік, М.​С.​Місюкевіч.

Пажарныя драбіны: 1 — драбіны-штурмоўка; 2 — трохкаленныя драбіны.
Пажарныя драбіны: 1 — аўтадрабіны; 2 — аўтацыстэрна-драбіны.

т. 11, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЁЛЫ (італьян. viola),

сям’я струнных смычковых інструментаў. Адрозніваюцца памерамі (31—120 см), тэсітурай, строем, прапорцыямі, колькасцю струн (5—7), наяўнасцю або адсутнасцю рэзаніруючых струн і навязных ладоў і інш. З выгляду нагадваюць маленькі кантрабас. Асн. разнавіднасці віёл: сапранавая (дыскантавая), даўж. 32—45 см, строй d, g, c​1, e​1, a​1;, d​2; высокая сапранавая, даўж. 31—34 см, на кварту вышэй за сапранавую; малая альтовая, даўж. 40—48 см, на тон ніжэй за сапранавую; альтовая (віялета), даўж. 50—63 см, на кварту ці квінту ніжэй за сапранавую; малая басовая, або тэнаровая (віёла да гамба, асн. від віёл), даўж. 65—72 см, строй D, G, c, e, a, d​1; вялікая басовая (басовая віёла да гамба; на яе аснове сфарміравалася т.зв. віёла бастарда, пашыраная ў 16—18 ст. пераважна ў Англіі); кантрабасавая. Паводле становішча інструмента ў час ігры адрозніваюць віёлы да брача (ручныя, у т. л. віёль д’амур; трымаюць гарызантальна, як скрыпку) і віёлы да гамба (нажныя; трымаюць вертыкальна, як віяланчэль). Узніклі ў канцы 15 — пач. 16 ст., выкарыстоўваліся сола і ў ансамблі, гучалі мякка, пяшчотна, «матава». З канца 18 ст. амаль зніклі, адрадзіліся на мяжы 19—20 ст. з ростам цікавасці да старадаўняй музыкі. Ігру на віёлах выкладаюць у многіх кансерваторыях.

Віёлы. Віёла да гамба (злева) і віёль д’амур.

т. 4, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРАНІ́Т»,

кодавая назва аперацыі бел. партызан у Вял. Айч. вайну па вывадзе са строю трансп. ліній акупантаў вясной і летам 1943. План аперацыі зацверджаны 21.4.1943 нач. Беларускага штаба партызанскага руху (БШПР) П.​З.​Калініным. Задача аперацыі — шляхам узгодненых дзеянняў партызан сарваць перавозкі ворага да фронту, нанесці яму макс. страты. Для падрыхтоўкі і правядзення аперацыі ў тыл ворага былі накіраваны прадстаўнікі БШПР (афіцэры сувязі, інструктары-мінёры). З сак. пры дапамозе авіяцыі далёкага дзеяння партызанам перапраўлялі зброю, боепрыпасы, узрыўчатку; да 6.6.1943 дастаўлена 555 т грузаў (тол, міны, аўтаматы, ручныя кулямёты, вінтоўкі, карабіны, процітанк. ружжы, патроны, гранаты і інш.). У ходзе аперацыі партызаны пусцілі пад адхон 1806 эшалонаў, 8 бронецягнікоў, узарвалі 66 чыг. мастоў, разбурылі 167 км чыг. пуці, 619 км тэлеф.-тэлегр. сувязі, разграмілі 164 фаш. гарнізоны і паліцэйскія ўчасткі. Да лета 1943 вывелі са строю амаль усе вузкакалейкі. Гэта прымусіла гітлераўцаў прыняць дадатковыя меры бяспекі: з мая начны рух цягнікоў спыніўся, хуткасць на шэрагу ўчасткаў знізілася да 10—15 км у гадз. Аднак БШПР не змог забяспечыць узрыўчаткай усе партыз. фарміраванні, таму што «Граніт» была праведзена ў абмежаваным маштабе. Яе вопыт быў выкарыстаны пры планаванні і ажыццяўленні новых больш маштабных аперацый, у т. л. аперацыі «Рэйкавая вайна».

У.​І.​Лемяшонак.

т. 5, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭВАРЭ́ЗАЛЬНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,

інструмент для мех. апрацоўкі натуральнай драўніны і драўняных матэрыялаў рэзаннем. Складаецца з рэзальнай часткі (робіцца са зносаўстойлівых інструментальных сталей, цвёрдых сплаваў, абразіўных матэрыялаў) і мацавальнага прыстасавання (для замацоўвання на дрэварэзальных станках або ўтрымлівання ў руках). Бывае ручны, механізаваны і станочны.

Ручны Д.і. — пілы (лучковыя, двухручныя, нажоўкі), стругі (рубанкі, фуганкі, цыклі), долаты, свердлы, ручныя дрылі, корбы, сякеры, стамескі, штыхелі і інш. З’яўляецца часткай сталярна-цяслярнага інструменту. Механізаваны Д.і. — ручны інструмент з ал., пнеўматычным і інш. прыводам (эл. і бензінавыя ланцуговыя пілы, пнеўма- і электрадрылі, электрарубанкі і інш.). Станочны Д.і. — пілы (у выглядзе палатна, стужкі, дыска, цыліндра, устанаўліваюцца на распіловачных станках); фрэзы (насадныя і канцавыя, суцэльныя, састаўныя і зборныя), нажы стругальныя, лушчыльныя і інш., разцы такарныя (на фрэзерных, стругальных, лушчыльных, рубільных, такарных станках); свердлы, зенкеры, долаты, а таксама цыліндры, дыскі, бясконцыя стужкі з абразіўнай шкуркай, паліравальныя барабаны з абразіўнай пастай (на свідравальных, даўбёжных, шліфавальных і паліравальных станках).

Літ.:

Грубе А.Э. Дереворежущие инструменты. 3 изд. М., 1971;

Амалицкий В.В., Санев В.И. Оборудование и инструмент деревообрабатывающих предприятий. М., 1992.

А.​А.​Барташэвіч.

Станочны дрэварэзальны інструмент: 1, 2 — круглая (дыскавая) і паласавая (рамная) пілы; 3 — нож для стругання; 4—6 — цэльная, зборная і канцавая фрэзы; 7 — нож для фасоннага фрэзеравання; 8 — свердзел; 9 — свердзел, скамбінаваны з зенкерам; 10 — ланцуговае долата.

т. 6, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛАСІПЕ́Д [франц. vélocipede ад лац. velox (velocis) хуткі + pes (pedis) нага],

двух- ці трохколавая машына, якая прыводзіцца ў рух з дапамогай нажных педалей. Бываюць веласіпеды дарожныя (мужчынскія і жаночыя), лёгкадарожныя, юнацкія, спарт. (у т. л. тандэмы), дзіцячыя і спец. (грузавыя, цыркавыя, велакаляскі і інш.).

Папярэднікі веласіпеда — чатырохколавыя павозкі-самакаты, вядомыя з 16 ст. Першы двухколавы веласіпед з педалямі і рулём зроблены ў Расіі ўральскім кавалём Я.​М.​Артамонавым (1801). У 1815—50-я г. немцы К.​Драйз і Ф.​М.​Фішэр, шатландзец Г.​Далзел, англічанін Трэфу, французы П.​Лалеман і М.​Мішо ўдасканальвалі канструкцыю веласіпеда. Англ. інжынер Сержан у 1869 выкарыстаў ланцуговую перадачу, шатландзец Дж.​Б.​Данлап у 1888 замяніў гумавыя шыны пнеўматычнымі. Прамысл. вытв-сць веласіпедаў пачалася ў канцы 19 ст., калі сталі выкарыстоўваць стальныя трубы для рамы, ланцуговую перадачу на задняе кола, механізм свабоднага ходу і інш. Сучасныя дарожныя веласіпеды маюць трывалую раму, шырокія (1¼—1½″) шыны, масу каля 16 кг, у лёгкадарожных маса каля 14 кг, шыны меншага сячэння (1—1¼″), ручныя калодачныя тармазы. Спарт. веласіпеды адрозніваюцца аблегчанай канструкцыяй (8—11 кг) з легіраваных сталяў (часам з тытану) і дуралюміну, нізка апушчаным рулём, пераключальнікам скорасці і ручных барабанных тармазоў у шашэйных і адсутнасцю свабоднага ходу ў трэкавых веласіпедаў (гл. Веласіпедны спорт). Пашыраны складныя веласіпеды і з падвесным маторам. Буйная вытв-сць веласіпедаў у краінах Зах. Еўропы (Галандыя, Бельгія), Азіі (Кітай). На Беларусі вядучы вытворца дарожных веласіпедаў для дарослых з закрытай і складной рамамі — Мінскі матацыклетны і веласіпедны завод.

Веласіпеды: 1 — дарожны з грузавой цялежкай; 2 — дзіцячы; 3 — дарожны са складной рамай; 4 — спартыўны (гоначны).

т. 4, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)