СТВОЛ,

1) у пажарнай тэхніцы — брандспойт (устарэлае), прыстасаванне (труба з насадкамі на канцы) для стварэння і накіравання струменяў сумесі вады, пены, парашку і інш. для тушэння агню. Падзяляюцца на лафетныя (бываюць стацыянарныя, што замацоўваюцца на аўтамабілі, катэры, вышцы і інш., пераносныя і перавозныя) і ручныя, якімі камплектуюцца пажарныя аўтамабілі, мотапомпы, унутр. пажарныя краны.

2) У ваеннай справе — асн. ч. агнястрэльнай зброі для выкідвання снарада (гранаты, міны, кулі) і надання яму ўстойлівага палёту ў патрэбным напрамку. Унутраная поласць (канал) С. складаецца з каморы, дзе размяшчаецца зарад, і вядучай часткі. У час выстралу з казённай (задняй) часці С. закрываецца затворам. Бываюць С. незмацаваныя, разборныя і змацаваныя; наразныя (гл. Наразная зброя) і гладкаствольныя. Даўжыня С. залежыць ад прызначэння зброі.

3) У горнай справе, гл. Шахтавы ствол.

т. 15, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)