ІПА́ТАВА (Вольга Міхайлаўна) (н. 1.1.1945, г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1967). З 1965 у Гродзенскім гаркоме камсамола, на абл. студыі тэлебачання. У 1970—73 у газ. «Літаратура і мастацтва», «Чырвоная змена». З 1985 гал. рэдактар літ.-драм.перадачБел. тэлебачання, заг. аддзела, нам.гал. рэдактара час. «Спадчына». У 1991—96 рэдактар штотыднёвіка «Культура», з 1998 нам. старшыні Саюза бел. пісьменнікаў. Друкуецца з 1956. Паэзія (зб-кі «Раніца», 1969, «Ліпеньскія навальніцы», 1973, «Парасткі», 1976) шматгранная — ад пейзажнай і любоўнай лірыкі да публіцыст. вырашэння складаных праблем гіст. лёсу роднага народа. У апавяданнях і аповесцях (кн. «Вецер над стромай», 1977) «Дваццаць хвілін з Немезідай», 1981, «Перакат», 1984) узняты складаныя маральна-этычныя праблемы, пытанні сувязі моладзі з роднай зямлёй, пошуку месца ў жыцці. Распрацоўвае гіст. тэматыку: аповесць «Прадыслава» (1971; прысвечана Ефрасінні Полацкай), «За морам Хвалынскім» (1989, пра падарожжа і трагічны лёс палачаніна Алексы), «Чорная княгіня» (1989; пра трагедыю княгіні Лізаветы Астрожскай). Гіст. постаці Полацкага княства 11—13 ст., ВКЛ у 16 ст., Беларусі ў 19 ст. адлюстраваны ў аповесці «Агонь у жылах крэменю» (1989), апавяданнях («Набег», «Мара», «Святаслава», «Расанка», «Давыд Гарадзенскі», «Гайна і Мікаш», «Ваўкалакам абярнуся»). У рамане «Залатая жрыца Ашвінаў» (1997) рэстаўрыравала далёкую старонку бел. міфалагічнай мінуўшчыны — індаеўрап. карані беларусаў. Аўтар балад, нарысаў, п’ес, паэм, кніг вершаў для дзяцей. Выступае як крытык, публіцыст, перакладчык.
Тв.:
Паміж Масквой і Варшавай. Мн., 1996.
Літ.:
Бечик В. Обретение высоты // Неман. 1981. № 3;
Савік Л. Спасціжэнне чалавечнасці // Полымя. 1983. № 6;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУКСТ (Рыгор Канстанцінавіч) (27.11.1900, г. Гомель, — 12.11.1960),
бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1955). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1928, кл. Г.Канюса). З 1929 выкладаў у Омскім, у 1932—41 Гомельскім муз. тэхнікумах, у 1944—49 і 1959—60 у Бел. кансерваторыі. З 1949 хормайстар, ў 1953—58 маст. кіраўнік муз. вяшчання Бел. радыё, адначасова — муз.перадачГал. ўпраўлення радыёінфармацыі Мінва культуры Беларусі. Музыцы П. ўласцівы глыбокі драматызм, вастрыня гарманічнай і меладычнай мовы. Лірычная вобразнасць, песеннасць тэматызму, заснаванага на гар. рамансавым фальклоры, уласціва сімф. і вак. творчасці. Аўтар опер «Машэка» (1945, паст. на радыё 1947), першай бел. оперы для дзяцей «Марынка» (паст. 1955), «Свіцязянка» (1960), вак.-сімф. «Паэмы аб Чырвонай Арміі» (1938), кантаты «А хто там ідзе?» (1958, на сл. Я.Купалы), 6 сімфоній (1934, 1941, 2-я рэд. 1944, 1950, 1955, 1957, 1959), сімф. фантазіі «Перапёлачка», сюіты «Сымон-музыка», танц. сюіты для квартэта цымбалаў, 3 сюіт для секстэта домраў, 5 фуг для фп. і стр. квартэта, «Працяжнай» для фп. квартэта, інш. камерных інстр. твораў, шэрагу хораў (у т. л. «Дуб» на сл. П.Броўкі і інш.), вак. цыкла на санеты А.Звонака, рамансаў для голасу з фп. на сл. Я.Купалы, Я.Коласа, З.Бядулі, Ц.Гартнага, А.Пушкіна, А.Блока і інш., песень (у т. л. «Шумныя бярозы» на сл. Я.Купалы, «Лугам зеляненькім» на сл. З.Бядулі), музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў. Апрацоўваў бел.нар. песні (больш за 50), творы самадз. кампазітараў (больш за 20).
Літ.:
Журавлев Д.Н. Г.К.Пукст, заслуженный деятель искусств БССР. Мн., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁВЯШЧА́ННЕ,
перадача па радыё розных праграм для неабмежаванай колькасці слухачоў; адзін з асн. аператыўных сродкаў масавай інфармацыі і прапаганды. Ажыццяўляецца праз перадаючыя радыёцэнтры і прымаецца на радыёпрыёмнікі. Вядзецца са студый або інш. памяшканняў, абсталяваных пастаяннай радыёапаратурай, а таксама з плошчаў, вуліц, стадыёнаў, тэатраў і інш. з дапамогай пераносных установак. З 1990-х г. пашырылася кабельнае вяшчанне. Асн. жанры Р.: інфарм.-публіцыстычны (гутарка, інтэрв’ю, каментарый, інфармацыя, рэпартаж), маст.-публіцыстычны (нарыс, кампазіцыя), мастацкі (опера, п’еса). Найб. папулярныя формы Р.: інфарм. праграма, радыётэатр (у т. л. радыёпастаноўка), радыёклуб (часопіс, газета, зборнік). Вядзецца таксама прамая трансляцыя важных грамадска-паліт. падзей, літ. або муз. твораў усіх жанраў і адаптаваных для радыё тэатр.драм. і оперных спектакляў.
Першыя радыёвяшчальныя перадачы ў СССР пачаліся ў 1919 (г. Ніжні Ноўгарад), рэгулярнае Р. з 1924. На Беларусі Р. пачалося са стварэннем у 1924 акц.т-ва «Радыёперадача». Першая перадача Бел. радыё адбылася 15.11.1925 на радыёстанцыі РВ-10 імя Саўнаркома БССР. Трансліраваліся перадачы ў радыусе да 300 км, працягласць — 30 мін у суткі (у Мінску на той час было 20 радыёпрыёмнікаў, пераважна ў клубах). Адкрыццё радыёстанцыі РВ-10 садзейнічала пашырэнню асн. на той час праваднога вяшчання. якое асабліва хутка стала развівацца з 1928. У 1931 на Бел. радыё ўпершыню выкарыстаны апараты гуказапісу. У 1920—30-я г. перадачы вяліся пераважна ў форме радыёгазет. У Вял.Айч. вайну радыёстанцыя «Савецкая Беларусь», якая размяшчалася ў Маскве, вяла перадачы на бел. і рус. мовах для насельніцтва Беларусі, акупіраванай ням. фашыстамі. За перыяд яе існавання (1.1.1942—20.9.1944) адбылося 3270 перадач, якія інфармавалі пра становішча ў краіне і на франтах, перамогі Чырв. Арміі, барацьбу партызан і падпольшчыкаў, выкрывалі злачынствы акупантаў, фаш. прапаганду, дзейнасць калабарацыяністаў, перадавалі матэрыялы для падп. друку, трансліравалі радыёмітынгі, канцэрты бел. музыкі; выступалі таксама дзярж. і парт. дзеячы Беларусі, пісьменнікі і інш.
У 1967 завершана поўная радыёфікацыя Беларусі. Бел. радыё вядзе перадачы па 2 нац. праграмах у мона- і стэрэаварыянтах: 1-я (19 гадз у суткі) і 2-я (18 гадз) рэсп. праграмы, праграмы радыёстанцый «Сталіца» (12 гадз) і «Беларусь» (4 гадз). Трансліруюцца таксама праграмы маскоўскіх радыёстанцый «Маяк» і «Маладзёжны канал». У 1972 пачалося стэрэавяшчанне на ультракароткіх хвалях. У склад Бел. радыё ўваходзяць: дырэкцыя праграм, 6 вяшчальных рэдакцый, інфарм. служба і 2 дырэкцыі — вяшчання на 2-й праграме і радыёстанцыі «Сталіца». У Доме радыё (узведзены ў 1963) 13 студый, з іх 5 вяшчальных, 10 мантажных апаратных, цэнтр. апаратная. У абл. цэнтрах функцыянуе абл. Р., у раёнах пры райвыканкомах працуюць рэдакцыі Р. на чале з карэспандэнтамі-арганізатарамі. З сярэдзіны 1990-х г. існуе праграма, якая дазваляе аператыўна інфармаваць радыёслухачоў пра актуальныя і надзённыя пытанні: сац.-эканам. развіцця краіны, дзярж. будаўніцтва, праблемы Чарнобыльскай катастрофы, мед. абслугоўвання насельніцтва, сац. абароны розных катэгорый грамадзян і інш. З 1962 вядзецца рэгулярнае вяшчанне на кароткіх хвалях на замежныя краіны. Радыёстанцыю «Беларусь» можна слухаць на бел., рус., англ. і ням. мовах у ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Індыі, а таксама ў 20 краінах Зах. Еўропы і Паўн.-Зах. Афрыкі. З 15.6.1998 у дыяпазоне сярэдніх і кароткіх хваль рэтрансліруюцца перадачы на многія рэгіёны Расіі. Праграмы Бел. радыё могуць прымаць таксама жыхары прыгранічных раёнаў Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны. Сярод найб. папулярных перадачБел. радыё: «У абедзенны перапынак», «На хвалі часу», «Радыёфакт», «Спявай, душа народная», «У сярэду на бяседу», «Сельская раніца», «Вячэрнія зарніцы» і інш.Рэсп. радыё ўваходзіць у склад Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СЬ»,
назва сям’і універсальных трактароў. Распрацоўваюцца і выпускаюцца вытв. аб’яднаннем «Мінскі трактарны завод». Бываюць: універсальна-прапашныя, агульнага і спец. прызначэння; колавыя, паўгусенічныя і гусенічныя (колавыя — з 3 для работы на бавоўнавых палях або з 4 коламі). Маюць цэльнаметалічную кабіну, гідраўзмацняльнік рулявога кіравання, незалежны і сінхронны валы адбору магутнасці, прыстасаванні для агрэгатавання з інш. машынамі (да 540 машын з трактарам МТЗ-1025) і інш. Выпускаецца больш за 50 мадэляў магутнасцю ад 5 да 150 к.с.
Першая мадэль трактара «Беларусь» МТЗ-2 на пнеўматычных колах выпушчана ў 1953, удасканаленыя канструкцыі (МТЗ-5, МТЗ-7 і іх мадыфікацыі) — у 1959—60. У 1963 укаранёна ў вытв-сць базавая мадэль «Беларусь» МТЗ-50 і на яе аснове сям’я МТЗ-52 (1965) павышанай праходнасці з 4 вядучымі коламі (агрэгатуецца са 162 машынамі; экспартуецца з 1966). З 1974 выпускаецца сям’я мадыфікаваных трактароў МТЗ-80/82 (удасканалены пнеўматычная сістэма тармазоў прычэпаў, двухскорасны вал адбору магутнасці, гідракрук, аўтаблакіроўка дыферэнцыяла задняга моста, сістэма кандыцыяніравання паветра, кабіна павышанай герметычнасці і шумаізаляцыі і інш.; агрэгатуецца з 300 машынамі; экспартуецца з 1976). У 1984 укаранёны ў вытв-сць высокаэнерганасычаны МТЗ-12 магутнасцю 100 к.с. (74 кВт). Гл. таксама табл.
М.Р.Мялешка.
Асноўныя тэхнічныя характарыстыкі базавых мадэляў трактароў «Беларусь»
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫМЯРА́ЛЬНАЯ ТЭ́ХНІКА,
галіна навукі і тэхнікі, звязаная з вывучэннем, вырабам і выкарыстаннем сродкаў вымярэнняў. Грунтуецца на навук. дысцыплінах, якія вывучаюць метады і сродкі атрымання колькаснай інфармацыі аб велічынях, што характарызуюць аб’екты і вытв. працэсы. Уключае вымяральныя прылады, інструменты, машыны і ўстаноўкі, прызначаныя для рэгістрацыі вынікаў вымярэння. Звязана з вылічальнай тэхнікай, кібернетыкай тэхнічнай, тэлемеханікай, электронікай, аўтаматыкай і інш.
Вымяральная тэхніка ўзнікла ў глыбокай старажытнасці і была звязана з вымярэннем мас і аб’ёмаў, адлегласцей і плошчаў, адрэзкаў часу, вуглоў і г.д. Да 16—18 ст. адносіцца ўдасканаленне гадзіннікаў і вагаў, вынаходства мікраскопа, барометра, тэрмометра. У канцы 18 — 1-й пал. 19 ст. з пашырэннем паравых рухавікоў і развіццём машынабудавання развіваецца прамысл. вымяральная тэхніка: удасканальваюцца прылады для вызначэння памераў, з’яўляюцца вымяральныя машыны, уводзяцца калібры, розныя мерыфіз. велічынь (у т. л.эталоны) і г.д. У 19 ст. створаны асновы тэорыі вымяральнай тэхнікі і метралогіі, пашырылася метрычная сістэма мер, з’явіліся электравымяральныя прылады і цеплатэхнічныя прылады. У 20 ст. пачынаюць выкарыстоўвацца эл. і электронныя сродкі для вымярэння мех., цеплавых, аптычных і інш. велічынь, для хім. аналізу і геолагаразведкі, развіваюцца радыёвымярэнні і спектраметрыя, узнікае прыладабуд. прам-сць. Гал. кірункі развіцця сучаснай вымяральнай тэхнікі: лінейныя і вуглавыя вымярэнні; мех., аптычныя, акустычныя, цеплафіз., фіз.-хім. вымярэнні; эл., магн. і радыёвымярэнні; вымярэнні частаты і часу, выпрамяненняў (гл., напр., Арэометр, Асцылограф, Вакуумметр, Вісказіметр, Вымяральны пераўтваральнік, Газааналізатар, Геадэзічныя прылады і інструменты, Дазіметрычныя прылады, Інтэрферометр, Каларыметр, Люксметр, Манометр, Пнеўматычны пераўтваральнік, Радыёвымяральныя прылады, Спектрометр, Частатамер).
Шырока выкарыстоўваюцца (пераважна ў машынабудаванні) вымяральныя інструменты: універсальныя (для вымярэння дыяпазонаў памераў) і бясшкальныя (для вымярэння аднаго пэўнага памеру). Універсальныя падзяляюцца на штрыхавыя (штанген-інструменты, вугламеры, лінейкі, вугольнікі, кронцыркулі), мікраметрычныя (глыбінямеры, мікрометры, нутрамеры), механічныя з рознымі тыпамі мех.перадач (індыкатары гадзіннікавага тыпу, мініметры, мікатары), оптыка-механічныя (праектары, вымяральныя мікраскопы) і інш. Многія прылады далучаюць розныя канструкцыйныя асаблівасці, напр.аптыметры (рычажна-аптычная сістэма). Бясшкальныя інструменты — сродкі допускавага кантролю; гэта калібры (кольцы, шаблоны, коркі, скобы) і канцавыя меры (стальныя пліткі пэўнай таўшчыні ў наборах). Адным з гал. кірункаў далейшага развіцця вымяральнай тэхнікі з’яўляецца распрацоўка інфарм.-вымяральных сістэм. Удасканальваюцца сродкі дылатаметрыі, дазіметрыі, мас-спектраметрыі, рэфрактаметрыі, тэлеметрыі. Тэарэт. і навук.-практычную аснову ўдасканалення вымяральнай тэхнікі як аднаго з кірункаў прыладабудавання складаюць дасягненні і распрацоўкі ў галіне фіз тэхн.навук. На Беларусі сродкі вымяральнай тэхнікі выпускаюць Гомельскі завод вымяральных прылад, Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Электравымяральнік» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАБІ́ЛЬ (франц. automobile ад грэч. autos сам + лац. mobilis рухомы),
самаходная бязрэйкавая машына, якая прыводзіцца ў рух уласным рухавіком. Бываюць аўтамабілі: пасажырскія (легкавыя аўтамабілі, аўтобусы); грузавыя аўтамабілі (у т. л.аўтапаязды), грузапасажырскія (для адначасовай перавозкі пасажыраў і грузаў); спецыяльныя (аўтакраны, пажарныя машыны, санітарныя аўтамабілі, аўтамабілі для ачысткі і палівання вуліц, перасоўныя рамонтныя майстэрні і інш.); спецыялізаваныя (самазвалы, седлавыя цягачы, бензавозы, бетанавозы, аўтапагрузчыкі, кантэйнеравозы, рэфрыжэратары, аўтамабілі-цыстэрны, фургоны, леса-, панэля- і фермавозы і інш.); спартыўныя аўтамабілі (у т. л. гоначныя аўтамабілі). Усе віды аўтамабіляў аснашчаюцца бензінавымі ці дызельнымі аўтамабільнымі рухавікамі. Пэўны час выкарыстоўваліся газагенератарныя аўтамабілі, набываюць пашырэнне газабалонныя аўтамабілі, распрацоўваюцца розныя варыянты электрамабіляў. Для цяжкіх дарожных умоў існуюць усюдыходы, «амфібіі», для перавозкі асабліва каштоўных грузаў, вайсковых патрэб — бронеаўтамабілі. Тэндэнцыяй у легкавым аўтамабілебудаванні з’яўляецца пераход на выпуск тэхнічна і экалагічна бяспечных аўтамабіляў.
Асн. элементы аўтамабіля — рухавік, шасі і кузаў. Шасі ўключае хадавую частку (рама, масты, падвескі, колы), трансмісію (счапленне, каробка перадач, карданная перадача, галоўная перадача, дыферэнцыял, паўвосі) і сістэмы кіравання (рулявое кіраванне, тармазная сістэма). Кузаў грузавога аўтамабіля складаецца з кабіны, капота і платформы для размяшчэння грузу; у легкавых да кузава мацуюцца агрэгаты аўтамабіля. Усе аўтамабілі па агульнай колькасці колаў і колькасці вядучых колаў маюць адну з колавых формул: 4×2, 4×4, 6×2, 6×4, 6×6, 8×8.
Першы аўтамабіль з паравым рухавіком пабудаваны Н.Ж.Кюньё (1769—70, Францыя). Датай нараджэння аўтамабіля лічыцца 1886, калі К.Бенц (Германія) запатэнтаваў трохколавы аўтамабіль з рухавіком унутранага згарання. У Расіі аўтамабілебудаванне пачалося перад 1-й сусв. вайной на Руска-Балтыйскім з-дзе ў Рызе, у СССР — у 1924, калі на з-дзе АМО (Масква) выпусцілі першыя грузавікі АМО-Ф15.
Вытворчасць аўтамабіляў на Беларусі пачалася ў 1947 на Мінскім аўтазаводзе (самазвал МАЗ-205 грузападымальнасцю 6 т). У 1995 МАЗ выпускаў аўтамабілі 5-га пакалення: велікагрузныя аўтамабілі і аўтапаязды поўнай масай да 40 т (МАЗ-54323), да 44 т (МАЗ-54321, -54326, -64229), да 50 т (МАЗ-64221, -64226, -63031), грузавыя аўтамабілі высокай праходнасці (МАЗ-6317, -63171), самазвалы (МАЗ-5551), лесавозы (МАЗ-5434), аўтобусы гарадскія (МАЗ-101) і турысцкія (МАЗ-151). Беларускі аўтазавод (г. Жодзіна) працуе з 1958, у 1995 асн. прадукцыю яго складалі кар’ерныя самазвалы грузападымальнасцю 30, 42, 80, 120, 180 і 200 т (адпаведна БелАЗ-7540, -7548, -7549, -7512, -75215 і -7530), шлакавозы (БелАЗ-7920) і аэрадромныя цягачы (БелАЗ-74211). Магілёўскі аўтазавод у 1959 пачаў выпускаць аднавосевыя цягачы, у 1995 вырабляў самазвалы грузападымальнасцю 23 т (МаАЗ-75051), самазвальныя аўтапаязды (МаАЗ-7405-9586) для работ у шахтах і тунэлях, аўтабетоназмяшальнікі (СМБ-49). У 1992 на базе вытв-сці спец. колавых цягачоў МАЗа абсталяваны Мінскі з-д колавых цягачоў, які ў 1995 выпускаў сям’ю пазадарожных аўтамабіляў «Волат» (7909) з колавай формулай 8×8, што працуюць у складзе аўтапаяздоў для перавозкі розных грузаў, лесавозы, трубавозы (для трубаў да 36 м, агульнай масай да 40 т), цягачы грузападымальнасцю да 50 і 65 т, чатырохвосевыя шасі (69232) пад кранавае абсталяванне з вылетам стралы да 50 м і шасцівосевыя (79191) пад абсталяванне для бурэння нафтагазавых свідравін. У 1994 пачаты выпуск аўтобусаў «Амкадор-Ікарус-28033» акц. т-вам «Амкадор-Пінск», аўтобусаў ЛіАЗ-5256 на доследным з-дзе «Нёман» у г. Ліда і зборка мікралітражных аўтамабіляў ВАЗ-1111 «Ака» на Гродзенскім з-дзе карданных валоў. Гл. таксама Аўтамабільная прамысловасць, Аўтамабільны транспарт, Аўтамабільны спорт.
Літ.:
Автомобиль: Основы конструкции. 2 изд. М., 1986;
Боровских Ю.И., Буралев Ю.В., Морозов К.А. Устройство автомобилей: [Практ. пособие]. М., 1988;
Анохин В.И. Отечественные автомобили. 4 изд. М., 1977.
А.С.Рукцешэль.
Першыя аўтамабілі: а — «Форд» (ЗША); б — «Руса-Балт» (Расія); в — «Сітраэн» (Францыя).