Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́БКА ПЕРАДА́Ч, каробка скарасцей,
механізм, з дапамогай якога рэгулююць частату вярчэння выхаднога вала ў сілавых перадачах трансп. машын, станкоў і інш. Размяшчаецца ў асобным корпусе (каробцы) ці ў агульным з інш. механізмамі. Бывае бесступеньчатая (варыятар), ступеньчатая (мае зубчастыя перадачы) і камбінаваная. Канструкцыя залежыць ад прызначэння К.п., спосабу пераключэння перадач і тэхн. характарыстык машыны ці станка. К.п., прызначаная для змены падачы (перамяшчэння інструменту адносна апрацаванай загатоўкі) у металарэзных, дрэваапрацоўчых і каменярэзных станках, наз. каробкай падач.
В.А.Сяргеенка.
Схема трохступеньчатай каробкі перадач: 1 — вядучы вал; 2 — вядучая шасцярня пастаяннага зачаплення; 3 — кулачковая муфта; 4 — шасцярня 2-й перадачы; 5 — шасцярня 1-й перадачы і задняга ходу; 6 — выхадны вал; 7 — прамежкавая шасцярня задняга ходу; 8, 9, 10 — вядучыя шасцерні задняга ходу, 1-й і 2-й перадач; 11 — прамежкавы вал; 12 — выхадная шасцярня пастаяннага зачаплення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАМЕХАНІ́ЧНАЯ ПЕРАДА́ЧА,
камбінаваная перадача, якая складаецца з гідратрансфарматара (гл.Гідрадынамічная перадача) і мех. ступеньчатай каробкі перадач. Забяспечвае аўтам. бесступеньчатую змену і рэверсіраванне круцільнага моманту, зніжае дынамічныя нагрузкі ў трансмісіі, павышае яе даўгавечнасць і інш. Выкарыстоўваецца ў прыводах трансп. і тэхнал. машын. У аўтам. гідрамеханічных перадачах аўтамабіляў звычайна ўжываюць комплексныя, полімерычныя (блакіруюць гідратрансфарматар), вальныя або планетарныя каробкі перадач з пераключэннем ступеней фрыкцыёнамі і стужачнымі тармазамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУБАВЫМЯРА́ЛЬНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
сродкі вымярэння, прызначаныя для ацэнкі дакладнасці зубчастых колаў і перадач па нормах кінематычнай дакладнасці, плаўнасці, кантакту і бакавога зазору. Падзяляюцца на станковыя (пры вымярэнні зубчастае кола ўстанаўліваюць на прыладу) і накладныя (прыладу накладваюць на зубчастае кола). З дапамогай З.п. вымяраюць міжцэнтравыя адлегласці (гл.Міжцэнтрамер), даўжыні агульных нармалей (гл.Нармалемер), шагі зачаплення (гл.Шагамер), хвалістасць паверхні, таўшчыню зубоў і г.д. Імі карыстаюцца пры вырабе зубчастых колаў і перадач.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛу тэхніцы,
дэталь машыны, прызначаная для перадачы вярчальнага намагання і падтрымання насаджаных на яе іншых дэталяў. Адрозніваюць валы прамыя (гладкія, ступеньчатыя, шліцавыя, кулачковыя), каленчатыя валы, гнуткія валы і інш. Паводле прызначэння бываюць валы перадач, нясучыя зубчастыя колы, шківы, зорачкі і карэнныя, на якіх акрамя дэталяў перадач замацоўваюць рабочыя органы машыны (колы турбін, крывашыпы і інш.). Валы разлічваюць на трываласць, жорсткасць і ваганне.
Кулачковы вал: 1 — шыйкі; 2 — кулачкі; 3 — механізм, які атрымлівае рух ад кулачкоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ІНТЭРСПАДАРО́ЖНІК»,
міжнародная арганізацыя спадарожнікавай сувязі. Створана ў 1971 сацыяліст. краінамі, да якіх потым далучыліся інш. краіны (усяго 22 краіны; Беларусь з 1997). Месцазнаходжанне — Масква. «І.» належыць аднайменная сістэма касм. сувязі (рэтрансляцыя тэлевізійных перадач, тэлефонная, факсімільная сувязь і інш.) на аснове ШСЗ«Гарызонт» і «Галс».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАДЫЛА́К»
(Cadillac),
марка легкавых аўтамабіляў павышанай камфортнасці аднайм. аддзялення канцэрна «Джэнерал мотарс карпарэйшэн». Выпускаюцца сярэдне- і поўнапамерныя мадэлі з аўтам. каробкай перадач; большая частка мадэлей — пярэднепрывадныя з кузавам тыпу седан. Магутнасць бензінавага рухавіка да 220 кВт; найб. скорасць да 240 км/гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУБЧА́СТАЕ КО́ЛА,
звяно зубчастых перадач, якое мае выступы (зубы) для перадачы руху праз счапленне з выступамі другога звяна. Бываюць цыліндрычныя, канічныя і чарвячныя; з прамымі, касымі і крывалінейнымі зубамі. Робяць са сталі, чыгуну, сплаваў каляровых металаў, пластмас.
Зубчастыя колы: 1, 2 — цыліндрычныя прама- і касазубыя; 3, 4 — канічныя прамазубыя і са спіральнымі зубамі; 5 — шаўроннае; 6 — чарвячнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНТАВА́Я ПАВЕ́РХНЯ,
паверхня, якая апісваецца лініяй, што аварочваецца вакол нерухомай восі з пастаяннай вуглавой скорасцю і адначасова рухаецца паступальна ўздоўж гэтай жа восі з пастаяннай скорасцю. Вінтавая паверхня, якая апісваецца прамой, наз. гелікоідам. Уласцівасць усякай вінтавой паверхні перамяшчацца па самой сабе выкарыстоўваецца ў тэхніцы (напр., для стварэння чарвячных перадач).
Вінтавая паверхня: 1 — агульнага выгляду, 2 — гелікоід (OO′ — нерухомая вось; L — лінія, пры дапамозе якой утвараецца вінтавая паверхня).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВО́Д,
энергасілавая канструкцыя, якая прыводзіць у рух рабочыя машыны і механізмы. Складаецца з крыніцы энергіі (рухавік або прыстасаванне, што аддае назапашаную энергію — спружынны, інерцыйны, гіравы механізмы), перадатачнага механізма (мех., гідраўл., пнеўматычная, эл. і камбінаваная перадача) і апаратуры кіравання (ручная, паўаўтам. і аўтам.). Выкарыстоўваецца таксама ручны і нажны П. (у ручных лябёдках, швейных машынах, мясарубках, веласіпедах і інш.).
Бывае групавы (рух ад аднаго рухавіка перадаецца групе машын ці механізмаў праз адну або некалькі трансмісій — сілавых перадач), індывідуальны (кожная рабочая машына мае ўласны рухавік з перадачай) і шматрухавіковы (асобныя рабочыя органы машыны прыводзяцца ў рух асобнымі рухавікамі са сваімі перадачамі); стацыянарны (на раме ці фундаменце, пераважна электрычны прывод), перасоўны (на рухомых рабочых машынах) і транспартны (на розных трансп. сродках) — з цеплавымі рухавікамі (у т. л.ўнутр. згарання) і непасрэднай мех. ці эл. перадачай. У вытв-сці выкарыстоўваюцца таксама гідрапрывод і пнеўмапрывод, у якіх энергія сціснутых вадкасцей або паветра пераўтвараецца ў мех. энергію гідра- і пнеўмарухавікамі. У П. найб. часта выкарыстоўваюцца рэдуктары, мультыплікатары, каробкі перадач, варыятары, гнуткія валы.