ЯКАБСО́Н Еўна, гадзіннікавы майстар і механік 18 ст. Мяркуецца, што Я. быў адным з рамеснікаў, запрошаных у Нясвіж Міхалам Казімірам Радзівілам. У 1760-я г. вынайшаў і сканструяваў лічыльную машыну — першае з вядомых на тэр. б. СССР выліч. прыстасаванне Машына мела лічыльны механізм, прызначаны для складання і аднімання лікаў ад 1 да 109, прынцып дзеяння якога заснаваны на класічнай схеме зубчастых перадач, а таксама лічбавыя шкалы і надпісы на ням. і польскай мовах. Множанне ажыццяўлялася паслядоўнымі складаннямі лікаў, дзяленне (з астаткам ці без) — паслядоўнымі адніманнямі. Выкарыстоўваліся арыгінальныя спосабы набору (уводу) лікаў з дапамогай спец. ключоў і фіксацыі прамежкавых вынікаў вылічэнняў. Экзэмпляр машыны Я. захоўваецца ў калекцыі навук. інструментаў Музея імя М.В.Ламаносава ў С.-Пецярбургу.
Літ.:
Майстров Л.Е., Ченакал В.Л. Старейшая счетная машина // Вопр. истории естествознания и техники. 1969. Вып. 1 (26);
Апокин И.А., Майстров Л.Е. Развитие вычислительных машин. М., 1974;
Гутер Р.С., Полунов Ю.П. От абака до компьютера. М., 1975.
М.М.Касцюковіч.
т. 18, кн. 1, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)