КВАЛІТЭ́Т (ад лац. qualitas якасць),

характарыстыка дакладнасці апрацоўкі вырабу (дэталі), якая вызначае ступень градацыі значэнняў допускаў. Для існуючай у краінах СНД адзінай сістэмы допускаў і пасадак гладкіх злучэнняў устаноўлена 19 К (для памераў ад 1 да 10 000 мм).

Пад кожным К. разумеюць сукупнасць допускаў, якія забяспечваюць пастаянную адносную дакладнасць для пэўнага дыяпазону намінальных памераў (напр., ад 1 да 500 мм); у межах аднаго К. велічыня допуску зменьваецца ў залежнасці ад намінальнага памеру. Першыя К. (01, 0, 1—4) характарызуюць дакладнасць апрацоўкі выканаўчых памераў сродкаў вымярэння (канцавых мер даўжыні, калібраў, лякальных вугольнікаў; гл. Класы дакладнасці сродкаў вымярэння) і асабліва дакладных вырабаў; К. 5—11 вызначаюць дакладнасць памераў спалучальных элементаў, К. 12—17 — дакладнасць некат. неспалучальных элементаў. К. зборачных адзінак абумоўлены стандартамі, у якіх указаны допускі на асн. эксплуатацыйныя і інш. паказчыкі. К. ў цэлым вызначаюць ступень набліжэння рэальных памераў вырабу да іх разліковых значэнняў. Выкарыстоўваюцца замест ужываных раней класаў дакладнасці. Для разьбовых злучэнняў і зубчастых перадач карыстаюцца тэрмінам «ступень дакладнасці».

А.І.Качаргін.

т. 8, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)