БАГУ́Н (Міхась) (сапр.Блошкін Міхаіл Фёдаравіч; 8.11.1908, Мінск — 17.2.1938),
бел. пісьменнік. Скончыў курсы пры Мінскім бел.пед. тэхнікуме (1928). З 1929 настаўнічаў. Працаваў у газ. «Чырвоная Полаччына», у Дзярж. выд-ве БССР і газ. «Літаратура і мастацтва». У 1936 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у Сібіры. Рэабілітаваны ў 1954. Друкаваўся з 1925. Яго лірыка рамантычна-акрыленая, жыццесцвярджальная (зб-кі «Рэха бур», 1931, «Рэвалюцыі», 1932). Паэма «Крокі ў вяках» (1930) і некат. вершы напісаны пад уплывам У.Маякоўскага. Паэма «Канчыта з-пад Таледа» (1936) пра нац.-рэв. вайну ў Іспаніі. Пісаў апавяданні для дзяцей («Жэнька», 1934). Пераклаў на бел. мову раманы М.Астроўскага «Як гартавалася сталь» (1936), Л.Первамайскага «Ваколіцы» (1931, з З.Астапенкам), Ф.Панфёрава «Брускі» (1932, з Т.Кляшторным), вершы А.Пушкіна, Маякоўскага, Э.Багрыцкага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЧАНЕ́ЦКАЯ (Валянціна Фёдараўна) (9.12.1898, г. Ніжні Ноўгарад — 5.5.1980),
бел. спявачка (мецца-сапрана). Нар.арт. Беларусі (1955). Вучылася ў Маскоўскай кансерваторыі (1917—20) і прыватна ў В.Пятровай-Званцавай. Працавала ў Смаленскім перасоўным т-ры, у оперных т-рах Тбілісі, Саратава, Баку і інш. У 1940—57 салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала голасам прыгожага тэмбру, выдатнымі акцёрскімі здольнасцямі, была тонкім, удумлівым інтэрпрэтатарам. Сярод партый: у операх бел. кампазітараў — Ганка, Агата («Міхась Падгорны» і «Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага), Марыя Грагатовіч («Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса), Сцепаніда («Надзея Дурава» А.Багатырова); у класічных операх — Графіня («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Любаша («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Княгіня («Русалка» А.Даргамыжскага), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Няня («Дэман» А.Рубінштэйна).
Літ.:
Смольскі Б.С. Майстар музычнай справы. // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРЖБАЛО́ВІЧ (Вербіч) Барбара Іванаўна
(1901—8.1.1967),
бел. спявачка (мецца-сапрана). Скончыла Бел.муз. тэхнікум (1933), Бел. кансерваторыю (1938). У канцы 1930 — пач. 40-х г. салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, стварыла вобразы ў нац. спектаклях «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага (Матка), «Кветка шчасця» А.Туранкова (Ведзьма), а таксама ў класічных операх. У час акупацыі Беларусі ням.-фаш. захопнікамі жыла ў Мінску, выступала як эстрадная спявачка, у 1943 выканала партыю Свацці ў оперы «Лясное возера» М.Шчаглова-Куліковіча. З чэрв. 1944 у эміграцыі ў Германіі, працавала ў тэатр. групе «Жыве Беларусь» (пазней наз.Бел.т-р эстрады). З 1950 у ЗША, канцэртная спявачка, адна з актывістак і кіраўнікоў бел. жаночага руху ў ЗША. Пазней у Мюнхене, з 1954 працавала сакратаром, дыктарам у бел. рэдакцыі радыё «Свабода», запісала некалькі грампласцінак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЦЮШЭ́НКА (Міхась) (Міхаіл Пятровіч; н. 1.3.1947, Мінск),
бел. пісьменнік. Канд.філал.н. (1987). Скончыў БДУ (1971), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦККПСС (1987). Працаваў у газ. «Чырвоная змена», апараце ЦК ЛКСМБ, у 1979—84 і ў 1992—94 гал. рэдактар газ. «Знамя юности», у 1987—94 нам.гал. рэдактара час. «Крыніца». Друкуецца з 1968. У цэнтры твораў К. маральна-этычныя праблемы сучасніка, аналіз складаных сітуацый і пошукі выйсця з іх, тэмы Вял.Айч. вайны, спорту і інш. Аўтар кніг «Першая восень» (1972), «Трэці раунд» (1977), «Адзін дождж на ўсіх» (1979), «Дні, як усе іншыя» (1981), «Сустрэча пасля развітання» (1984) і інш., сцэнарыя дакумент. фільма пра П.Клімука «Хроніка знаходжання на зямлі» (1981, з В.Грышановічам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́РАМЦАЎ (Ілья Аляксеевіч) (2.8.1901, с. Кірушкіна Бугурусланскага р-на Арэнбургскай вобл., Расія — 8.8.1968),
бел. і расійскі спявак (бас). Засл. арт. Беларусі (1938). Вучыўся ў Ленінградскім муз. тэхнікуме і на оперных курсах (1923—30). У 1933—52 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі (у 1941—42 у Вял. т-ры ў Маскве). З 1952 саліст Башкірскага т-ра оперы і балета. Валодаў голасам прыгожага тэмбру. Яго індывідуальнасці найб. адпавядалі партыі характарнага, у т. л. камедыйнага, плана. У нац. операх стварыў запамінальныя вобразы Тараса («Ў пушчах Палесся» А.Багатырова), Анішчука і Данілы («Міхась Падгорны» і «Алеся» Я.Цікоцкага). Партыі класічнага рэпертуару на бел. сцэне: Галіцкі, Канчак («Князь Ігар» А.Барадзіна), Чуб («Чаравічкі» П.Чайкоўскага), Стары цыган («Алека» С.Рахманінава), Сабакін («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКО́ЎСКІ (Лявон Іосіфавіч) (9.1.1896, г. Глыбокае Віцебскай вобл. — 15.8.1979),
рускі пісьменнік. Скончыў Ленінградскі ун-т (1924). Друкаваўся з 1924. Аўтар зб-каў апавяд. «Зялёная Амерыка» (1927), «Сівапляс» (1928), аповесцей «Блудны д’ябал» (1928) «Канстанцін Заслонаў» (1949), «Міхась Тухачэўскі» (1967) гіст. раманаў «Генералісімус Сувораў» (ч. 1—2, 1947), «Адмірал Ушакоў» (1952), «Кутузаў» (1960). У 1925 у газ. «Ленинградская правда» апублікаваў нарысы пра Беларусь («Два гарады. Пісьма з Барысава», «На Бабруйшчыне», «У Слуцку — усё па-людску» і інш.). Пераклаў на рус. мову п’есы «Паўлінка» Я.Купалы і «Вайна вайне» Я.Коласа, раман «Мінскі напрамак» І.Мележа, аповесць «Андрэйка» П.Кавалёва, апавяданні М.Лынькова, зб.апавяд. «Ніколі не забудзем!». На бел. мову яго аповесць «Канстанцін Заслонаў» пераклалі В.Рудава і У.Ідэльсон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСАНДРО́ЎСКАЯ (Ларыса Пампееўна) (15.2.1904, Мінск — 23.5.1980),
бел. спявачка (сапрана), рэжысёр і грамадскі дзеяч. Нар.арт. Беларусі (1938), нар.арт.СССР (1940). Скончыла Бел.муз. тэхнікум (1928, клас В.Цвяткова), опернае майстэрства ўдасканальвала ў А.Баначыча (1930—33). У 1919—24 удзельніца арганізаванай ёю самадз. трупы пры палітаддзеле Зах. фронту. У оперы дэбютавала ў 1928 партыяй Маргарыты («Фауст» Ш.Гуно, спектакль муз. тэхнікума). Да 1960 салістка, у 1951—60 і гал. рэжысёр Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала голасам шырокага дыяпазону, выконвала сапранавыя і мецца-сапранавыя партыі. Музыкальнасць, драм. тэмперамент і артыстызм абумовілі моцнае эмац. ўздзеянне створаных ёю вобразаў. Сярод партый у нац. спектаклях: Марыся і Алеся («Міхась Падгорны» і «Алеся» Я.Цікоцкага), Надзейка («Кветка шчасця» А.Туранкова), Марыя Грагатовіч («Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса). Своеасаблівасцю вак.-сцэнічнай трактоўкі, пранікнёным лірызмам вызначаліся партыі ў класічных операх: Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Таццяна, Ліза («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Яраслаўна, Канчакоўна («Князь Ігар» А.Барадзіна), Любаша («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава) і інш. Рэжысёр пастановак: «Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага (1951), «Страшны двор» С.Манюшкі і «Мазепа» Чайкоўскага (1952), «Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага і «Аіда» Дж.Вердзі (1953), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1954), «Надзея Дурава» А.Багатырова (1956), «Міхась Падгорны» (1957), «Яснае світанне» Туранкова (1958), «Пікавая дама» (1960) і інш. Выступала як канцэртная спявачка, выконвала бел.нар. песні, у т. л. на Міжнар.муз. выстаўцы ў Франкфурце-на-Майне (1927), гастраліравала ў Германіі, Швецыі (з С.Навіцкім; першы выезд бел. артыстаў за мяжу ў сав. час). Адна з арганізатараў Бел.тэатр. аб’яднання (з 1946 старшыня, з 1976 ганаровы старшыня яго прэзідыума). Дзярж. прэмія СССР 1941. З 1987 праводзіцца Рэсп. конкурс вакалістаў імя Александроўскай, у 1992 устаноўлена прэмія імя Александроўскай у галіне тэатр. мастацтва.
Літ.:
Модэль М. Л.П.Александроўская. Мн., 1945;
Рузов Г. Л.П.Александровская. М.; Л., 1950;
Лукас Д., Жураўлёў Д. Выдатны дзеяч опернага мастацтва // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.
Б.С.Смольскі.
Л.П.Александроўская.Л.Александроўская ў ролі Канчакоўны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫНЬКО́Ў (Міхась) (Міхаіл Ціханавіч; 30.11.1899, в. Зазыбы Віцебскага р-на — 21.9.1975),
бел. пісьменнік, літ.-знавец, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1962). Акад.АН Беларусі (1953, чл.-кар. 1936). Скончыў Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю (1917). У грамадз. вайну ўдзельнічаў у партыз. руху. Настаўнічаў у Буда-Кашалёўскім і Рагачоўскім р-нах (1917—19 і 1922—25). У 1919—22 у Чырв. Арміі. З 1925 працаваў адказным сакратаром, рэдактарам бабруйскай акр.газ. «Камуніст». З 1930 у Дзярж. выд-ве «Беларусь», у 1933—41 гал. рэдактар час. «Полымя рэвалюцыі». Быў арганізатарам і кіраўніком Бабруйскай філіі «Маладняка», адным з кіраўнікоў БелАПП. Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі (1938—48). Рэдактар газ. «Беларуская звязда» (1939), «За Савецкую Беларусь» (1941—42). У 1943-46 і 1949—52 дырэктар Ін-та л-ры, мовы і мастацтва АН Беларусі. Друкаваўся з 1919. Асабліва моцны ўплыў зрабілі на Л. рамант. стылёва-выяўл. традыцыі рус. л-ры. У апавяданнях 1920—30-х г. (зб-кі «Апавяданні», 1927; «Гой», 1929, «Андрэй Лятун», 1930, «Саўка-агіцірнік», 1933, «На вялікай хвалі», 1934, і інш.) пераважна на аснове асабістага жыццёвага вопыту пісаў пра рэвалюцыю і грамадз. вайну, паказваў барацьбу за новы грамадскі лад («Над Бугам», «Крот», «Манчжур», «Кватармайстар Бадай», «Сінія галіфэ» і інш.), як змяняліся міжнац. адносіны («Гой»), усталёўваўся новы побыт («У мястэчку»), Паэтызаваў працу простых людзей, асэнсоўваў яе як крыніцу сапраўднай духоўнасці («Андрэй Лятун»). Шмат увагі аддаваў паказу гарадскога і местачковага жыцця, рабочага асяроддзя («Гома», «Чыгунныя песні», «Журавель мой, журавель» і інш.). Рэалістычны паказ старой бел. вёскі складае асн. змест няскончанага рамана «На чырвоных лядах» (1934). У аповесцях для дзяцей «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» (1935) і «Міколка-паравоз» (1936, кінафільм 1957) створана дынамічная і займальная падзейная плынь, у якой яркая і маляўнічая апавядальнасць атрымала лірыка-гумарыстычную афарбоўку. Жыццё працоўных Зах. Беларусі паказаў у зб. апавяданняў «Сустрэчы» (1940). Гераізм і самаахвярная мужнасць народа ў барацьбе з фашызмам у перыяд Вял.Айч. вайны паказаны ў напоўненых драматызмам і трагедыйнасцю апавяданнях са зб. «Астап» (1944). У многіх з іх гучыць тэма знявечанага фаш. акупацыяй дзяцінства («Дзіцячы башмачок», «Недапетыя песні», «Пацалунак» і інш.). Яркія эпізоды партыз. вайны на Беларусі супраць ням.-фаш. акупантаў атрымалі эмацыянальна-ўсхваляванае адлюстраванне ў рамане «Векапомныя дні» (кн. 1—4, 1-е поўнае выд. 1958; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1968). На матэрыяле замежных паездак напісаў кн. замалёвак, нарысаў і апавяданняў «За акіянам» (1962). Публіцыстычнае майстэрства Л. найб. выявілася ў артыкулах і сатыр. замалёўках перыяду Вял.Айч. вайны («Смачны жабе арэх, ды зубоў бог не даў...», «Цешыўся старац, што перажыў марац, ажно ў маю нясуць яго да гаю...» і інш.), у нарысах «Шляхамі вайны» (1945), «Пад сонцам Індыі» (1957). У літ.-знаўчых і крытычных работах абараняў праўдзівасць, даследчы пафас л-ры, змагаўся супраць спрошчанага, вульгарызатарскага яе разумення. Пісаў пра жыццё і творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, К.Крапівы, К.Чорнага, І.Мележа, Я.Брыля, І.Шамякіна і інш.бел. пісьменнікаў, Т.Шаўчэнку, рус. і зарубежных класікаў (А.Пушкіна, М.Гогаля, М.Някрасава, Л.Талстога, Ф.Дастаеўскага, А.Чэхава, М.Горкага, Р.Тагора), дзеячаў сусв. культуры (Я.Каменскага і інш.). На бел. мову перакладаў творы М.Горкага і М.Ціханава. Помнікі Л. ў в. Крынкі Лёзненскага р-на і на магіле ў Мінску (на Усходніх могілках); музеі ў Крынкаўскай і Бронніцкай (Буда-Кашалёўскі р-н) школах.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1967—68;
Зб.тв.Т. 1—8. Мн., 1981—85;
Летапіс эпохі. Мн., 1968;
Літаратура і жыццё. Мн., 1978;
Публіцыстыка. Мн., 1980;
Насустрач жыццю: Апавяданні. Мн., 1988;
Міколка-паравоз: Аповесці і апавяданні. Мн., 1989.
Літ.:
Бугаёў Дз. Шчодрае сэрца пісьменніка. Мн., 1963;
Яго ж. Чалавечнасць. Мн., 1985;
Куляшоў Ф.І. Міхась Лынькоў. Мн., 1979;
Яго ж. Міхась Лынькоў: Семінарый. Мн., 1963;
Дзюбайла П.К. Беларускі раман аб Вялікай Айчыннай вайне. Мн., 1964;
Пашкевіч Н.Е. На шырокіх шляхах жыцця. Мн., 1965;
Святло яго душы. Мн., 1979;
Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. 2 выд.Мн., 1990;
Гілевіч Н. Удзячнасць і абавязак. Мн., 1982;
Бачыла А. Крыло неспакою. Мн., 1985;
Мушынскі М. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 40-я — першая палавіна 60-х гг.Мн., 1985;
Кенька М. Міхась Лынькоў: Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТУ́ШКА (Міхась Апанасавіч) (1907, г. Нясвіж Мінскай вобл. — ?),
бел.паліт. і вайсковы дзеяч. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1930), вучыўся ў Пражскім ун-це і Варшаўскім політэхн. ін-це. У 1930-я г. ўваходзіў у кіраўніцтва Аб’яднання бел. студэнцкіх арг-цый у Празе, Варшаўскага асв.т-ва беларусаў. Напярэдадні Вял.Айч. вайны ўступіў у кантакт з абверам, вёў дыверсійную работу ў Зах. Беларусі. У час вайны актыўна супрацоўнічаў з гітлераўцамі, арганізоўваў атрады Бел. самааховы на Браншчыне, Смаленшчыне і Магілёўшчыне, удзельнічаў у баях супраць сав. партызан. Адзін з лідэраў Бел. незалежніцкай партыі, маёр Бел. краёвай абароны. Удзельнік 2-га Усебел. кангрэса (чэрв. 1944, Мінск). З ліп. 1944 выкладчык дыверсійна-разведвальнага батальёна «Дальвіц», камандзір яго спецатрада. 17.11.1944 атрад Вітушкі закінуты фашыстамі ў Налібоцкую пушчу. З вясны 1945 кіраўнік т.зв. партызанскай Бел.вызв. арміі (інш. назва «Чорны кот»). Далейшы лёс невядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛАТАГО́РАЎ (сапр. Гольдберг) Павел Самойлавіч
(30.12.1907, г. Сергіеў Пасад Маскоўскай вобл. — 24.9.1969),
рускі і бел. рэжысёр оперы. Засл. арт. Беларусі (1940), засл. арт. Расіі (1947). Скончыў Цэнтр. тэхнікум тэатр. мастацтва ў Маскве (1931). З 1933 рэжысёр Муз.т-ра імя Неміровіча-Данчанкі (з 1941 — імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі). Адначасова з 1935 рэжысёр, у 1939—42 гал. рэжысёр Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Ў 1931—36 і 1946—50 выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве. Паставіў на бел. сцэне оперы «Рыгалета» Дж.Вердзі (1935), «Тоска» (1937) і «Чыо-Чыо-сан» (1940) Дж.Пучыні, «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага (1940). Найб. значная работа З. — сцэнічнае ўвасабленне оперы «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага (2-я рэд., 1939). Вучань У.Неміровіча-Данчанкі, удзельнічаў у яго пастаноўках опер «Кацярына Ізмайлава» Дз.Шастаковіча (1934), «Ціхі Дон» І.Дзяржынскага (1936), «У буру» Ц.Хрэннікава (1939).