АРСЕ́НКА Арсен Дзіянісавіч

(15.3.1903, г.п. Новая Вадалага Харкаўскай вобл. — 30.8.1945),

бел. і ўкр. спявак (барытон). Нар. арт. Беларусі (1944). Скончыў Харкаўскі муз.-драм. тэхнікум (1928). З 1928 у оперных т-рах Украіны, з 1936 у Вял. т-ры СССР. З 1937 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Творчасць Арсенкі вылучалася высокай вак. культурай, арыгінальнасцю ў муз. і сцэн. трактоўцы вобразаў. Першы выканаў гал. партыі ў операх «У пушчах Палесся» А.Багатырова (Кузьміч), «Кветка шчасця» А.Туранкова (Андрэй). Найб. значная работа — вобраз Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Інш. партыі: Змітрок, Апанас («Міхась Падгорны» і «Алеся» Я.Цікоцкага), Эскамільё («Кармэн» Ж.Бізэ), Рыгалета, Жэрмон («Рыгалета», «Травіята» Дж.Вердзі), Ялецкі, Анегін («Пікавая дама» і «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага). Выступаў як камерны спявак.

Літ.:

Смольскі Б. Арсен Арсенка // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967.

т. 1, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)