ВЕРЖБАЛО́ВІЧ
(Вербіч) Барбара Іванаўна (1901—8.1.1967),
бел. спявачка (мецца-сапрана). Скончыла Бел. муз. тэхнікум (1933), Бел. кансерваторыю (1938). У канцы 1930 — пач. 40-х г. салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, стварыла вобразы ў нац. спектаклях «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага (Матка), «Кветка шчасця» А.Туранкова (Ведзьма), а таксама ў класічных операх. У час акупацыі Беларусі ням.-фаш. захопнікамі жыла ў Мінску, выступала як эстрадная спявачка, у 1943 выканала партыю Свацці ў оперы «Лясное возера» М.Шчаглова-Куліковіча. З чэрв. 1944 у эміграцыі ў Германіі, працавала ў тэатр. групе «Жыве Беларусь» (пазней наз. Бел. т-р эстрады). З 1950 у ЗША, канцэртная спявачка, адна з актывістак і кіраўнікоў бел. жаночага руху ў ЗША. Пазней у Мюнхене, з 1954 працавала сакратаром, дыктарам у бел. рэдакцыі радыё «Свабода», запісала некалькі грампласцінак.
А.С.Ляднёва.
т. 4, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)