абмежаваны ацёк скуры і падскурнай клятчаткі ці слізістай абалонкі, што ўзнікае востра, раптоўна. Вывучыў і апісаў ням. ўрач Г.Квінке (1882). Найчасцей бывае ў жанчын. Да рэдкай лакалізацыі паталаг. працэсу адносіцца ацёк шаравых абалонак, слізістай абалонкі маткі і мачавога пузыра.
К.а. — рэакцыя арганізма на алерген (гл.Алергія). Значная роля ў развіцці хваробы належыць спадчынным і нервова-рэфлекторным фактарам. Праяўляецца абмежаваным ацёкам на тканках губ, павек, шчок, іншы раз высыпкамі на месцы ацёку, без болю і свербу. Найб. небяспечны ацёк гартані (20—25% выпадкаў). Лячэнне: спецыфічная і неспецыфічная дэсенсібілізацыя; сродкі, што зніжаюць пранікальнасць сасудаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНІ́НЫ (ад грэч. kineō рухаю),
фізіялагічна актыўныя поліпептыды: брадыкінін, лізілбрадыкінін і метыяніллізілбрадыкінін. У жывёл утвараюцца ў плазме крыві ці міжклетачных прасторах пры расшчапленні неактыўнага папярэдніка — кінінагена. Рэгулююць мясц. крывацёк, абумоўліваюць скарачэнне гладкай мускулатуры органаў, бронхаў, кішэчніка, маткі, выклікаюць болевую рэакцыю. К. таксама тое, што цытакініны, гармоны раслін, вытворныя 6-амінапурыну (напр., зеацін). Прысутнічаюць у выглядзе свабодных асноў, рыбазідаў і рыбатыдаў. Сінтэзуюцца гал. чынам у мерыстэме кораня, паступаюць у парасткі, удзельнічаюць у рэгуляцыі абмену рэчываў у надземных органах: стымулююць рост клетак, сінтэз РНК і бялку, раскрыццё вусцейкаў і інш. Выкарыстоўваюцца ў эксперыментах; у практычных мэтах — для атрымання сартавых раслін метадам культуры тканак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПО́ФІЗ (ад грэч. hypophysis адростак),
ніжні мазгавы прыдатак, залоза ўнутр. сакрэцыі чалавека і пазваночных жывёл. Знаходзіцца ў ямцы асн. косці чэрапа (турэцкім сядле). Звязваецца ножкай з асновай мозга. Маса гіпофіза ў чалавека 0,5—0,6 г. Выпрацоўвае гармон росту, адрэнакартыкатропны і ганадатропныя гармоны і інш., што стымулююць рост і развіццё арганізма, функцыі інш. эндакрынных залоз, удзельнічаюць у рэгуляцыі ціску крыві, выдзяленні мачы, скарачэнні мышцаў маткі. Дзейнасць гіпофіза кантралюецца ц. н. с., цесна звязана з гіпаталамусам і інш. залозамі ўнутр. сакрэцыі. Хваробы гіпофіза ўзнікаюць ад чэрапна-мазгавых траўмаў, запаленчых працэсаў, пухлін. Найб. вядомыя хваробы пярэдняй долі гіпофіза: акрамегалія, гігантызм, Іцэнкі—Кушынга хвароба, карлікавы рост, вегетатыўныя расстройствы; задняй долі гіпофіза — дыябет нецукровы. Лячэнне: гармонатэрапія, хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЦЭНТА́РНЫЯ, паследавыя, вышэйшыя звяры (Placentalia, або Eutheria),
інфраклас жывародных млекакормячых падкл. сапраўдных звяроў. Вядомы з ранняга мелу (каля 190 млн.г. назад). 14 вымерлых і 17—18 сучасных атрадаў. На Беларусі да П. належаць усе млекакормячыя.
У П. зародак развіваецца ў матцы, з арганізмам маці звязаны праз плацэнту (адсюль назва). Выключэнне складаюць аднапраходныя і сумчатыя. Маткі ў самак П. розныя: ад двайной да адзіночнай, простай. Характэрныя рысы П.: пастаянная т-ра цела, развітыя паўшар’і галаўнога мозга, аб’яднаныя мазолістым целам, наяўнасць другаснага мазгавога купала — неапаліума, змена зубоў. Дзіцяняты нараджаюцца адносна развітыя, здольныя смактаць малако. Дзякуючы высокай морфафізіял. арг-цыі П. здольныя да складаных праяўленняў вышэйшай нерв. дзейнасці і існавання ў разнастайных умовах асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВАЛЮ́ЦЫЯ (ад лац. involutio выгін, завіток, згортванне),
1) рэдукцыя або страта ў эвалюцыі асобных органаў, спрашчэнне будовы і функцыі якога-н. органа ў працэсе анта- і філагенезу, напр., розныя ступені рэдукцыі кішэчніка ў некат. паразітычных чарвей, членістаногіх, рэдукцыя адростка сляпой кішкі ў драпежных жывёл.
2) Адваротнае развіццё органаў, тканак, клетак, напр. І. маткі ў пасляродавы перыяд, узроставая І. вілачкавай залозы, эпіфіза.
3) Атрафія органаў пры паталогіі і старэнні, напр. узроставае згасанне палавой актыўнасці, якое суправаджаецца зменамі марфал. структуры палавых органаў, зніжэннем іх функцый, атрафіяй палавых залоз.
4) Выраджэнне мікраарганізмаў, калі яны пад уплывам неспрыяльных фактараў (ядаў, радыяцыі і інш.) набываюць нязвыклую для іх форму.
5) Адна з перабудоў зародка. Тэрмін «І.» часам выкарыстоўваюць як сінонім інвагінацыі (форма гаструляцыі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭ́КАС (франц. précoce ад лац. praecox ранні, скараспелы),
парода танкарунных скараспелых авечак мяса-воўнавага кірунку. Выведзена ў Францыі ў 19 ст. скрыжаваннем англ. мясных парод з рамбулье, пазней у Германіі. Гадуюць у краінах Еўропы, ЗША. На Беларусі невял. статкі чыстапародных жывёл ёсць у Іванаўскім і Брэсцкім р-нах Брэсцкай вобл.
Жывёлы буйныя, моцнай канстытуцыі. Маткі бязрогія, бараны бязрогія і з рагамі. Маса бараноў каля 100 (найб. да 150), матак каля 60 кг. Воўна белая, даўж. каля 7 см. Гадавы настрыг з бараноў 7—8 (да 11,7), з матак 4,4—4,8 кг. Выхад чыстай воўны 45—50%. Плоднасць 120—130 ягнят на 100 матак. Скараспелыя жывёлы, у 6—7 месяцаў маса да 45—50 кг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦЁЛ,
роды ў кароў, буйваліц, аленіх. Наступаюць звычайна ў кароў на 283—285-я сут цельнасці, у буйваліц на 306—307-я, у аленіх на 225-я сут. За 7—10 сут да ацёлу цельных кароў пераводзяць у спец. стойла з добрым подсцілам. У апошнія дні цельнасці вонкавыя палавыя органы жывёлы і тканкі вакол іх ацякаюць, рэзка павялічваецца вымя. За 1—3 сут да ацёлу з похвы выдзяляецца слізь. Плод выганяецца ў выніку моцных скарачэнняў гладкай мускулатуры маткі (схваткі) і мышцаў брушнога прэса (патугі). Выгнанне плода доўжыцца 0,5—1 гадз (бывае да 5—6 гадз). Паследавая стадыя ў норме працягваецца да 6 гадз. Пупавіну, якая не абарвалася сама, абрываюць і змазваюць растворам ёду або апускаюць у раствор крэаліну ці лізолу. Народжанае цяля абціраюць, ачышчаюць ад слізі. Карове даюць цёплую, падсоленую ваду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАКА́ДА НАВАКАІ́НАВАЯ,
метад абязбольвання, які грунтуецца на часовым выключэнні праводнасці болевых імпульсаў па перыферычнай нерв. сістэме і на ўздзеянні навакаіну на рэгулятарныя функцыі ц. н. с. Праводзяць блакаду навакаінавую 0,25—0,5%-ным растворам навакаіну. Слабыя растворы навакаіну здымаюць боль і лечаць. Блакаду навакаінавую выкарыстоўваюць адпаведна характару захворвання. Напр., кароткую блакаду навакаінавую робяць на першай стадыі вострых запаленчых працэсаў (абсцэсы і флегмоны), пры лячэнні ран. Цыркулярная блакада навакаінавая выкарыстоўваецца пры лячэнні ран, гнойных і асептычных запаленняў, адмаражэнняў, укусаў змей у вобласці канечнасцяў. Надплеўральную блакаду навакаінавую робяць пры хваробах органаў брушной і тазавай поласцяў (перытаніты, гастраэнтэрыты, колікі, халецыстыты, выпадзенне маткі), пры хваробах тазавых канечнасцяў і ў пасляаперацыйны перыяд пры хірург. умяшаннях на органах брушной поласці. Паранефральная блакада навакаінавая ўжываецца ў тых жа выпадках, што і надплеўральная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙНАВІЧ ((Vojnovič) Іва) (9.10.1857, г. Дуброўнік, Харватыя — 30.8.1929),
харвацкі пісьменнік. Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў югаславянскай драматургіі канца 19 — пач. 20 ст. Скончыў юрыд.ф-т Заграбскага ун-та (1880). У 1907—11 літ. кіраўнік Харвацкага нац.т-ра (Заграб). Друкаваўся з 1880. Аўтар зб-каў навел («Пяром і алоўкам», 1884), вершаў і эсэ («Акорды», 1917), аповесці «Ксанта» (1886). У драмах «Эквіноцый» («Калі дзень роўны ночы», 1895), «Дуброўніцкая трылогія» (1902), «Маскарад на паддашшы» (1922) адлюстраваў працэс адмірання традыцый горада-рэспублікі Дуброўнік і выраджэння арыстакратыі. Ідэі яднання сербаў, харватаў і славенцаў адбіліся ў драмах «Смерць маткі Югавічаў» (1907), «Уваскрэсенне Лазара» (1913). Разнастайная тэматыка, сінтэз рэалізму і мадэрнізму, арыгінальныя пошукі ўласцівыя п’есам «Psyche» (1889), «Пані са сланечнікам» (1912), «Imperatrix» (1919).