ПЛАЦЭНТА́РНЫЯ, паследавыя, вышэйшыя звяры (Placentalia, або Eutheria),

інфраклас жывародных млекакормячых падкл. сапраўдных звяроў. Вядомы з ранняга мелу (каля 190 млн. г. назад). 14 вымерлых і 17—18 сучасных атрадаў. На Беларусі да П. належаць усе млекакормячыя.

У П. зародак развіваецца ў матцы, з арганізмам маці звязаны праз плацэнту (адсюль назва). Выключэнне складаюць аднапраходныя і сумчатыя. Маткі ў самак П. розныя: ад двайной да адзіночнай, простай. Характэрныя рысы П.: пастаянная т-ра цела, развітыя паўшар’і галаўнога мозга, аб’яднаныя мазолістым целам, наяўнасць другаснага мазгавога купала — неапаліума, змена зубоў. Дзіцяняты нараджаюцца адносна развітыя, здольныя смактаць малако. Дзякуючы высокай морфафізіял. арг-цыі П. здольныя да складаных праяўленняў вышэйшай нерв. дзейнасці і існавання ў разнастайных умовах асяроддзя.

т. 12, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)