ПЛАЦЭ́НТА (лац. placenta ад грэч. placus аладка),

1) дзіцячае месца, орган сувязі зародка з целам маці ў перыяд унутрычэраўнага развіцця. Ёсць у чалавека, плацэнтарных млекакормячых жывёл, у некат. хордавых і беспазваночных. Выконвае трафічную, дыхальную, выдзяляльную, бар’ерную, эндакрынную, імунапратэктыўную функцыі. П. млекакормячых утворана вырастамі вонкавай абалонкі зародка (харыёнам) і слізістай сценкі маткі. У даношанага плода чалавека П. мае форму плоскага дыска дыяметрам 17—20 см, таўшчынёй 2—4 см, масай 500—600 г. Парушэнні функцыі П. выклікаюць невыношванне цяжарнасці, таксікозы цяжарнасці.

2) У кветкавых раслін П., ці семяноід — месца закладкі і прымацавання семязавязі.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)