БЕ́ЛАЎ ((Bellow) Сол) (н. 10.6.1915, г. Лашын, Канада),
амерыканскі пісьменнік. З сям’і эмігрантаў-яўрэяў з Расіі. Скончыў ун-т у Манрэалі (1937), пасяліўся ў ЗША. У цэнтры твораў — праблема асобы, якую даследуе праз экзістэнцыялісцкія антыноміі: свабода і выбар (раман «Непрыкаяны чалавек», 1944), ахвяра і кат (аповесць «Ахвяра», 1947), індывід. і грамадская прырода чалавека (аповесць «Лаві момант», 1956; раман «Гендэрсан, кароль дажджу», 1959). Пошукі чалавекам сябе і свайго месца ў свеце, вера ў духоўныя каштоўнасці і культ. традыцыі і адначасова цвярозае ўсведамленне антаганізмаў сучаснай цывілізацыі ў раманах «Прыгоды Огі Марча» (1953), «Герцаг» (1964), «Планета містэра Самлера» (1970; за ўсе Нац. прэміі ЗША 1953, 1964, 1970), «Снежань дэкана» (1982), «Больш паміраюць ад разбітага сэрца» (1987), зб. апавяданняў «Разявака і іншыя апавяданні» (1984) і інш. Скептыцызмам прасякнуты раман пра інтэлектуальную Амерыку «Дар Гумбальта» (1975, Пулітцэраўская прэмія). Проза Белава філасофская, інтэлектуальная, псіхалагічная. Нобелеўская прэмія 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫКАРАЗІ́ЙНЫЯ ПАКРЫ́ЦЦІ,
пакрыцці для аховы паверхні металічных вырабаў ад карозіі. Найб. пашыраныя антыкаразійныя пакрыцці: з металаў (хрому, цынку, нікелю, высакародных металаў і інш.) і іх сплаваў; з хім. злучэнняў металаў (аксіды, карбіды, нітрыды, фтарыды і інш.); з палімерных (фторпластавыя, поліэтыленавыя, поліізабутыленавыя, полівінілхларыдныя) і лакафарбавых пакрыццяў, а таксама кансервацыйныя замазкі (напр., бітум). Эфектыўнасць антыкаразійных пакрыццяў вызначаецца хім. і фазавым саставам, дасканаласцю будовы, трываласцю счаплення пакрыцця з асновай матэрыялу.
Антыкаразійныя пакрыцці бываюць анодныя ці катодныя адносна матэрыялу, які ахоўваюць. Анодныя змяншаюць, прадухіляюць карозію, катодныя могуць павялічваць яе, але пры гэтым паляпшаюць фіз.-мех. якасці матэрыялаў. Антыкаразійныя пакрыцці наносяць фарбаваннем, гальванічным, плазмавым, вакуумным, іонна-плазмавым і электрафарэтычнымі метадамі, хім. асаджэннем з газавай фазы і раствораў, плакіраваннем. Выбар метаду залежыць ад патрэбнага спалучэння матэрыялаў пакрыцця і асновы, неабходнай таўшчыні пакрыцця, магчымасці і неабходнасці яго аднаўлення ў эксплуатацыі. На Беларусі стварэннем антыкаразійных пакрыццяў займаюцца Бел. навукова-вытв. аб’яднанне парашковай металургіі, Бел.політэхн. акадэмія, Ін-т механікі металапалімерных сістэм АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗВО́РСКА-ЕЛІЗА́Р’ЕВА (Маргарыта Мікалаеўна) (н. 13.2.1946, г. Бяла-Слаціна, Балгарыя),
бел. рэжысёр оперы, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Скончыла Балгарскую (1969) і Ленінградскую (1974) кансерваторыі. У 1975—94 рэжысёр Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, з 1975 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. У бел. т-ры паставіла оперы «Дон Карлас» Дж.Вердзі (1979), «Служанка-пані» Дж.Б.Пергалезі (1981), «Воўк і сямёра казлянят» А.Уладзігерава (1984), «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні (1986), «Чароўная флейта» В.А.Моцарта (1987), «Тоска» Дж.Пучыні (1991), камічную кантату «Выбар капельмайстра» І.Гайдна (1981), фантазію «Шэкспір і Вердзі» (1992), «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» («Кацярына Ізмайлава») Дз.Шастаковіча (1994); у Бел. акадэміі музыкі — «Паяцы» Р.Леанкавала, «А досвіткі тут ціхія» К.Малчанава, «Арфей і Эўрыдыка» К.В.Глюка, «Так робяць усе» Моцарта і інш. Як рэжысёру ёй уласцівы тонкае разуменне сцэнаграфічнай эстэтыкі, сучаснае светаадчуванне, сінтэз новай оперна-рэжысёрскай лексікі і класічнай традыцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНЕМО́НІКА (ад грэч. mnēmonikos які мае добрую памяць),
сукупнасць асаблівых (адмысловых) прыёмаў і спосабаў, якія аблягчаюць запамінанне як мага большай колькасці звестак, фактаў шляхам утварэння штучных асацыяцый. Шырока выкарыстоўваецца ў выглядзе мнеманічных схем на пультах кіравання, сігнальных табло, панэлях шчытоў.
Выкарыстоўваецца таксама ў мовах праграмавання ў выглядзе абрэвіятур-мнемакодаў для абазначэння кодаў аперацый. Напр., мнеманічная каманда асемблера «LDA A1» (ад англ. Load Accumulator — загрузіць акумулятар) азначае «прачытаць лік з ячэйкі памяці з адрасам, пазначаным сімвалічна A1, і запісаць (загрузіць) яго ў акумулятар працэсара ЭВМ». Асацыятыўныя запамінальныя прыстасаванні заснаваны на наданні розным запісам асацыятыўных адзнак. Выбар запісу робіцца не па канкрэтным (зададзеным) адрасе, а па спалучэнні (асацыяцыі) адзнак, уласцівых інфармацыі, якую шукаюць. Дзякуючы стварэнню такіх штучных асацыяцый пошук і апрацоўка даных паскараецца на 2—3 дзесятковыя парадкі. Прыклады М. — левай рукі правіла, а таксама цыркавы і эстр. нумар «угадвання» думак на адлегласці і «знаходжання» прадметаў (гл.Мнематэхніка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЕ́МНАЯ ЗДАБЫ́ЧАкарысных выкапняў,
спосаб здабывання цвёрдых карысных выкапняў з нетраў зямлі з дапамогай падземных горных вырабатак (раскрыўных, падрыхтоўчых, ачышчальных). П.з. пластавых пакладаў ажыццяўляюць пераважна суцэльнымі, стаўбавымі, камернымі і камбінаванымі сістэмамі.
Выбар сістэмы П.з. вызначаецца відам пакладу (пластавы, адвольнай формы, жыльны, россыпны і інш.), характарам залягання (пакатае, нахіленае, стромкае). Вырабаткі ў тоўшчы моцных парод вядуць буравыбуховым спосабам, у больш мяккіх пародах — праходчымі комплексамі. Непасрэдна здабыча выкапняў ажыццяўляецца ў ачышчальных вырабатках, якія праводзяцца па пласце, целе пакладу, па жыле і бесперапынна або цыклічна прасоўваюцца па пакладзе. Для комплекснай механізацыі П.з. выкарыстоўваюць комплексы, якія ўключаюць вузказахопныя ачышчальныя горныя камбайны, механізаванае горнае мацаванне, забойны канвеер і інш. Для вымання пакладу пры камерных сістэмах выкарыстоўваюць праходча-здабыўныя комплексы ў складзе праходча-здабыўнога камбайна, самаходных цыклічных транспартавальных машын (вагонаў, бункераў, перагружальнікаў і інш.) або неперарыўных (стужачных ці паслядоўных кароткіх канвеераў).
На Беларусі П.з. выкарыстоўваецца пры распрацоўцы Старобінскага радовішча калійных солей, дзе пабудаваны 4 калійныя руднікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРА́ЦЫЙ ДАСЛЕ́ДАВАННЕ,
метад распрацоўкі колькасна абгрунтаваных рэкамендацый па прыняцці аптымальных рашэнняў па арганізацыі і кіраванні дзеяннямі (аперацыямі). Навукова аформілася для рашэння тэхн., тэхніка-эканам. задач і задач кіравання ў канцы 1940-х г.
У кожнай задачы аперацый даследавання фармальна апісана мноства магчымых рашэнняў і вызначанай мэтавай функцыі, значэнні якой характарызуюць меру дасягнення мэты пры кожным магчымым рашэнні. Задачы аперацый даследавання бываюць статычныя і дынамічныя, дэтэрмінаваныя і стахастычныя. У статычных задачах мэтавая функцыя яўна не залежыць ад часу, у дынамічных — час мае істотнае значэнне, у дэтэрмінаваных — выбар канкрэтнага рашэння прыводзіць да пэўнага значэння мэтавай функцыі, у стахастычных — гал. ролю адыгрывае фактар выпадковасці. Пры рашэнні статычных дэтэрмінаваных задач карыстаюцца метадамі лінейнага і нелінейнага праграмавання, дынамічных дэтэрмінаваных — дынамічнага праграмавання, стахастычных — тэорыі імавернасцяў, матэм. статыстыкі, тэорыі масавага абслугоўвання, стат. тэорыі прыняцця рашэнняў. Задачы, у якіх сутыкаюцца інтарэсы двух і больш бакоў, рашаюцца метадамі тэорыі гульняў. Калі дакладнае рашэнне задачы немагчыма, карыстаюцца метадам стат. выпрабаванняў (гл.Монтэ-Карла метад). Для рашэння складаных задач распрацаваны пакеты праграм для ЭВМ. Гл. таксама Аптымізацыі задачы і метады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́НДАРАЎ (Юрый Васілевіч) (н. 15.3.1924, г. Орск Арэнбургскай вобл.),
рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1984). Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1951). Першы зб. апавяданняў «На вялікай рацэ» (1953). У аповесцях «Батальёны просяць агню» (1957), «Апошнія залпы» (1959), раманах «Двое» (1964), «Гарачы снег» (1969) — будні, гераізм салдатаў, афіцэраў, генералаў у гады Вял.Айч. вайны, вытокі нар. подзвігу ў барацьбе з фашызмам. Напружаны драматызм, паглыблены псіхалагізм, вернасць жыццёвай праўдзе — асн. якасці стылю пісьменніка. Мастацка-філас. асэнсаванне еднасці чалавека са сваёй эпохай, непарыўная сувязь яго з часам і гісторыяй, з лёсам сваёй Радзімы і планеты, тэма адказнасці за гэты лёс у раманах «Цішыня» (1962), «Бераг» (1975; Дзярж. прэмія СССР 1977); «Выбар» (1980; Дзярж. прэмія СССР 1983), «Гульня» (1985). Аўтар аповесці «Сваякі» (1969), цыкла мініяцюр «Імгненні» (1977—82), кнігі літ. нататкаў «Пошук ісціны» (1976) і інш. Працуе для тэатра і кіно (фільмы «Апошнія залпы», «Цішыня», «Гарачы снег», «Бераг», кінаэпапея «Вызваленне»). Ленінская прэмія 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ННЫлекавыя,
фізіятэрапеўтычная працэдура, калі на цела ці частку цела хворага ўздзейнічаюць пэўным асяроддзем з лек. ўласцівасцямі. Гал.лек. фактары ванн: тэмпературнае, мех. і хім. ўздзеянне на арганізм. Вядомы з даўніх часоў. Выкарыстоўваюць на курортах, у водагразелячэбніцах, спец. аддзяленнях паліклінічных і бальнічных устаноў. Хваробы, пры якіх назначаюцца ванны, разнастайныя: функцыянальныя, арган., траўматычныя і інш. расстройствы і пашкоджанні арганізма. Выбарлек. асяроддзя ажыццяўляецца ўрачом; самастойна карыстаюцца ваннамі марскімі, сонечнымі (гл. ў арт.Загар, Сонцалячэнне), паветр. (гл. ў арт.Аэратэрапія), пясочнымі (выграванне ў пяску, псаматэрапія на пляжах). Асаблівае значэнне маюць ванны мінеральныя і гразевыя (пелоідныя). Для мінеральных выкарыстоўваюцца прыродныя, у т. л. субтэрмальныя і тэрмальныя, ці штучна прыгатаваныя мінеральныя воды, найчасцей сульфідныя, хларыдна-натрыевыя, ёдабромныя, радонавыя, якія могуць дадаткова насычацца газамі (вуглякіслыя, кіслародныя, азотныя, жамчужныя ванны) або араматычнымі і інш. рэчывамі (хвойныя, гарчычныя, шкіпінарныя, шалфейныя, крухмальныя ванны). Для гразевых ванн (агульных ці ў выглядзе аплікацый) выкарыстоўваюць прыродныя і штучна прыгатаваныя лек. гразі (тарфяныя, сапрапелевыя, вулканічныя, гліністыя і інш.). Вывучэннем мед. аспектаў выкарыстання ванн займаюцца бальнеалогія, кліматалогія, фізіятэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЛЕ́МА (ад ды... + лема),
форма вываду, разнавіднасць сілагізму, пасылкамі (зыходнымі дапушчэннямі) якога з’яўляюцца 2 гіпатэтычныя (умоўныя) і 1 дыз’юнктыўнае (раздзяляльнае) суджэнні. Адрозніваюць Д. канструктыўную (сцвярджальную) і дэструктыўную (адмоўную). Будова канструктыўнай Д. ў традыц. логіцы выражаецца формулай: «Калі A ёсць B, C ёсць Д. Калі E ёсць F, C ёсць D. Але A ёсць B і E ёсць F. Адсюль C ёсць D». Будова скарочанай дэструктыўнай Д. выражаецца формулай: «Калі A ёсць B, C ёсць D. Калі E ёсць F, C ёсць D. Але C не ёсць D. Значыць, A не ёсць B і E не ёсць F». Усе гэтыя формы Д. даказальныя (або з’яўляюцца аксіёмамі) у сучаснай фармальнай (матэм.) логіцы, а дэструктыўная Д. часта выкарыстоўваецца ў лагічных абвяржэннях. Розныя віды сувязі суджэнняў, якія ўтвараюць паняцце Д., былі ўстаноўлены стараж.-грэч. філосафамі (гл.Стаіцызм), яны шырока выкарыстоўваліся ў схаластычнай логіцы. У пераносным сэнсе (у звычайнай свядомасці) пад Д. разумеюць стан, у якім апынаецца чалавек, калі яму неабходна зрабіць выбар паміж двума супрацьлеглымі роўна непрымальнымі для яго магчымасцямі (рашэннямі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАДЗІ́РАВАННЕў кібернетыцы,
пераўтварэнне паведамлення (інфармацыі) у сукупнасць сімвалаў (кодавае слова), сігналаў ці інш., складзеную ў адпаведнасці з выбраным кодам; атаясамліванне сімвалаў (або іх груп) аднаго кода з сімваламі другога. Прызначана для ўзгаднення формы паведамлення з дадзеным каналам сувязі, прыладамі апрацоўкі і захоўвання інфармацыі. Аперацыя, адваротная К., наз. дэкадзіраваннем. Тэарэт. асновы К. закладзены амер. матэматыкам і інжынерам К.Э.Шэнанам (1950-я Г.).
У інфармацыі тэорыі К. выкарыстоўваюць для змяншэння лішкавасці паведамленняў і ўплыву перашкод, якія скажаюць паведамленні пры перадачы па каналах сувязі. Таму выбар новага кода ўзгадняецца са стат. структурай крыніцы паведамленняў. У пэўнай ступені такое ўзгадненне маюць коды тэлеграфныя, напр., паслядоўнасці літар і лічбаў з дапамогай кода Морзе пераўтвараюцца ў пэўныя камбінацыі кропак і працяжнікаў, а сімвалам паведамлення, якія найб. часта сустракаюцца, адпавядаюць больш кароткія з іх. Пры вылічэннях на ЭВМнайб. важныя двайковае К., пры якім кожнай літары ўзаемна адназначна адпавядае байт, і двайковыя пазіцыйныя коды (прамы, адваротны, дадатковы), дзе паслядоўныя элементы кодавага слова адпавядаюць паслядоўным двайковым разрадам зыходнага ліку.