ПАЎУСТА́Ў,

тып пісьма кірыліцы. Выпрацаваўся ў выніку паскарэння працэсу пісання на аснове ўстава і адрозніваўся ад яго меншай геаметрычнасцю пісьма, драбнейшымі літарамі і значна большай колькасцю скарачэнняў. Ужываўся ў паўд.-слав. (з канца 13 ст.) і ўсх.-слав. (з канца 14 ст.) пісьменнасці на пергаменце і паперы. У старабел. пісьменнасці, як і ў інш. усходнеслав. меў 2 разнавіднасці — старэйшы і малодшы. Старэйшы П., блізкі да ўстава, ужываўся ў справаводстве, граматах канца 14—1-й пал. 15 ст. Малодшы П. паралельна са скорапісам выкарыстоўваўся пераважна ў кнігах рэліг. і свецкага зместу 2-й пал. 15—16 ст., зрэдку 17 ст. («Чэцця» 1489, перакладныя аповесці «Александрыя», «Аповесць пра трох каралёў» 15 ст., Нікіфараўскі, Акадэмічны, Віленскі, Супрасльскі летапісы 15 — пач. 16 ст., «Гісторыя пра Трою», «Псалтыр», «Арыстоцелева брама» 16 ст., «Хранограф» 17 ст. і інш.). У параўнанні са старэйшым П. у малодшым П. словы пісаліся асобна (акрамя прыназоўнікаў і злучнікаў, літары мелі больш скарапісных элементаў, пашырылася напісанне слоў ці іх частак над радком, пачала выкарыстоўвацца вязь. Шырока ўжываліся надрадковыя знакі, сталі больш разнастайнымі знакі прыпынку. П. паслужыў узорам для шрыфтоў у выданнях Ф.​Скарыны, С.​Буднага, В.​Цяпінскага.

Літ.:

Карский Е.Ф. Славянская кирилловская палеография. М., 1979.

А.​М.​Булыка.

Паўустаў. Фрагмент граматы рыжскіх ратманаў да палачан. 1405.

т. 12, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІСЬМО́ВАЯ МО́ВА,

мова, на якой створана пісьменнасць і якая мае пісьмовую традыцыю. Пры дапамозе П.м. ажыццяўляюцца зносіны паміж людзьмі, фіксуецца і перадаецца інфармацыя. Для перадачы П.м. ствараюцца сістэмы графічных знакаў (літар, іерогліфаў, лічбаў і інш., гл. Пісьмо), правіл (арфаграфіі, пунктуацыі і інш.), а таксама неабходны матэрыял (папера, скура, тканіна і інш.).

П.м. адрозніваецца ад вуснай мовы тым, што разлічана на зрокавае ўспрыманне, больш позняя па часе ўзнікнення. Яна характарызуецца стройнасцю і паслядоўнасцю выкладання думкі, ужываннем складаных і ўскладненых сінтакс. канструкцый, абстрактнай, спец. і тэрміналагічнай лексікі; адсутнасцю дапамогі з боку жэстаў, мімікі, гукавой інтанацыі.

П.м. неабходная для многіх стыляў мовы. напр., навук., афіц.-дзелавога. Калі П.м. губляе сувязь з жывым маўленнем, то становіцца мёртвай мовай. Існуюць пісьмовыя штучныя мовы.

Пісьмовая беларуская мова пачала фарміравацца ў 13 ст. Зараз яна рэалізуецца ў разнавіднасцях: уніфікаваная, літ. П.м. — агульнапрынятая, без парушэнняў норм сучаснай бел. літаратурнай мовы; неліт. П.м. — з вял. парушэннем агульнапрынятых літ. норм, напр., фанет. транскрыпцыя дыялектнай мовы (гл. Дыялект), сац. жаргонаў і інш.; стылізаваная П.м. — матываваная літ.-гутарковая, літ.-прастамоўная, літ.-дыялектная П.м., якая часта сустракаецца ў мове маст. твораў і служыць для стварэння адпаведнага каларыту.

Літ.:

Булыка А.М. Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы. Мн., 1970;

Шакун Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. 2 выд. Мн., 1984.

М.​В.​Абабурка.

т. 12, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЫ́ЛІЦА,

адна з дзвюх (разам з глаголіцай) стараж. славянскіх азбук. Створана ў сярэдзіне 9 ст. на аснове грэка-візант. ўстаўнага пісьма. Назва ад імя слав. асветніка Кірылы Філосафа (гл. ў арт. Кірыла і Мяфодзій). Паходжанне К. канчаткова не высветлена. На думку адных вучоных, К. створана Кірылам раней за глаголіцу, ад якой адрознівалася інш. тыпам і больш простай і выразнай формай літар. Паводле другіх вучоных, Кірыла з’яўляўся стваральнікам глаголіцы, што папярэднічала К. Алфавітна-літарны склад К. адпавядаў гукавой сістэме стараславянскай мовы. У 11 ст. мела 43 літары: 24 візант. паходжання, 19 створаны самастойна. 27 літар абазначалі лічбы (літара з цітлай). З 10 ст. К. абслугоўвала ўсе тыпы стараж.-рус. літ. мовы. Паслядоўна існавалі графічныя відазмяненні К.: устаў, паўустаў, скорапіс (у быт. і дзелавой перапісцы), арнаментальная вязь (у кніжных загалоўках). Ад стараж.-рус. пісьменства К. перайшла ў спадчыну старабел., старарус. і стараўкр. пісьменствам. У ранні перыяд старабел. графіка мела ўсе літары К. Аднак у працэсе развіцця бел. мовы літарны склад алфавіта перастаў адпавядаць гукавой сістэме: адпала патрэба ў дублетных літарах, якія без шкоды для пісьмовых зносін маглі замяняць адна адну, але працягвалі ўжывацца па традыцыі (о–ѡ, е–є–ѣ, і–и–ѵ, у–ꙋ–ѫ, ѩ–ѧ, з–ѕ, ф–ѳ, ѯ–ксі, ѱ–псі), з’явілася неабходнасць у графічных сродках для зычнага j, афрыкаты «дж», гукаў [о] пасля мяккіх і [е] пасля цвёрдых зычных. На бел. глебе выйшлі з ужытку літары ѫ, ѥ, узніклі новыя графемы э (канец 15 ст.) і й (канец 16 ст.), у дзелавым пісьменстве перасталі выкарыстоўвацца ў гукавым значэнні знакі і, ѵ, ѯ, ѱ, ѕ, ф, у помніках інш. жанраў сталі трапляцца радзей літары ѵ, ѯ, ѱ, ѕ. Спрашчэнне і ўдасканаленне графічнай сістэмы абумоўлівалася агульным развіццём пісьменства. Выдатным дасягненнем старабел. графікі было стварэнне бел. першадрукаром і асветнікам Ф.​Скарынай на аснове паўустава друкарскага варыянта К., што стаў узорам для інш. усх.-слав. друкароў. Цікавай з’явай у гісторыі бел. кнігадрукавання было вынаходства спец. курсіўнага шрыфту (прапанаваў Грынь Івановіч), які сваёй канфігурацыяй імітаваў скорапіс 2-й пал. 16 ст. Працэс удасканалення К. на Беларусі спыніўся ў 18 ст. з прычыны заняпаду старабел. пісьменства. У Расіі ў выніку рэформы Пятра I у 1708 быў створаны грамадзянскі шрыфт, што пазней стаў асновай сістэм пісьма ўсх.-слав. і некат. інш. народаў, у т. л. і новага бел. пісьменства. Сучасны беларускі алфавіт выпрацаваны ў выніку кантамінацыі рус. грамадзянскага шрыфту са старабел. варыянтам К., вызначаецца большай дакладнасцю. У ім няма дублетных літар, ёсць знакі для спалучэння гукаў «йо» (ё) і спецыфічнага бел. гуку кароткага «ў», афрыкаты «дж», «дз» перадаюцца дыграфамі, раздзяляльную функцыю выконвае апостраф.

Найб. стараж. кірыліцкія помнікі — надпісы на сценах і плітах у Праславе (9—10 ст., Балгарыя), на глінянай пасудзіне з раскопак курганоў пад Смаленскам (10 ст.) і інш. Першая датаваная кніга, напісаная К., — Астрамірава евангелле (1056—57).

Літ.:

Карский Е.Ф. Славянская кирилловская палеография. М., 1979;

Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;

Булыка А.М. Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы. Мн., 1970.

А.​М.​Булыка.

Кірыліца.

т. 8, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЗЬ,

старажытнае дэкар. пісьмо, пры якім літары звязаны ў непарыўны дэкар. арнамент. Пісцы карысталіся 2 прыёмамі: скарачэннем літар і іх упрыгожваннем. Віды скарачэнняў: скарачэнне частак літар Л, А, К, М і інш., каб палегчыць іх збліжэнне; падпарадкаванне адной літары другой, калі памер адной памяншаўся і яна ставілася пад мачту большай літары ці пісалася ўнутры яе, не перасякаючы яе частак (КО = ; памяншэнне памеру абедзвюх літар і напісанне іх адна пад адной (МР = ); зліццё падобных частак суседніх літар (ПР = ). Упрыгожванне служыла для запаўнення пустот, уласцівых многім слав. літарам. У рукапісных кнігах вязь звычайна пісалі каляровай фарбай (найчасцей кінавар’ю).

Першапачаткова вязь выкарыстоўвалася ў загалоўках і надпісаннях. На Русі з’явілася ў 14 ст. Перайшла ад паўд. славян і ўжывалася ў двух стылях: т.зв. геаметрычным (строга захоўваў геам. элементы літар) і прыродным (літары ўпрыгожвалі арнаментальнымі расліннымі і жывёльнымі матывамі). Быў і змешаны стыль. У 15—16 ст. на Беларусі і Украіне развіваўся прыродны стыль, у Маскоўскай Русі пераважаў геаметрычны. На Беларусі вязь выкарыстоўвалі пераважна ў рукапісных кнігах рэліг. жанраў («Псалтыр» 16 ст., «Пралог» 17 ст., «Зборнік павучанняў» сярэдзіны 17 ст.), зрэдку і ў дзелавой ці свецкай пісьменнасці (Статут ВКЛ 1566, бел. пераклад «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» М.​Стрыйкоўскага). Друкаваная вязь вядома ў выданнях Ф.​Скарыны, С.​Буднага, у старадруках 16—17 ст. (Статут ВКЛ 1588, выд. ў Вільні, «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа», 1637, і «Дыдаскалія», 1653, выд. ў Куцейне.

М.​А.​Паўленка, А.​М.​Булыка.

Узоры вязі: 1, 2 — Статут Вялікага княства Літоўскага. Вільня. 1588; 3 — «Зборнік павучанняў». Сярэдзіна 17 ст.

т. 4, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ТАРНА-ГУКАВО́Е ПІСЬМО́, алфавітнае пісьмо,

адзін з тыпаў пісьма, асобныя знакі якога (літары) перадаюць пераважна адзін гук. Гэта можа быць фанема, алафон або любая фанема ў межах пэўнай групы акустычна падобных гукаў; часам літары злучаюцца па 2, 3 і 4 для абазначэння адной фанемы (ням. sch «ш», tsch «ч»). Перавага Л.-г. п. над інш. тлумачыцца прастатой, меншай колькасцю знакаў і лёгкасцю перадачы граматычных форм слоў. Такімі сістэмамі карыстаецца большасць народаў свету. Амаль усе яны паходзяць ад фінікійскага пісьма, пабудаванага паводле кансанантна-гукавога прынцыпу. На яго аснове ўзніклі арамейскае пісьмо і грэчаскае пісьмо, якія далі пачатак большасці алфавітных сістэм. У алфавітах, што складаліся на аснове фінікійскага пісьма, найчасцей захоўваліся назвы фінікійскіх літар і парадак іх у алфавіце. Арамейскі алфавіт стаў крыніцай арабскага пісьма (да 6 ст. н.э.), яўрэйскага пісьма (з 3 ст. да н.э.), іранскага пісьма (з 2 ст. да н.э.). Грэч. пісьмо, якое паступова распалася на зах.-грэч. і ўсх.-грэч., дало пачатак усім еўрап. алфавітам. На аснове зах.-грэч. ўзнікла этрускае пісьмо (з 7 ст. да н.э.), на аснове этрускага — лац. алфавіт (гл. Лацінскае пісьмо), які ў эпоху Рым. імперыі і ў сярэдневякоўі набыў міжнар. характар, а пазней стаў крыніцай франц., ням., англ., італьян. і інш. нац. пісьмовых сістэм зах.-еўрап. народаў. З усх.-грэч. ў 5—4 ст. да н.э. развілося класічнае грэч., потым візант. пісьмо, якое ў 9 ст. лягло ў аснову слав. кірылаўскага пісьма — кірыліцы. Кірыліца выкарыстоўвалася ў старабел. пісьменнасці. Ф.​Скарына стварыў друкарскі варыянт старабел. алфавіта, які стаў узорам для інш. усх.-слав. друкароў. Бел. пісьмовая сістэма сфарміравалася пад уплывам рус. грамадзянскага шрыфту, створанага ў выніку Пятроўскай рэформы 1708—10. Пытанне пра паходжанне другога слав. пісьма глаголіцы не вырашана.

Літ.:

Фридрих И. История письма: Пер. с нем. М., 1979;

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.

А.​М.​Булыка.

т. 9, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКІ АЛФАВІ́Т,

сукупнасць графічных знакаў (літар), прынятых у пісьмовай рускай мове і размешчаных у пэўным парадку. Узнік у выніку ўдасканалення кірыліцы і ў ранні перыяд выкарыстоўваў усе яе літары. У працэсе развіцця літарны склад алфавіта перастаў адпавядаць гукавой сістэме: адпала патрэба ў дуплетных літарах (як і ў беларускім алфавіце), з’явілася неабходнасць у графічных сродках для перадачы зычнага j, гукаў «о» пасля мяккіх і «е» пасля цвёрдых зычных.

Важным этапам ва ўдасканаленні Р.а. з’явілася рэформа Пятра I (1708—10), у выніку якой створаны рус. грамадзянскі шрыфт; з мэтай прыстасаваць царк.-слав. шрыфты для свецкіх выданняў былі выключаны літары ѡ, ѫ, ꙋ, ѯ, ѱ; літары ѩ і ѧ заменены літарай «я», уведзена літара «э». Літару «ё» у 1797 ужыў М.​Карамзін замест злучэння «іо». Канчаткова склад Р.а. вызначыла рэформа правапісу 1917—18: са складу алфавіта былі выключаны літары ѣ, Θ, і, Ү. Кірыліцкія назвы літар («аз», «буки», «веди» і г.д.) заменены сучаснымі з мэтай палегчыць працэс навучання грамаце.

Сучасны Р.а. складаецца з 33 літар, 20 з іх перадаюць зычныя гукі: Бб, Вв, Гг, Дд, Жж, Зз, Кк, Лл, Мм, Нн, Пп, Рр, Сс, Тт, Фф, Хх, Цц, Чч, Шш, Щщ, 10 — галосныя: Аа, Ээ, Оо, Ыы, Ии, Уу або спалучэнні j+галосны: Яя, Ее, Ёё, Юю; літара «й» перадае j; «ь» і «ъ» не абазначаюць асобных гукаў. Ужыванне літары «ё» ў друку не з’яўляецца абавязковым, яна ўжываецца пераважна ў слоўніках і вучэбнай л-ры. Усе літары выразна адрозніваюцца паміж сабой, могуць ужывацца ў друкаваным і рукапісным выглядзе, маюць вялікую і малую формы. Р.а. зрабіў уплыў на бел. алфавіт, а таксама на некат. інш. мовы, якія маюць пісьменнасць на аснове кірыліцы.

Літ.:

Истрин В.А. 1100 лет славянской азбуки. М., 1963;

Мусаев К.М. Алфавиты языков народов СССР. М., 1965;

Шицгал А.Г. Русский типографский шрифт. 2 изд. М., 1985.

А.​М.​Булыка.

т. 13, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛФАВІ́Т [ад назваў першых дзвюх літар грэч. алфавіта alpha і bēta (навагрэч. vita)],

азбука, сукупнасць графічных знакаў (літар) пэўнай сістэмы пісьма, размешчаных у замацаваным парадку. Уяўляе сабой пазнейшую стадыю развіцця графікі, наступную за піктаграфічным, ідэаграфічным пісьмом (гл. адпаведныя арт.). Асн. патрабаванні да кожнага алфавіта: дакладная колькасць адпаведных літар і асн. гукаў мовы (фанем), прастата малюнкаў літар і іх зручнасць для напісання, выразнае адрозненне адной літары ад другой пры захаванні адзінства іх графічнай будовы.

Алфавіт упершыню ўзнік у стараж. літарна-гукавых сістэмах. Яго маюць і некат. складовыя сістэмы, напр. катакана і хірагана (гл. Японскае пісьмо), дэванагары (гл. Індыйскае пісьмо) і інш. Першымі чыста гукавую сістэму пісьма стварылі фінікійцы каля 2000 г. да н. э. Фінікійскае пісьмо стала асновай для ўсіх наступных літарна-гукавых сістэм. Ад яго паходзіць арамейскае пісьмо, якое дало пачатак яўрэйскаму пісьму і арабскаму пісьму, а таксама грэчаскае пісьмо, на якім грунтуецца большасць еўрап. алфавіта. Грэч. алфавіт, найб. верагодна, створаны ў 11 ст. да н.э. Стараж. грэкі пакінулі без істотных змен фінікійскі алфавіт, толькі адкінулі графемы, не прыдатныя для перадачы гукаў сваёй мовы, і ўвялі некалькі новых. Грэч. алфавіт лёг у аснову італійскіх алфавітаў (этрускага, умбрыйскага, оскага, лацінскага, фаліскійскага і інш.). Пазнейшы візантыйскі варыянт грэч. алфавіта даў пачатак арм. і груз. пісьму (гл. адпаведныя арт.).

На грэка-візантыйскай аснове ўзнікла кірыліца, якая перайшла ў спадчыну беларусам і інш. усх.-слав. народам. Кірыліцкі алфавіт выкарыстоўваўся ў старабел. пісьменстве, а з пэўнымі зменамі і ў першых бел. друкаваных выданнях 16—17 ст. У 18 — пач. 20 ст. ў сувязі з яго заняпадам стаў ужывацца пераважна лацінскі алфавіт (гл. Лацінскае пісьмо). З узнікненнем легальнай бел. прэсы для перадачы гукавой сістэмы бел. мовы быў прыстасаваны рус. грамадзянскі шрыфт. Сучасны беларускі алфавіт замацаваўся як асноўны графічны сродак пісьмовай формы бел. літ. мовы пасля ўтварэння БССР.

Літ.:

Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;

Дирингер Д. Алфавит: Пер. с англ. М., 1963;

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.

А.​М.​Булыка.

т. 1, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́ЧАСКАЯ МО́ВА,

адна з індаеўрапейскіх моў (грэч. група), афіц. мова Грэцыі і Кіпра (разам з турэцкай). Пашырана таксама ў Турцыі, Паўд. Албаніі, Паўд. Італіі, Егіпце, ЗША і інш. краінах. У гісторыі грэчаскай мовы вылучаюць 3 асн. перыяды: старажытнагрэчаскі (14 ст. да н.э. — 4 ст. н.э.), сярэднегрэчаскі (5—15 ст.), новагрэчаскі (з 15 ст.). Стараж.-грэч. мова прайшла наст. этапы развіцця: архаічны (з 14 — 12 да 8 ст. да н.э.), класічны (з 8—7 да 4 ст. да н.э.), эліністычны — перыяд фарміравання агульна-грэч. мовы — кайнэ (4—1 ст. да н.э.), познагрэч. (1—4 ст.) і існавала ў выглядзе дыялектаў, паступова набываючы пісьмовую форму (гл. ў арт. Грэчаскае пісьмо). Захавалася багатая л-ра класічнага перыяду на эалійскім (творы Сапфо, Алкея), дарыйскім (творы Алкмана, Эпіхарма, Сафрона, Філалая, матэматыка Архімеда), іанійскім (творы Гамера, Герадота, Гіпакрата), атычных дыялектах (творы Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда, Арыстафана і інш.). Стараж. грэчаская мова мела ў фанетыцы 5 (кароткіх і доўгіх) галосных фанем, асобны рад прыдыхальных зычных, муз. націск; у марфалогіі — развітую сістэму дзеяслоўных формаў, спрошчанае імянное скланенне, развітое словаўтварэнне.

З цягам часу стараж.-грэч. мова мянялася, і да сярэдзіны 15 ст. завяршыўся працэс станаўлення на нар. аснове важнейшых асаблівасцей новагрэч. мовы, што працякаў у кірунку звужэння галосных, манафтангізацыі дыфтонгаў, ператварэння прыдыхальных зычных у спіранты, замены муз. націску сілавым, спрашчэння сістэмы скланення, замены многіх сінтакс. формаў аналітычнымі канструкцыямі.

Грэчаская мова здаўна была вядома на Беларусі. У 16—17 ст. яе вывучалі ў брацкіх школах. Павялічвалася колькасць перакладаў з грэч. на бел. мову («Евангелле вучыцельнае», «Бяседы Макарыя», «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа» і інш.). У лексічным складзе бел. мовы замацавалася шмат грэцызмаў. З канца 17 ст. папулярнасць грэчаскай мовы на Беларусі ў сувязі з паланізацыяй грамадскага жыцця пачала змяншацца. У 20 ст., калі бел. мова пачала абслугоўваць сферы навукі, асветы, культуры і інш. і ўзнікла патрэба ў разнастайнай навук. тэрміналогіі, грэчаская мова зноў стала адыгрываць прыкметную ролю, і гэты працэс працягваецца.

Літ.:

Соболевский С.И. Древнегреческий язык. М., 1948.

А.​М.​Булыка.

т. 5, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІСЬМО́,

графічная фіксацыя мовы для зносін паміж людзьмі на адлегласці і замацавання ў часе. Выступае як пэўныя сістэмы графічных абазначэнняў, што склаліся гістарычна ў выніку культ. развіцця паасобных народаў. Паводле сэнсавага аб’ёму знакаў падзяляецца на 4 тыпы; піктаграфічнае пісьмо, ідэаграфічнае пісьмо, складовае пісьмо, літарна-гукавое пісьмо.

Развіццё П. звязана з грамадскім прагрэсам і ішло ад выпадковых агульных паведамленняў да перадачы ўсё больш дробных элементаў мовы. Першыя спробы пісьмовай фіксацыі думак паявіліся ў эпоху першабытнаабшчыннага ладу (канец каменнага веку). Аднак уласцівае племянным абшчынам піктаграфічнае П. не было ўпарадкаванае, бо ў ім з дапамогай малюнкаў схематычна перадаваўся толькі сэнс выказванняў, але не адлюстроўваўся гукавы бок мовы, падзел яе на словы Пераход ад выпадковых піктаграфічных запісаў да ўпарадкаванага ідэаграфічнага П. абумоўлены ўтварэннем рабаўладальніцкіх дзяржаў, калі з’явілася патрэба рознай пісьмовай дакументацыі. Дзякуючы здольнасці пісьмовых знакаў абазначаць паасобныя словы і перадаваць складаныя тэксты, новы тып П. стаў абслугоўваць усе сферы тагачаснага эканам. і культ. жыцця. Ідэаграфічныя сістэмы, мала звязаныя з фанетыкай мовы, былі зручныя для стараж. дзяржаў, неаднародных па этнічным складзе. Складовае П. пачало фарміравацца ў 2-м тыс. да н.э., ім карыстаюцца некат. народы ў наш час. У параўнанні з ідэаграфічным мае меней знакаў, бо розных складоў у мовах менш, чым слоў, дакладней адлюстроўваецца фанет. і грамат. структура мовы, хоць засталіся цяжкасці, звязаныя з грувасткасцю і немагчымасцю перадачы сумежных і канцавых гукаў у складах. Найб. зручнае П. літарна-гукавое, у якім пры дапамозе знакаў перадаецца гукавы склад мовы. Яго перавага над інш. тлумачыцца прастатой, меншай колькасцю знакаў і лёгкасцю перадачы граматычных форм слоў. Большасць народаў свету карыстаецца літарна-гукавымі сістэмамі. Выкарыстанне П. пашыралася з павелічэннем колькасці адукаваных людзей і ўдасканаленнем пісьмовых прылад. Важны этап у гісторыі П. — вынаходніцтва паперы і кнігадрукавання, што стварыла перадумовы для масавага пашырэння культ. дасягненняў сярод розных слаёў грамадства. Вывучэннем П. займаецца граматалогія, а таксама эпіграфіка і палеаграфія. Пра бел. сістэму П. гл. ў арт. Беларускі алфавіт, Графіка.

Літ.:

Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;

Гельб И.Е. Опыт изучения письма: (Основы грамматологии): Пер. с англ. М., 1982;

Дирингер Д. Алфавит: Пер. с англ. М., 1963.

А.​М.​Булыка.

т. 12, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ АЛФАВІ́Т,

сукупнасць графічных знакаў (літар), прынятых у пісьмовай беларускай мове і размешчаных у пэўным парадку. Склаўся на аснове кірыліцы. У ранні перыяд старабел. графіка мела ўсе літары кірыліцы. У працэсе развіцця літарны склад алфавіта перастаў адпавядаць гукавой сістэме: адпала патрэба ў дублетных літарах (о — ω, ф — ѳ, і — и — ү, з — ѕ, е — ѥ — ѣ, ꙗ — ѧ, у — ꙋ — ѫ, ѱ — пс, ѯ — кс), з’явілася неабходнасць у графічных сродках для зычнага j, афрыкаты «дж», гукаў «о» пасля мяккіх і «е» пасля цвёрдых зычных. Развіццё старабел. графікі было звязана з пошукам найб. зручных спосабаў перадачы на пісьме асаблівасцяў жывой мовы. На бел. глебе выйшлі з ужытку літары ѫ, ѥ, узніклі графемы «э» (канец 15 ст.) і «й» (канец 16 ст.), у дзелавым пісьменстве перасталі выкарыстоўвацца знакі і, ѵ, ѯ, ψ, ѕ, ф, у помніках інш. жанраў трапляліся радзей. Выдатным дасягненнем старабел. графікі было стварэнне Ф.​Скарынам друкарскага варыянта алфавіта, які стаў узорам для інш. усх.-слав. друкароў. Спрашчэнне і ўдасканаленне графічнай сістэмы абумоўлівалася агульным развіццём пісьменства, якое з ростам школ і асветы, пашырэннем грамадскіх функцый пісьмовай мовы паступова перастала быць манаполіяй царкоўнікаў і стала здабыткам больш шырокіх колаў тагачаснага грамадства. Аднак удасканаленне графікі адбывалася стыхійна, не было праведзена ніводнай рэформы, таму дублетныя літары былі абмежаваны ва ўжытку, але не адкінуты. У сувязі з заняпадам старабел. пісьменства ў 18 — пач. 20 ст. на Беларусі пашырылася лацінскае пісьмо (лацінка), якое дагэтуль служыла толькі для афармлення польск. і лац. тэкстаў. Лацінкаю былі надрукаваны творы В.​Дуніна-Марцінкевіча, Ф.​Багушэвіча і інш. пісьменнікаў. З узнікненнем легальнай бел. прэсы для перадачы гукавой сістэмы бел. мовы быў прыстасаваны рус. грамадзянскі шрыфт. Як адзіны графічны сродак пісьмовай формы бел. літ. мовы беларускі алфавіт канчаткова замацаваўся пасля 1917. Сучасны беларускі алфавіт складаецца з 32 літар: Аа, Бб, Вв, Гг, Дд (Дждж, Дздз), Ее, Ёё, Жж, Зз, Іі, Йй, Кк, Лл, Мм, Нн, Оо, Пп, Рр, Сс, Тт, Уу, Ўў, Фф, Хх, Цц, Чч, Шш, Ыы, Ьь, Ээ, Юю, Яя (пра кожную літару гл. асобны арт.). У ім няма дублетных літар, ёсць знакі для спалучэння гукаў jо («ё») і спецыфічна бел. гука ў («ў»), афрыкаты «дж» і «дз» перадаюцца дыграфамі. Усе літары выразна адрозніваюцца паміж сабой. Яны могуць выкарыстоўвацца ў друкаваным і рукапісным выглядзе, маюць вялікую і радковую форму. Ёсць спец. знак — апостраф.

А.​М.​Булыка.

т. 2, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)