ЮСЫ́,
кірыліцкія літары ѫ (юс вялікі), ѧ (юс малы), ѭ (юс вялікі ётаваны), ѩ (юс малы ётаваны), што абазначалі ў стараслав. мове насавыя гукі «ǫ» і «ę». У стараж.-рус. і старабел. мовах, дзе насавых гукаў не было, выкарыстоўваліся толькі ѫ і ѧ. Юс вялікі зрэдку абазначаў гук «у», што ўзнік з насавога «ǫ» («мѫжъ», «сѫдъ»), і быў выцеснены літарамі у, ꙋ у пачатку 16 ст. Юс малы ўжываўся для абазначэння гука «а» пасля мяккіх зычных («звѧти», «кнѧзь»), але часам замяняў літару ꙗ, што перадавала ётаваны «а» («боꙗзнь» — «боѧзнь», «ꙗсность» — «ѧсность»). Не меў лікавага значэння. У 16 ст., акрамя рукапіснай, набыў друкаваную форму. Выйшаў з ужытку ў сувязі з заняпадам стараж.-бел. пісьменнасці. У рус. графіцы ў 18 ст. на аснове скарапіснага ѧ узнікла Я.
А.М.Булыка.
т. 18, кн. 1, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)