ФІТА́,
назва кірыліцкай літары Ѳ. Узнікла на аснове грэка-візант. «Θ» («тэта»). У стараж.-рус. мове абазначала гукі «ф», «ф’» і ўжывалася ў словах грэч. паходжання («антиθона», «θевраль»). У старабел. графіцы ў сувязі з функцыянаваннем розных пісьмовых школ і выкарыстаннем розных тыпаў пісьма (устаў, паўустаў, скорапіс) ужывалася ў некалькіх варыянтах, якія памагаюць вызначыць час і месца напісання помнікаў. Па гукавым значэнні супала з літарай «ф» («ферт») і часта змешвалася з ёю («анаθема» — «анафема», «θилосоθъ» — «философъ»), У 16 ст., акрамя рукапіснай, набыла друкаваную форму. У дзелавой пісьменнасці выцесніла літару «ф». Выйшла з ужытку ў 18 ст. ў сувязі з заняпадам стараж.-бел. пісьменнасці. У рус. графіцы ўжывалася да 1918. У сучасных усх.-слав. і паўд.-слав. мовах зычныя гукі «ф», «ф’» абазначаюцца літарай «ф».
А.М.Булыка.
т. 16, с. 416
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)