Я,
трыццаць другая і апошняя літара бел. алфавіта. Запазычана з рус. графікі ў 19 ст. У старабел. мове гук «а» пасля мяккіх зычных і ётаваны «а» абазначаліся літарамі ѧ (юс малы) пасля мяккіх зычных («зѧмлѧ», «кнѧзь») і ꙗ («а» ётаванае) пасля галосных і ў пачатку слова («боꙗринъ», «ꙗзыкъ»), У 16 ст. гэтыя літары, акрамя рукапіснай, набылі друкаваную форму. У рус. графіцы 18 ст. літара ꙗ выйшла з ужытку, а на аснове скарапіснай ѧ узнікла «я», уключаная потым у грамадз. азбуку. У сучаснай бел. мове абазначае нелабіялізаваны галосны гук «а» сярэдняга раду ніжняга пад’ёму і мяккасць папярэдняга зычнага («мята» — «м’ата»), а ў пачатку слова, пасля галосных, «ў», «ь» і апострафа — спалучэнне гукаў «йа» («яблыня» — «йаблын’а», «маяк» — «майак», «Гаўя» — «Гаўйа», «трэльяж» — «трэл’йаш», «бур’ян» — «бурйан»), Бывае вялікая і малая, мае рукапісную і друкаваную форму.
А.М.Булыка.
т. 18, кн. 1, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)