КЛАРНЕ́Т [франц. clarinette ад лац. clarus ясны (гук)],
драўляны духавы язычковы муз. інструмент. Складаецца з дзюбападобнага муштука з прымацаваным да яго трысняговым ці бамбукавым язычком, кароткай пашыранай часткі, верхняга і ніжняга кален з пальцавымі адтулінамі (7) і клапанамі (каля 20) і раструба. Сярод рэгістравых разнавіднасцей найб. пашыраны К. малы (пікала), сапранавыя, альт (басетгорн), бас-кларнет.
Прафес. К. створаны ў Германіі каля 1700 на аснове франц.нар. інструмента шалюмо (тыпу бел.жалейкі). Выкарыстоўваецца як сольны, ансамблевы і аркестравы інструмент.
На Беларусі паявіўся спачатку ў прафес. практыцы (Нясвіж, Гродна, Шклоў і інш.), з 2-й пал. 19 ст. таксама і ў народнай. У нар.інстр. ансамблях К. актыўна замяняе жалейку ў спалучэнні са скрыпкай і цымбаламі або з гармонікам, скрыпкай і барабанам. Найб. характэрны для Палесся і цэнтр. раёнаў Беларусі. Творы розных жанраў для К. і камерных ансамбляў з К. у складзе стварылі бел. кампазітары Л.Абеліёвіч, М.Аладаў, Г.Вагнер, В.Войцік, Г.Гарэлава, Я.Глебаў, Я.Дзягцярык, Дз.Камінскі, П.Падкавыраў, Р.Сурус, Л.Шлег і інш. Класы ігры на К. існуюць у муз.навуч. установах рознага ўзроўню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КО́ЛОКОЛ»,
першая расійская рэв. газета. Выдавалася ў 1857—67 у Лондане і Жэневе (з 1865) А.І.Герцэнам і М.П.Агаровым на рус. і франц. мовах. Мела дадаткі «Под суд!» (1859—62) і «Общее вече» (1862—64). Выйшла 245 нумароў тыражом 2500 экз. Распаўсюджвалася нелегальна, мела карэспандэнтаў у Расіі, у т. л. на Беларусі.
Асвятляла сац.-паліт. становішча народаў, што ўваходзілі ў склад Рас. імперыі. Выступала супраць самадзяржаўя, прыгонніцтва, выкрывала злачынствы царскай бюракратыі, духавенства. Сярод публікацый 1859—64 артыкулы, нататкі, інфарм. паведамленні (усяго 49) пра Беларусь, бяспраўнае становішча бел. сялянства, дэспатызм памешчыкаў, бюракратызм у арміі. Выступала ў падтрымку паўстання 1863—64, асуджала паліцэйскія рэпрэсіі, крытыкавала дзейнасць віленскага віцэ-губернатара М.М.Мураўёва, прапагандавала рэв.-дэмакр. шлях вырашэння нац. пытання, адстойвала права бел. народа на самаст. вырашэнне свайго гіст. лёсу. Змясціла серыю дарожных нататкаў невядомага аўтара «Ад Віцебска да Коўны» (1862, № 128—130) з апісаннямі Віцебска, Оршы, Магілёва, Барысава, Мінска, а таксама звесткі пра сял. хваляванні на тэр. Беларусі.
Публ.:
«Колокол». Вып. 1—11 (факс. изд.). М., 1960—64.
Літ.:
Эйдельман Н.Я. Герценовский «Колокол». М., 1963;
Кісялёў Г. Па слядах аднаго пісьма М.П.Агарова і А.І.Герцэна // З думай пра Беларусь. Мн., 1966;
Яго ж. Героі і музы. Мн., 1982;
Цікоцкі М.Я. З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст.Мн., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУ́ГЕР (Янкель Мордухавіч) (Якаў Маркавіч; 14.5.1869, Мінск — 19.3.1940),
бел. жывапісец і педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1939). Вучыўся ў Кіеўскай школе малявання М.І.Мурашкі (1882—86), у Варшаве ў Л.Горавіца (1887), у акадэміі Жуліяна ў Парыжы (1888—95), у Вышэйшым маст. вучылішчы пры АМ у Пецярбургу ў У.Макоўскага (1897—1900). З 1900 у Мінску. У 1904 арганізаваў «Курсы малявання і жывапісу», у 1906 — прыватную школу малявання (дзейнічала да 1914). З 1914 выкладаў малюнак у Казані, з 1921 — на рабфаку пры БДУ. У 1921—23 збіраў матэрыялы ў краязнаўчых экспедыцыях Бел.дзярж. музея, удзельнічаў у афармленні Музея рэвалюцыі БССР. Працаваў пераважна ў быт. і партрэтных жанрах. У творах быт. жанру адлюстроўваў гіст. і сучасныя яму падзеі, сцэны з яўр. жыцця і побыту: «На суд прафесара», «Пагром», «Пісец Торы», «Пісьманосец», «Духоўны суд», «Хедэр» (усе 1900—10-я г.), «Дзіцячая калонія» (1930), «Прызыўная камісія» (1932), «Кавальскі цэх» (1937), «Гульня ў гарадкі» (1930-я г.). Партрэты вызначаюцца дакладнасцю псіхал. характарыстыкі і глыбінёй вобразаў: «Аўтапартрэт у малінавым берэце» (1889), партрэт брата (1896), партрэты скрыпача Жухавіцкага (1897), Я.Коласа і Я.Купалы (1923), М.Горкага, З.Бядулі (1920—30-я г.), аўтапартрэт (1931).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНГФЕ́ЛА ((Longfellow) Генры Уодсуарт) (27.2.1807, г. Портленд, штат Мэн, ЗША — 24.3.1882),
амерыканскі паэт і празаік. Замежны чл. Пецярбургскай АН (з 1872). Скончыў Боўдайнскі каледж (1825), вышэйшую адукацыю атрымаў у Еўропе (1826—29). У 1836—54 праф. літаратуры Гарвардскага ун-та. Друкаваўся з 1820. Аўтар рамант.паэт. зб-каў «Галасы ночы» (1839), «Вершы пра рабства» (1842), «Пералётныя птушкі» (1858), паэм «Эванджэліна» (1847), «Сватанне Майлза Стэндыша» (1858), раманаў «Гіперыён» (1839), «Кавана» (1849), кн. нарысаў «За акіянам» (1835) і інш.Сусв. вядомасць прынесла паэма «Спеў аб Гаяваце» (1855), напісаная на аснове індзейскіх паданняў на ўзор карэла-фін. эпасу «Калевала». Паэма апявае прыгажосць і мудрасць чалавека, які жыве адным жыццём з прыродай. Пераклаў «Боскую камедыю» Дантэ, склаў і пераклаў зб. «Паэты і паэзія Еўропы» (1846), анталогію «Вершы пра мясцовасці» (т. 1—31, 1876—79). На бел. мову «Спеў аб Гаяваце» пераклаў А.Куляшоў, асобныя творы Ю.Гаўрук, А.Мардвілка.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Лангфэла Г. Спеў аб Гаяваце: Паэма;
Уітмен У. Лісце травы: Вершы. Мн., 1994;
Рус.пер. — Избранное. М., 1958.
Літ.:
Небышынец В. «Вам, хто любіць слухаць казкі, галасы легенд далёкіх...» // Полымя. 1970. № 12;
Ронгонен Л.И. Генри У. Лонгфелло и его поэма «Песнь о Гайавате». М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛІТЭРАТУ́РА ЛЮДО́ВА»
(«Literatura Ludowa», «Народная літаратура»),
навукова-літаратурны ілюстраваны часопіс; орган Польскага этнагр.т-ва. Выходзіць на польск. мове 1 раз у 2 месяцы (у 1957—68 у Варшаве, з 1972 у Вроцлаве). Змяшчае навук. даследаванні па пытаннях фалькларыстыкі, этналогіі, культуры. Публікуе справаздачы навук. сходаў т-ва, міжнар. кангрэсаў славістаў, даследчыкаў антрапалагічных і этнагр. навук, вуснай нар. творчасці розных народаў, міжнар. фестываляў фальклору, працы замежных вучоных і інш. Беларусі і яе сумежжу прысвечаны працы М.Гайдука «Беларускія загадкі» (1960, № 2/3), Р.Вайцяхоўскага «Песні беларускага народа ў зборы Федароўскага і польская народная песня», М.Канапацкага «Элементы фальклору татар на польска-беларуска-літоўскім сумежжы» (абедзве 1963, №1), А.Абрэмбскай-Яблонскай «Рэдакцыйная праца над рукапісамі Міхала Федароўскага» (1964, № 4/6), І.Гутарава «Беларуская фалькларыстыка (1945—1965)» (1966, № 1), Я.Саламевіча «Беларуская фалькларыстыка XIX і XX ст.» (1967, № 1/3), М.Шаховіча «Народная загадка ва ўмовах польска-беларускага культурнага сумежжа» (1991, № 1/6), З.Вуйціка «Філамацкі пераклад Карана для навагрудскіх татар» (1995, № 3) і інш. Друкуе рэцэнзіі на працы бел. і польска-бел даследчыкаў А.Аксамітава, В.Бандарчыка, М.Чурак, Я.Чачота, М.Янкоўскага і інш. Артыкулы забяспечаны рэзюме на англ. мове. Крыніцы падаюцца на мове арыгінала. Выйшаў 42 том (1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБІ́МАЎ (Юрый Міхайлавіч) (н. 18.8. 1938, г. Пашахонне-Валадарск Яраслаўскай вобл., Расія),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Маскоўскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча (1967). У 1969—77 выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Працуе ў розных тэхніках маст. апрацоўкі металу (коўка, ліццё, чаканка, эмаль) і ювелірным мастацтве. Творы вызначаюцца арыгінальнасцю маст. вырашэння, пластычнасцю і выразнасцю форм. Аўтар манум.-дэкар. работ у пансіянаце на Заслаўскім вадасх. пад Мінскам (1969—80), рэстаране «Журавінка» (1969), гасцініцы «Турыст» (1973), Доме літаратара (1976; усе ў Мінску), гасцініцы «Магілёў» (1972), Доме паляўнічага ў Бярэзінскім запаведніку (1978), флюгера і гадзінніка на будынку інж. корпуса Мінскага метрапалітэна, кампазіцыі «Спорт і чалавек» на фасадзе Палаца спорту Мінскага вытв. аб’яднання «Гарызонт» (усе 1984), гадзінніка на цэнтр. плошчы ў Светлагорску, шыльды і двух гербаў для БДУ (усе 1998), гербаў для залы пасяджэнняў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь (1996, 1998) і для залы прыёмаў рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1998). Аформіў санаторыі «Іслач» (Мінскі р-н, 1986) і «Беларусь» (Крым, 1987), фае Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (1997) і інш. Як ювелір выканаў абклады сувенірных выданняў Я.Коласа, Я.Купалы, шэраг упрыгожанняў. Іл.гл. таксама да арт.Коўка мастацкая.
Літ.:
Фатыхава Г. Ад знакаў агню, ад блакіту азёраў... // Беларусь. 1999. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКА́РАВА (Галіна Кліменцьеўна) (27.12.1919, г.п. Старобін Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 28.9.1993),
бел. актрыса. Нар.арт. Беларусі (1967). Нар.арг.СССР (1980). Скончыла студыю Бел.т-ра імя Я.Купалы (1938), у якім і працавала. Яркая нац. актрыса. Яе мастацтва было адметнае сакавітасцю сцэнічных фарбаў, праўдзівасцю, багатай моўнай характарыстыкай. Стварыла каларытныя, яркія індывідуальныя нар. характары. Талент М. як глыбока самабытнай актрысы найб. выявіўся ў нац. рэпертуары, найперш у п’есах А.Макаёнка (многія ролі напісаны спецыяльна для М.): Марыя Кірылаўна («Выбачайце, калі ласка!»), Лушка («Лявоніха на арбіце»), Паліна («Трыбунал», сярэбраны медаль імя А.Папова 1973; выступала ў гэтай ролі ў спектаклі Маскоўскага т-ра на Малой Броннай), Старая («Святая прастата»), Аксана Смятанкіна («Таблетку пад язык»); а таксама Агата («Паўлінка» Я.Купалы), Матруна («На крутым павароце» К.Губарэвіча), Дзятлічыха («Людзі на балоце» паводле І.Мележа), Ганна, Маці («Вечар», «Парог» А.Дударава). З інш. роляў: Кабаніха («Навальніца» А.Астроўскага), Квашня («На дне» М.Горкага), Лізавета («У мяцеліцу» Л.Лявонава), Гаспадыня зімоўя («Таня» А.Арбузава), Старая ўдава з Фларэнцыі («Канец — справе вянец» У.Шэкспіра). Здымалася ў кіна- і тэлефільмах: баба Шура («Удовы»), Ганна Іванаўна («Развітанне славянкі»), Драздова («Фруза»), мачаха Ганны («Завеі, снежань») і інш. Пра М. зняты дакумент. фільм «Каралеў я не іграла» (1983).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНА́ЕЎ (Віктар Сяргеевіч) (н. 7.8.1958, Мінск),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1980). Працуе ў Нац.акад. т-ры імя Я.Купалы. Выканаўца лірычных, драм., трагікамедыйных роляў. Мастацтва М. адметнае шчырасцю, арганічнасцю, вытанчанай пластыкай, вострай гратэскнай формай у спалучэнні з глыбокім спасціжэннем псіхалогіі сцэн. характару, імправізацыйнасцю. Найб. значныя ролі: Адуванчык («Радавыя» А.Дударава, Дзярж. прэмія СССР 1985), Мікіта Зносак («Тутэйшыя» Я.Купалы, Дзярж. прэмія Беларусі 1992), Норман («Касцюмер» Р.Харвуда), Гаральд («Гаральд і Мод» К.Хігінса і Ж.-К.Кар’ера), Іван («Арт» Я.Рэзы ў Малым т-ры). З інш. роляў: Мікіта («Ажаніцца — не журыцца» паводле Далецкіх і М.Чарота), Ян Губач («Ідылія» В.Дуніна-Марцінкевіча), Арыэль («Бура» У.Шэкспіра), Валерыо («Валенсіянскія вар’яты» Лопэ дэ Вэгі), Валер, Пурсаньяк («Тарцюф», «Нежанаты мнагажэнец, або Залёты лана дэ Пурсаньяка» Мальера), Жадаў («Даходнае месца» А.Астроўскага), Фядоцік («Тры сястры» А.Чэхава), Юрка («Характары» паводле В.Шукшына), Генрых («Дракон» Я.Шварца), Фёдар («Памінальная малітва» Р.Горына паводле Шолам-Алейхема), Апаліён («Ромул Вялікі» Ф.Дзюрэнмата), Ён («Кантрабас» П.Зюскінда ў Мінскім т-ры пад кіраўніцтвам Р.Таліпава). Здымаецца ў кіно і на тэлебачанні: «Людзі на балоце», «Давай пажэнімся», «Чужая бацькаўшчына», «Ідзі і глядзі» і інш. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРУА́ (Maurois) Андрэ [сапр.Эрзог
(Herzog) Эміль; 26.7.1885, г. Эльбёф, Францыя —9.10.1967], французскі пісьменнік. Чл.Франц. акадэміі (з 1938). Скончыў Руанскі ліцэй. Першыя раманы «Маўклівы палкоўнік Брамбл» (1918),
«Гаваркі доктар О’Грэдзі» (1922). Аўтар псіхал. раманаў «Бернар Кенэ» (1926), «Зменлівасць кахання» (1928), «Зямля запаветная» (1945), зб. навел «Лісты да незнаёмкі» (1953) і інш., эсэ, гіст. і літ.-знаўчых прац, кн. «Мемуары» (апубл. 1970). Майстар жанру т.зв. раманізаванай біяграфіі («Арыэль, або Жыццё Шэлі», 1923; «Байран», 1930; «Лелія, або Жыццё Жорж Санд», 1952; «Алімпіо, або Жыццё Віктора Гюго», 1954; «Тры Дзюма», 1957; «Праметэй, або Жыццё Бальзака», 1965, і інш.). У жыццеапісаннях вял. людзей асн. лічыў складанасць і супярэчлівасць асобы, цікавасць да яе ўнутр. свету, смелы пошук праўды. Яго творчасць і тэарэт. погляды спрыялі пераадоленню ўсталяванага схематычнага падыходу да адлюстравання героя і метадаў стварэння яго вобраза. Зрабіў вял. ўклад у развіццё біягр. жанру 20 ст., садзейнічаў нараджэнню «новай біяграфіі» ў канцы 1920-х г. На бел. мову асобныя навелы М. пераклалі Ю.Гаўрук, Л.Казыра, Г.Скрыган.
Тв.:
Бел.пер. — Падарожжа ў нябыт і яшчэ 24 навелы. Мн., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСУМЯ́Н (Бэла Амікаўна) (н. 15.9.1937, г. Паўлаград Днепрапятроўскай вобл., Украіна),
бел. актрыса. Нар.арт. Беларусі (1995). Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1961). Працуе ў Нац.акад.драм. т-ры імя М.Горкага. Выканаўца драм. і лірыка-драм. роляў. Творчую манеру М. вылучаюць эмацыянальнасць, схільнасць да рамант. афарбоўкі і псіхал. паглыбленасці вобразаў. Сярод лепшых роляў: Вера, Таццяна («Пад адным небам», «Толькі адно жыццё» А.Маўзона), Вольга («Аб’ява ў вячэрняй газеце» А.Паповай), Вара («Узнятая цаліна» паводле М.Шолахава), Мадлен Бежар («Мальер» М.Булгакава), Людміла («Дзеці Ванюшына» С.Найдзёнава), Зоя («Фізікі-лірыкі» Я.Волчака), Ніна, Наташа («Чалавек з боку», «Сам-насам з усімі» А.Гельмана), Рыта Асяніна («А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.Васільева), Марыя («Марыя» А.Салынскага), Люся («Апошні тэрмін» паводле В.Распуціна), Анвар («Узыходжанне на Фудзіяму» Ч.Айтматава і К.Мухамеджанава), Аліса («Іграем Стрындберга» Ф.Дзюрэнмата), Ніса («Дурнічка» Лопэ дэ Вэгі), Гітэль Моска («Двое на арэлях» У.Гібсана), Гелена («Варшаўская мелодыя» Л.Зорына), Маша («Тры сястры» А.Чэхава), Джэні («Усё ў садзе» Э.Олбі), Мэры Тайран («Доўгае падарожжа ў ноч» Ю.О’Ніла), Этэль («На Залатым возеры» Э.Томпсана), Ніна («Букееў і кампанія» М.Горкага), Старая актрыса на ролю жонкі Дастаеўскага («Рулетка» Э.Радзінскага) і інш.