капіравальны працэс, заснаваны на метадах і сродках фатаграфіі. Бывае без змены і са зменай маштабу ўзноўленага відарыса.
Праводзіцца па звычайнай фатагр. тэхналогіі (для атрымання высакаякасных фотакопій з тонавых і каляровых арыгіналаў і вырабу афсетных друкарскіх форм), а таксама са спрошчаным тэхнал. цыклам (для атрымання фотакопій тэкстаў, табліц, чарцяжоў і інш. з 1- і 2-баковых непразрыстых арыгіналаў) — тэхн. Ф. Для Ф. выкарыстоўваюць фатаграфічныя і фотакапіравальныя апараты, капіравальныя станкі і інш. (гл.Капіравальна-размнажальная тэхніка). Разнавіднасць Ф. — мікрафільмаванне. Замяняецца больш дасканалымі спосабамі святлокапіравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУ́КУС (Fucus),
род бурых водарасцей. Каля 15 відаў. Пашыраны ў морах Паўн. паўшар’я. Утвараюць зараснікі ў літаралі.
Слаявіна кусцістая, шматгадовая, даўж. 2—100 (да 200) см, прымацоўваецца да субстрату канічнай падэшвай. Стволік невял., акруглы. Галіны плоскія, скурыстыя, з рабром і паветранымі пузыркамі (уздуццямі) ці без іх, па краі гладкія, гафрыраваныя або зубчастыя. Органы размнажэння на канцах галін, у паглыбленнях бародаўчатых уздуццяў. Выкарыстоўваецца для вырабу альгінатаў і кармавой мукі. Тэхн. і кармавыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЕ́ЙФЕЦ Міхаіл Львовіч (н. 4.4.1962, г. Полацк Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне тэхналогіі машынабудавання. Д-ртэхн.н. (1998), праф. (2000). Скончыў Наваполацкі політэхн.ін-т (1984). З 1989 у Полацкім ун-це. Навук. працы па матэм. мадэліраванні тэхнал. працэсаў, сінергетыцы. Распрацаваў метады абмежавання магутнасці і колькасці тэхнал. уздзеянняў, кіравання адваротнымі сувязямі паміж параметрамі апрацоўкі. Прапанаваў спосабы стварэння вырабаў без формаўтваральнай аснасткі.
Тв.:
Математическое моделирование технологических процессов. Новополоцк, 1999: Синергетические аспекты физико-химических методов обработки. Мн., 2000 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІТО́Н (грэч. chitōn),
1) мужчынскае і жан. адзенне стараж. грэкаў у выглядзе кашулі з лёну ці шэрсці, часцей без рукавоў. Па баках часам сшываўся, на плячах сашчэпліваўся засцежкай ці завязкамі, па таліі перацягваўся поясам. Доўгі (да ступняў) Х. быў адзеннем старых і знатных людзей, жрацоў; маладыя людзі, рамеснікі і салдаты насілі кароткі Х. (да каленяў). Жаночы Х. быў доўгі, са шматлікімі зборкамі і прыгожай аздобай (каляровая аблямоўка, вышыўка і інш.).
2) Касцюм танцоўшчыцы балета з лёгкай тканіны з глыбокімі разрэзамі па баках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭРЭХТЭ́ЁН.
Эрэхфеён, помнік стараж.-грэч. архітэктуры на Афінскім Акропалі; храм Афіны і Пасейдона-Эрэхтэя. Пабудаваны ў 421—406 да н.э. Мае асіметрычную кампазіцыю, вырашаную ў розных узроўнях; уключае шмат памяшканняў, 2 порцікі іанічнага ордэра, знакаміты порцік карыятыд. Дзякуючы свабоднай маляўнічай кампазіцыі, лёгкасці і вытанчанасці форм, тонкасці арнаментальнага дэкору, невялікі па памерах Э. (пл.без порцікаў 11,6 × 23,5 м) адыгрывае важную ролю ў ансамблі Акропаля, кантрастуе з больш строгім і велічным Парфенонам. Уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮРА́ТЭ,
асенне-зімовы сорт груш. Выведзены ў 1947 літ. памолагамі. Сорт перспектыўны для вырошчвання ў цэнтр. і паўн.ч. Беларусі.
Дрэва моцнарослае, крона шырокапірамідальная. Пачынае пладаносіць на 6—7-ы год. Сорт самаплодны, сярэднезімаўстойлівы, устойлівы да бактэрыяльнага раку, у сярэдняй ступені пашкоджваецца паршой. Плады масай 120—135 г, шырокагрушападобныя, злёгку гузаватыя, духмяныя. Скурка сярэдняй таўшчыні, зеленавата-жоўтая, без покрыўнай афарбоўкі. Мякаць белая, дробназярністая, сакавітая, салодкая, добрага смаку. Спажывецкая спеласць настае ў 2-й пал. верасня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́КАСНАЯ ТЭО́РЫЯдыферэнцыяльных ураўненняў,
матэматычная дысцыпліна, якая вывучае ўласцівасці рашэнняў звычайных дыферэнцыяльных ураўненняў без знаходжання саміх рашэнняў.
Асновы Я.т. былі закладзены ў канцы 19 ст. Ж.А.Пуанкарэ і А.М.Ляпуновым. Асн. метадамі Я.т. з’яўляюцца геам. метады (гл.Графічныя вылічэнні), з дапамогай якіх рашэнні сістэмы дыферэнцыяльных ураўненняў (ДУ) разглядаюцца як крывыя ў адпаведнай прасторы. Атрыманыя крывыя дазваляюць «якасна» вырашыць пытанні паводзін рашэнняў ДУ, у т. л. ў тых абласцях вызначэння гэтых ураўненняў, дзе надзвычай складана атрымаць іх агульнае рашэнне інш. метадамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1793,
асноўны закон Рэчы Паспалітай, прыняты без абмеркавання 23.11(5.12).1793 Гродзенскім сеймам 1793. Яе праект распрацаваны К.Рачынскім, Ф.Машчынскім, Л.Тышкевічам пад наглядам царскага пасла Я.Я.Сіверса. Паводле К. Рэч Паспалітая захоўвалася як унітарная дзяржава ў складзе правінцый Кароны і княства Літоўскага, падзялялася на ваяводствы, а тыя — на 3 паветы (землі). Захоўваліся кардынальныя правы, гарантаваныя сеймамі 1768, 1775 і Канстытуцыяй 1791. Аднаўлялася выбарнасць караля. Вышэйшым заканад. органам краіны быў сейм, які склікаўся раз у 4 гады на 8 тыдняў. Рашэнні ў сейме прымаліся большасцю галасоў, акрамя самых важных пытанняў заканадаўства, падаткаў, арміі, на якія каралю давалася права вета. Выканаўчая ўлада належала Пастаяннай радзе з 24 чал., у т. л. 11 ад княства. Рада мела 6 дэпартаментаў, рыхтавала заканад. праекты, наглядала за іх рэалізацыяй. склікала сеймы нават без згоды караля. Паўната ўлады ў паветах належала парадкавым камісіям. Членаў камісіі выбіралі на мясц. сейміках з аселай шляхты. Немаёмная шляхта пазбаўлялася выбарчых правоў. Мяшчане атрымалі права набываць землі і шляхецкую годнасць, але не мелі прадстаўніцтва ў сейме. У якасці ўступкі рэформам Чатырохгадовага сейма захаваны зямянскія суды з выбарнымі пасадамі на дзярж. утрыманні. Вышэйшай апеляцыйнай інстанцыяй для судоў быў Трыбунал, асобны для цывільных і духоўных спраў. Фактычна К. не выконвалася, бо страціла сілу ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай 1795, пасля чаго Рэч Паспалітая перастала існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБАТЫЗАВА́НЫ ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ КО́МПЛЕКС (РТК),
сукупнасць тэхнал. абсталявання, прамысловых робатаў і сродкаў іх аснашчэння, якая функцыянуе аўтаномна. Структура РТК залежыць ад прызначэння, выбару абсталявання і робатаў, характару вытв-сці. Паводле віду тэхнал. працэсу адрозніваюць РТК для мех. апрацоўкі вырабаў, халоднай штампоўкі, коўкі, ліцця, прасавання пластмас, тэрмічнай апрацоўкі, зваркі, зборкі, кантролю і г.д. РТК для работы ў складзе гібкіх вытв. сістэм (напр., гібкі вытворчы модуль, дапоўнены прамысл. робатам) павінны аўтаматызавана пераналаджвацца.
Асн. крытэрый адбору тэхнал. абсталявання пры арганізацыі РТК — ступень яго аўтаматызацыі: яна павінна быць дастатковай, каб без значных канструкцыйных пераробак забяспечыць работу ў аўтам. рэжыме, а прамысл. робат — у макс. ступені змяншаць удзел чалавека ў выкананні аперацый. У сістэмах кіравання звычайна выкарыстоўваюць многапрацэсарныя прыстасаванні лічбавага праграмнага кіравання, якія даюць магчымасць лёгка і хутка прыстасоўваць РТК да змены ўмоў работы. Работа РТК характарызуецца аб’ёмам партый прадукцыі, якія могуць выпускацца без пераналадкі комплексу, і наменклатурай (пералікам) выпускаемых відаў прадукцыі.
Літ.:
Роботизированные производственные комплексы. М., 1987;
Белянин П.Н., Идзон М.Ф., Жогин А.С. Гибкие производственные системы. М., 1988;
Черпаков Б.И., Великович В.Б. Робототехнические комплексы. М., 1989;
Робототехника и гибкие автоматизированные производства. Кн. 1—9. М., 1986.
А.В.Самойленка.
Схемы рабатызаваных тэхналагічных комплексаў з прамысловым робатам: а — убудаваным у станок (1, 3 — сістэмы кіравання робата 4 і станка 2; 5 — тактавы стол); б — убудаваным у гібкі вытворчы модуль (1 — станок, 2 — робат, 3 — стэлаж з загатоўкамі і апрацаванымі дэталямі).